БОГ і КУРАПАТЫ. Эсэ

БОГ і КУРАПАТЫ #курапаты
Хто такі Бог і як з гэтым жыць мне. МНЕ, не тым, каму ў сталым узросце ўпала на галаву біблія ці білі тоўстай кніжкай па патыліцы з дзяцінства. Я люблю дыскутаваць пра Бога з роўнымі, вышэйшыя апосталы хай узносяцца міма.
Ітак, база. Бог можа ўсё. У тым ліку мае і апрацоўвае ўсю наяўную ў свеце інфармацыю. Бог нікому не падкантрольны. Бог – Творца, і творыць на ўласны узор.
Свет уладкаваны даволі цікава, свет разнастайны, але мы можам пераканацца, што ёсць пэўныя правілы. І выключэнні з гэтых правілаў. Бог стварыў выпадковасць і свабоду выбара, стабільнасць і рух. Бог не імкнуўся да дасканаласці, бо дасканаласць мае ў сабе. Дасканаласць не патрабуе развіцця.
Свет створаны раз і надоўга, ці займаецца Бог іншымі маштабнымі праектамі, нам невядома. Хто ён у нашым праекце? Цяпер?
Назіральнік, які збірае інфармацыю – дробна пры ягоных магчымасцях. Дзіця, якое гуляецца з кубікамі – будуе, руйнуе, будуе, руйнуе – не, ну дзецям гэта трэба, каб вырасці, а Бог ужо таго. Дасканалы. Бог – не штукар. Ён можа явіць цуд, але гэта не ягоная мэта. Бог не абаронца. Гэта не ягоная мэта. Бог не даследчык. Пры ягоным узроўні інфармаванасці сюрпрызаў не будзе. Хто ж ён?
Бог – настаўнік. Толькі настаўнік бачыць сэнс у тым, што нехта робіць памылкі, хібіць, выпраўляе, наступны раз хібіць, зноў выпраўляе, кідае, пачынае наноў, не дасягае, марнуе час і сілы, памірае, а за ім прыходзіць новы, і хібіць у тым самым месцы, а можа, у іншым, сто разоў не ставіць кропку ў канцы сказа, а можа, тры разы. Чытае ахУлія замест ахілІя з-за дурноты ці з-за блазенства. Жэніцца. Разводзіцца, нараджае, забівае, не можа нічога з гэтага зрабіць, не хоча ўсяго гэтага рабіць…
Настаўнік, які прымае нас у першы момант і выпускае ў іншы свет у апошні. Настаўнік, які не толькі ведае, што будзе, калі сунуць палец у патрон лямпы, але і ведае, каму з нас жыццёва неабходна даць дакрануцца, а каму можна здалёк паківаць пальцам. А каго забіць токам на вачах у астатніх, якім патрэбны менавіта такі, жорсткі, урок.
Але Бог не суне наш палец у патрон. І не пасылае нас намачыць рукі, каб лепей дзяўбанула. І не трымае рукі на рубільніку – ні на ОН, ні на ОФ. І ў патрэбны момант не ён – мы робім выбар. Бо Настаўнік ведае: нельга навучыць. Можна стварыць умовы, каб навучыўся. Навучыўся не саваць палец, адцягнуць ад небяспекі, не пакідаць уключанымі ў разетку няспраўныя прыборы, мяняць засцерагальнік на электралініі строга па графіку… І мы ніколі не зразумеем, чаму вось гэтаму – хоць языком у патрон лезь, нічога не будзе. А той праходзіў па калідоры, і яго дзвярыма забілі тыя, хто іскры спужаўся.
Мы вучымся, робячы выбар. Права ці лева. Сёння, заўтра ці ніколі. Навучаныя наступствамі папярэдніх выбараў, працягваем вучыцца паводле індывідуальнага плана і як сукупнасць.
Умоўны Пальчэўскі выбіраў той самы МАЗ, а ўмоўны кіроўца МАЗа – паміж “газам” і “тормазам”. Умоўны Будыст – паміж сумленнем і “як усе”, а можа, паміж малым страхам і вялікім, а можа – паміж вялікім і яшчэ большым. Умоўны Шорац выбіраў, мець выбар ці не мець. Увайсці ў гісторыю ці ўляпацца. Умоўны Дашкевіч выбірае паміж рызыкай адштурхнуць тых, хто не гатовы маліцца на ранішняй лінейцы, і рызыкай прызнацца, што Бог без просьбы і малітвы зробіць тое ж, што з просьбай і малітвай. А тыя, хто слухаюць гэтую малітву з хвігай у кішэні, выбіраюць паміж “болей да гэтых сяктантаў не сунуся” і “а Курапаты і расстраляныя тут не вінаватыя, што Дашкевіч – актыўны вернік”. І ўмоўны Карпаў выбіраў між “сказаць, што я цяпер круты, як яны” і “сказаць, што месца ля бочкі – не прывілей для крутых, каб прыйшлі слабыя – і мацнелі тут”.
Бог не бароніць Курапаты. Бог не злівае Курапаты. Бог бачыў, як тут стралялі людзей, і явіў свой цуд толькі адзінкам з іх. Бог проста паставіў нас з вамі перад чарговым класам. А заходзіць ці не, вучыцца ці не – наш свабодны выбар. Не навучымся тут і цяпер – магчыма, наступным нашым урокам будзе легчы ў зямлю з куляй у патыліцы ці быць раздушаным МАЗам, кіроўца якога абярэ ціснуць на “газ”, бо ні ў якім класе не навучыўся любіць людзей. І з часоў Садома і Гаморы гэта так. Бог даў нам чарговы шанец навучыцца – таму, што лічым вартым мы самі. А гумар ягоны ў тым, што мы не ведаем расклада ўрокаў. І апошні званок – заўсёды неспадзяванка.

Advertisements
This entry was posted in артыкулы, проза and tagged , , , , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s