ЗІМОВЫЯ СЦЕЖКІ. Эсэ

Ісці імі заўсёды марудна, няпэўна, хістка, цяглічны стэрэатып працуе вычварна, і моцк, чые інфарматары тупа пяляцца пад ногі, адпачывае ад гэтай маруднасці і аднастайнай неўладкаванасці ў філасофскіх развагах. Вось самотныя сляды на цаліку ўбаку – першапраходзец, за якім не пайшлі. Ён вінаваты ў чымсці? не. Але ягоны след забудзецца, ягоны маршрут згіне.

Вось сцежка-пятлянка, рыхлая каляінка якой вузкая, на два адбіткі, а па баках – ямкі нецярпліўцаў, якім карцела абагнаць, спалучаныя дугамі ад абцасаў гэтых паспешнікаў. Эгаісты, замест таго, каб уліцца ў агульны шэраг і да гладкасці ўкатаць пятлянку, яны абсыпаюць яе берагі, паганяць роўны покрыў, і тым, хто ірване следам за імі ў абгон маруднага каравана, нават не будзе лягчэй ад таго, што папярэднікі рызыкнулі на час пакінуць агульную каляіну. Снег за халявамі – адзіная ўзнагарода, дый тая чакае не ўсіх.
Добра ўкатаная дарожка шырынёй у паўтара чалавекі паступова рудзее ад пяску, што начапляўся на боты мінакоў. Адзіны вораг яе – адліга. Бо пад снегападам дарожку гэтую будуць раз за разам намацваць тутэйшыя жыхары, гарадскія інстынкты якіх аднаўляюць год за годам знаёмыя ходы насуперак снягам, бруду і газоннай траве. Абоч дарожкі нібыта лыжня з ямкамі ад абцасаў – след таго, хто заўсёды хоча ісці побач, зазіраючы ў вочы, уздымаючы ботамі йскрысты пылок. І глыбокія ямы ветлівасці – часта адна насупраць другой – калі два незнаёмцы напаўсаступілі дарогу адно адному, не збаўляючы ход, і рушылі далей, не змяніўшы ані кірунак, ані ход думак.
“Вуліца” – калідор між штучных сумётаў, накіданых знутры дворнікамі, звонку – трактарамі, Тонкі ўкатаны жаўтаваты снег дзе-нідзе блісне няроўным языком коўзанак. У брудных сумётах ля скрыжаванняў аблядзянелыя шчыліны, дзе калодзежам на адзін бот, дзе доўгім каньёнам на адзін ступак – людзі ступаюць у іх, ратуючыся ад бруду машын, шукаючы найзручнейшы шлях у бяспеку, але троп гэтых – дзве, многа – чатыры, і пад гукі машын пешаходы адзін за адным шалёна спяшаюцца ўціснуцца ў сумёт, а заднія ўжо таўкуцца за плячыма. І толькі паспрабуй прамінуць абавязковы маршрут – да сярэдзіны сцягна ўхлёпаешся ў бязлітасны саланчак, да самага дома не адтупаеш рудыя палосы, клянучы няўклюднасць сваю і непатрэбную рашучасць.
Выбар. Дзе пакінуць свой след – там, дзе ніхто не пабачыць яго, у агульнай масе слядоў, але наступнаму будзе ісці лягчэй? Там, дзе прайшоў адзін-адзіны – дурны, п’яны, неасцярожны, неабазнаны – і нават ён ніколі не даведаецца, што другім быў ты? Там, дзе ўсе – але ў свой спосаб, які дазволіць быць першым у каньёне ля запаветнага светлафора, але ўскладніць шлях тым, што побач? Выбар, які будзе мець значэнне, толькі пакуль падае з неба снег…

Алена Церашкова, 12.01.2016

Advertisements
This entry was posted in артыкулы, проза and tagged , , , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s