ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ Вялікага княства Маўляндыі

Чаму няма ў нашай мове літары Щ.


Даўным-даўно, у старыя часы, набіраў Вялікі князь Абэцэдар сабе войска. І паклікаў ён у Маўляндыю на службу літары з усіх канцоў свету. Клікаў усіх, ды прыйшлі не ўсе: кітайскія ды японскія знакі-іерогліфы не пайшлі, бо далёка ад родных мясцін. Лацінскія літары пабаяліся з мясцовымі перамяшацца ды рэпутацыю сваю шляхецкую сапсаваць, бо дужа ганарлівыя былі. Дык набраў князь дружыну з навакольных літар, кірыліцы. Літары гэтыя былі добрыя, сціплыя, суседнія князі іх хвалілі. Не прыжылася ў княскім войску толькі літара Щ, бо характар мела занадта мяккі, а такім у войску заўсёды цяжка. Стаяла яна ў шыхце за літарамі Ш ды Ч – моцнымі, зацвярдзелымі, у баях загартаванымі. Дык тыя напару кпілі з яе і ў кожным слове перадражнівалі на свой капыл: не Щедрый, а ШЧодры, не Щётка, а ШЧотка. Расплачацца ад крыўды літара Щ, а ззаду літара Ы пачынае дражніцца: «Ы-Ы-Ы, румза!» Так у адным з паходаў літара Щ і ўцякла. Задражнілі яе.

Адкуль у нашай мове апостраф.

Жылі-былі браты Ъ ды Ь. Малодшы, Ь, працавіты быў: і цвёрдыя літары змякчаў, і галосныя ад зычных разбараняў – хапала працы. А старэйшы, Ъ, абібокам быў. Крычэў, што цвёрдыя зычныя – яны і так цвёрдыя, яму побач з імі стаяць нецікава, а мяккіх – адзін толькі Й, з яго цвёрдага не зробіш. Толькі і было ў Ъ працы, што ўлезці паміж прыстаўкай на зычны ды коранем, што пачынаецца з Е, Ё, Ю ці Я – прасачыць, каб не склеіліся. А з цягам часу і гэтая справа Ъ абрыдла. Налаўчыўся ён: шапку сваю замест сябе прыладзіць – а сам на печы цэлы дзень палежвае. Жыў – не тужыў, ды толькі князь Абэцэдар, пабачыўшы яго на печы, спытаў, хто за прыстаўкамі сочыць. «Дык шапка мая там спраўляецца!» – стаў апраўдвацца Ъ. «Дык няхай шапка твая ў мяне ў дружыне застанецца, а ты ідзі прэч!» – загадаў князь. Так і застаўся ад Ъ толькі апостраф.

Чаму ў нашай мове літара І з лацінскага алфавіта.

Як набраў Вялікі князь Абэцэдар сабе дружыну, то прыйшла туды літара И разам з братам Й. Яны былі з мясцовых, працавітыя ды сціплыя. Ды няўдала склалася ў И служба: звіхнула ў паходзе нагу. Пакінулі И дома лячыцца, а дружына ў іншы паход пайшла. І вось прыбілася да княжай дружыны літара І, лацінскага паходжання. Князь і рады: такая літара спрытная! Незаўважная, тонкая, а яшчэ і кропачку мае, якой пры зручным выпадку кінуць можа ў ворага, як каменем! Баявая літара!
Вярнулася княскае войска дахаты, і літара І з імі. А там літара И сустракае, акрыяла, ад’елася, гатовая на службу вяртацца. І пачалася блытаніна! Князь кліча І, а з’яўляецца И. І наадварот. Імёны ў іх аднолькавыя! А ў войску блытаніна недапушчальная, бо тады загады камандзіра не выконваюцца як належыць. Вось і вырашыў князь абедзве літары звольніць. Каб парадак не парушаўся. Але тут літары папрасілі дазволіць ім барукацца. Маўляў, хто пераможа, таму і заставацца на службе. Счапіліся І ды И, тузаюць адна адну. Стала літара И перамагаць. Вядома, у баруканні хто цяжэйшы, той і дужэйшы. Як ні спадзявалася на свой спрыт І, але адчула: вось-вось заламае яе И, не раўнуючы як той мядзведзь бярозку. Схапіла тады І сваю кропачку – і як трэсне літару И проста ў лоб! Ажно звон пайшоў. Закрычэла літара И не сваім голасам: Ы-Ы-Ы! І пабегла прэч. А літара І ў дружыне засталася.
Спачатку іншыя літары коса на яе пазіралі, а потым даравалі. І толькі брат Й дасюль дараваць ёй не можа: стараецца побач не стаяць, а сам час ад часу, пакуль І спіць пасля варты, імкнецца на яе месца стаць: заЙграць, паЙсці.
А літара И залячыла лоб дый пайшла ў войска да суседняга князя. А каб ганьбу сваю хутчэй забыць, стала звацца Ы. (А ты ведаеш мову, дзе літара И абазначае гук Ы?)

Чаму Ў шапачку носіць.

У паходзе літары дружна жывуць, там сварыцца няма калі. А вось паміж паходамі рознае бывае. Аднаго разу пасварылася літара У з іншымі галоснымі. І так тыя на яе ўз’еліся, аж забіць гатовыя. Гоняць адусюль. Ніводная галосная не дазваляе пасля сябе стаць. Як службу несці ў такіх умовах? І вось неяк загадаў князь літары У разам з А, Э, О ды Ы ў дазор ісці. Літара У нават думаць пра тое баіцца: учатырох, думае, гэтыя вар’яткі мяне заклююць. Добра, што побач сустрэўся ёй Й. А той у душы галосных не любіў, бо за сястрыцу ягоную И не заступіліся. Даў Й літары У сваю шапку дый кажа: “Не прызнавайся, што ты і ёсць У, кажы, што ты – літара Ў!” А трэба сказаць, што ні ў воднай мове літары Ў ніколі не было. Але ж хто там разбярэ! Паверылі галосныя, што ў дазоры з імі зусім незнаёмая літара – Ў. Прынялі па-добраму, не крыўдзілі. А як вярнуліся з дазору, усім распавялі, які спрытны новы жаўнер, і характарам сціплы, не тое што У.
Празнаў пра тое валадар Абэцэдар. Вось дзіва! Новая літара – а ён і не чуў! Паклікаў новага жаўнера да сябе. Давялося літары У ва ўсім прызнавацца. Доўга рагатаў князь, а потым загадаў: лічыць Ў асобным дружыннікам. Так У стала на дзве пасады працаваць. Як пасля зычнага стане – яна галосны абазначае. А як пасля галоснага стаіць – хутчэй на сябе шапку надзявае і ператвараецца ў зычны Ў.

Алена Церашкова

Advertisements
This entry was posted in казкі, навучальныя матэрыялы, проза and tagged , , , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s