Алікаў бізнэс

Алікаў бізнэс.

 

–         Мама, я ў лес не пайду! – рашуча заявіў 14-гадовы Алік.- Ідзіце самі з Вандай!

Але рашучасць ягоная на Юзэфу Іванаўну не падзейнічала. Прыкрыкнуўшы на сярэдняга сына, яна сунула яму ў рукі два кашы, падхапіла свае кашы, узяла за руку 11-гадовую Вандачку і хутка пайшла доўгай негарэльскай вуліцай. Ванда азірнулася і паказала брату язык. Алік звыкла паказаў ёй кулак.

–         Бацька, скажыце ёй!- Алік казаў, але не спадзяваўся, што яго пачуюць. Яўген Мікалаевіч моўчкі поркаўся пад павеццю. З жонкай ён даўно не спрачаўся. Мажная, галасістая, спрытная і на язык, і на працу, яна ў сям’і запраўляла ўсім.

“Добра Віцьку”,- змрочна думаў Алік пра старэйшага брата.- “Яго ўжо ў лес не ганяюць.” Алік цягнуўся ўзбочынай, і тут з-за плота вытыркнулася галава Мішкі.

–         Алік, ты куды? Мы ж дамовіліся на рыбу…

–         У ягады, каб яны згарэлі…

–         Мо’ ўцячэш?

–         Ага… ўцячэш… Звягаў будзе на ўсё Негарэлае!- Алік плюнуў у дарожны пыл і, ямчэй падхапіўшы кашы, кінуўся даганяць маці, якая ўжо пагрозліва азіралася ад паварота.

–         – Мо’ заўтра… – спытаў наўздагон Мішка.

–         Мо’ заўтра,- махнуў рукой Алік і ў думках дадаў: “Калі маці зноў чорт у ягады не панясе…”

 

У лесе Алік страйкаваў – садзіўся на пень ці клаўся на траву і глядзеў у неба, уяўляючы, як нажыўляе ён вуду, са свістам закідае і замірае перад паплаўком – цярплівы, гатовы ў любую секунду ўступіць у зацятую барацьбу з плоткай, падлешчыкам або нават шчупаком!

–         Алік, ты сабраў хоць трохі? – спыталася Юзэфа Івнаўна. Сын моўчкі прысеў каля куста. Першую жменю высыпаў у кош, другую – паўнейшую – у рот. Смачныя. Пазбіраў яшчэ крыху – каб толькі прыкрыць дно ў кашы. І зноў прыткнуўся пад хвояй, задрамаў. Прахапіўся ад таго, што Ванда трасе за плячо.

–         – Алік! А-алік! Гукаеш цябе, гукаеш…

–         А ну, пайшла! – гаркнуў Алік, якому шкада было сна, бо акурат у гэтым сне прыйшло да яго рыбацкае шчасце – трохкілаграмовы лешч, бліскучы і тоўсты… Ванда заплакала ад неспадзявання і крыўды. Алік пачуўся вінаватым.

–         Ванда-а-а! Алі-і-ік! – ужо гукала здалёк маці. Алік падхапіўся на ногі.

–         Не раві ўжо. Давай кошык. А ты мой нясі…

На хвіліну яму стала сорамна: кошык сястры быў амаль поўны. Але хлопец тут жа абарваў сябе: таму што збіраць ягады – бабская праца. Вунь бацька – не зацягнеш яго ў ягады, маці ўжо і не спрабуе. І Віцька даўно не ходзіць. А Ванда любіць гэтую справу, збірае хутка, як маці. Адно што не так чыста.  Хаця з кожным годам лісточкаў усё менш.

Яны дагналі Юзэфу Іванаўну. Тая зірнула ў сынавы кашы і нічога не сказала. Аддала яму поўны, сабе ўзяла пусты і пайшла абцярэбліваць кусцікі чарніцаў. Ванда шчыравала побач.

Ад няма чаго рабіць Алік яшчэ крыху пашчыпаў ягад. Дабраў першы вандзін кошык, каб быў “з горкай”. Маці з сястрой за гэты час амаль набралі свае кашы.

–         Мама, хадземце ўжо. Абедаць трэба…

–         Добра ўжо, хадзем.

 

Алік цягнуў поўныя кашы. Маці пашкадавала яго, худзенькага, недарослага. Што зробіш, пасляваеннае дзіця. Вунь Вандачка – карцінка, пухленькія шчочкі, косы багатыя… А гэты нязграбны, худы, лапавухі, твар смуглявы, каротка стрыжаныя валасы тырчаць ва на ўсе бакі, што той дрот. Ціхі, спакойны, але ўпарты… Юзэфа Іванаўна ўздыхнула.

–         Алічак, на станцыю з Вандай пойдзеш?

–         Пайду, мама, толькі пад’есці дайце,- ажывіўся Алік. На станцыю! Гэта ж іншая справа! Гэта ж не па лесе цягацца – нахіляцца! На станцыі ён – галоўны здабытчык. Там ужо ён сябе пакажа!

 

Алік глытаў бульбу са шкваркамі, штосекунды круціў галавой, каб убачыць стрэлкі ходзікаў, прыслухоўваўся.

–         Малая, еш хутчэй, ужо таварняк на Мінск прайшоў, праз паўгадзіны дызель,- ён выхапіў ў сястры з-пад відэльца апошнюю скварку і падняўся з-за стала.

–         Дзякуй, мама, я пабег.

–         Бяжы, Алічак, бяжы,- маці падала яму кош, завязаны свежай анучай. – Шклянку ў кішэню сунь.

–         Па пятнаццаць?- на ўсялякі выпадак перапытаў ён.

–         Па пятнаццаць. Як зусім не будуць браць, то хоць па дванаццаць. Вандачка, ластаўка, бяжыце хуценька.

–         Мама, хадземце з намі!- папрасіла Ванда.

–         Ой, не, дачушка, вы ўжо самі. Я пайду грады палоць…

 

Алік быў рады, што маці не пайшла з імі. Так яму прасцей будзе. Дый галоўны цяперака ён! Прыкрыкнуўшы на Ванду, каб хутчэй ішла, хлопец напружана прыслухаўся. Рэйкі пакуль што маўчалі.

На станцыі яны ўбачылі Зіну – маладую суседку. Тая скасавурылася на іх. Паправіла анучу на сваім кашы.

Алік падышоў першы.

–         Па чым прадаваць будзеце, цёця Зіна?

–         Па васемнаццаць! Ягады буйныя! А ты?

–         Па пятнаццаць мама казала.

–         А ты па дваццаць прадавай! Ягада ж добрая! – падказала Зіна. Але Алік падумаў, што гэта яна наўмысна хоча прадаць хутчэй за яго, вось і падбухторвае падняць кошт. Таму, падышоўшы да сястры, зашаптаў на вуха, каб трымалася пятнаццаці капеек: так і з рэштай прасцей.

–         На вось табе дваццаць капеек пятакамі на рэшту. Адразу не давай, можа, хто без рэшты возьме. Потым вернеш.

Ванда ўсхвалявана кіўнула, заціснула пятакі ў спатнелую далоньку. Алік прыслухаўся.

–         Ідзе, – упэўнена сказаў ён. І сапраўды, на даляглядзе расла чырвоная кропка. Вось ужо зазвінелі-застракаталі бліскучыя рэйкі. Некалькі жанчын з кошыкамі расхінулі свае ягады, набралі па першай шклянцы – цягнік нядоўга стаіць. Алік перацягнуў Вандзін кошык да першых вагонаў, бліжэй да станцыі.

–         – Стой тутака.

А сам пабег да хваста цягніка.

Пакуль Ванда і цёткі чакалі на пероне тых, хто вырашыў размяць ногі, Алік меў іншы план. Убачыўшы прыгожую правадніцу, ён выхапіў з-за пазухі аркуш са школьнага сшытка, лоўка згарнуў кулёк, на вачох дзяўчыны насыпаў туды дзве паўнюткія шклянкі чарніцаў.

–         Цёця, гэта вам! Частуйцеся!

–         Пяць хвілін стаім, варушыся,- правадніца крыху адсунулася, Алік куляй узляцеў па прыступках.

–         Каму ягады, чарніцы, свежыя, сёння збіралі!- звонка закрычаў ён.

–         Малы, ідзі сюды,- адразу пачуўся голас кабеты, што ехала з дзецьмі. – Па чым прадаеш?

–         Па дваццаць! – нахабна бліснуў зубамі Алік.

–         Задорага! – засумнявалася пасажырка.

–          На пероне па пятнаццаць,- паслужліва падказаў Алік.

–         Ну, давай дзве шклянкі, – уздыхнула маладзіца, падстаўляючы кулёк з газеты.

–         І мне шклянку насып,- працягнуў шапку вусаты дзядзька. – На табе палціннік.

–         Рэшты не маю! – папярэдзіў Алік, лоўка набіраючы шклянку з верхам.

–         А, чорта з ёй,- адмахнуўся вусач.

–         Хлопец, давай сюды! Насып на рубель! – крыкнула студэнтка ў хустцы. – На ўсю кампанію!

–         Магу і на два насыпаць! Кампанія ў вам вялікая!- Алік працерабіўся бліжэй праз клункі ў праходзе. – Людцы, падыходзьце сюды, бо цягнік жа не век стаіць!

–         Шкет, давай ужо, выходзь, а то да Баранавічаў завязу!- гукнула правадніца.

–         Усё, таварышы, хто не паспеў, той спазніўся! – весела выкрыкнуў Алік і, падхапіўшы напалову пусты кош, скаціўся на перон. Цягнік крануўся з месца. Алік тут жа перабег праз рэйкі на іншую платформу: па рэйках ужо грукатаў хуткі на Мінск…

 

–         Ну, як у цябе? – памахваючы амаль пустым кошыкам, Алік падышоў да Ванды.

–         Шклянак пяць мо’ прадала…

–         Ну, тут у меня яшчэ шклянкі чатыры будзе,- Алік паставіў свій кош каля сястры, падхапіў яе кош – амаль поўны – і пабег у канец платформы.  Рэйкі ўжо пачыналі спеў пад коламі маскоўскага цягніка, што ляцеў на Берасце.

 

–         Ну, сёння ўжо няма чаго лавіць, – Алік запусціў жменю ў кошык і адправіў чарніцы ў рот. – Еш, чаго іх цягнуць дахаты! Дзе грошы?

 

Ванда працягнула яму жменю дробязі.

–         Рубель ды пятак. Небагата, але нічога. Так, лічым: кошык літраў на дзесяць… Сорак шклянак, лічы, калі з верхам… па пятнаццаць капеек – шэсць рублёў… Дванаццаць. На, нясі маці. А я да Мішкі пайду. Дык кошык вазьмі, ці што.

 

Алік паглядзеў, як Ванда знікае за паваротам, тады пералічыў свой “навар”. Амаль тры рублі! Вось гэта – работа. А збіраць-перабіраць – бабская справа.

Advertisements
This entry was posted in сямейныя хронікі and tagged , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s