СІЛА ЁСЦЬ!

Звычайны выходны дзень пераваліў за палову. Алег гадзіну таму вярнуўся з трэнажорнай залі і зараз выйшаў з душа, прычэсваючы вільготныя валасы.

  • Мам, я праз гадзіну з Валеркай у кіно дамовіўся…
  • Добра, Алежак, толькі прасвідруй мне гэтыя фанеркі,- папрасіла маці і працягнула сыну дзесяць квадрацікаў фанеры. – чатыры дзіркі па кутах і адну ў сярэдзіне. Бацька заняты… Зробіш, сынок?
  • Ага, – Алег згроб дошачкі і пайшоў у свой пакой.

Маці стала прасаваць бялізну. Бацька засяроджана пісаў нешта ў камп’ютары. Некалькі хвілін панавала цішыня, толькі знадворку брахнуў разы са два суседскі сабака.

Ляпнулі на скразняку дзверы: Алег прайшоў на балкон па дрыль. Ізноў зачыніўся ў пакоі. Стос прасаванай бялізны павялічваўся, даўжэў і тэкст на маніторы. Кот прыстроіўся бокам да нагрэтых прасцін і завуркатаў што трактар.

Бразнулі чарговы раз дзверы: сын пайшоў на балкон па струбцыны. Доўга грукацеў у скрыні, нарэшце вярнуўся ў пакой. Зачыніўся.

Груда непрасаванай бялізны на крэсле таяла. Ледзьве чутна стракатала клавіятура. На бярозе пад вакном прамаўляла варона.

Шчоўкнулі дзверы. Алег схадзіў на балкон за парай абрэзкаў дсп. У суседзяў зазваніў мабільны, суседка доўга не здымала слухаўку, але ўрэшце адказала і стала пералічваць мужу, што трэба купіць на вячэру.

І раптам свет нібы падраўся на шматкі: ускочыў і знік пад сталом кот, залопала крыламі варона і паляцела шукаць спакайнейшай трыбуны, бацька адвярнуў твар ад манітора.

  • Магутны інструмант робяць гэтыя немцы, – прамовіў ён, калі жахлівы вой спыніўся. Хацеў дадаць нешта яшчэ, але дрыль зараўла з новай сілай, перакрываючы ўсе навакольныя гукі.

Маці пакруціла галавой і панесла бялізну ў шафу. Кот забіўся пад канапу. Пад вакном заскавытала сігналізацыя прыпаркаванай машыны. Дрыль раўла нібы дзясятак матацыклаў. Потым сціхла.

  • Сцяпаныч, Бог у дапамогу! – гукнуў з балкона сусед зверху. – Усё ж такі зносіш перагародку? Я табе даўно казаў: знасі!
  • Казаў Бог, каб ты дапамог! – не ў лад адгукнуўся бацька. І тут жа новая хваля скаланула паветра.

Цяпер выбухі шалёнага рову сталі карацейшыя. Скараціліся і перапынкі паміж імі. Маці ўключыла тэлевізар, прыстроілася абіраць бульбу перад экранам, некалькі разоў паспрабавала павялічыць гук, але ўрэшце выключыла і шпурнула пульт на канапу.

  • Колькі яму трэба прасвідрава…- спытаўся Пятро Сцяпанавіч.
  • Пяцьдзясят, калі па ад…- адказала ў чарговым перапынку Алена Міхайлаўна. Праз момант дрыль сціхла. Яны пачулі, як пікнуў сігналізацыяй гаспадар крыклівай інамаркі. Напэўна, вырашыў пераставіць крыху далей.
  • Няўжо ўс…- але гэта было не ўсё. Маці пацёрла скроні. Бацька выйшаў на балкон, але, згледзеўшы суседзяў, што выйшлі, у чым былі, падыхаць свежым паветрам насупраць ягонага вакна, збянтэжана хмыкнуў і схаваўся ў хаце. Чарговы глыток цішыні нагадваў зацішша за некалькі секунд да пачатку артпадрыхтоўкі.
  • Пайду, пагляджу, як у яго справы, – хуценька прамовіў Пятро Сцяпанавіч.
  • Хай кідае, бо ў кіно спозніцца,- гэтак сама таропка вымавіла маці. Але тут гарматным стрэлам бухнулі дзверы. На парозе стаяў Алег. З пакоя тачыўся дымок, пахла ці то вогнішчам, ці то перагрэтым прыстасаванне для выпальвання. Сын ледзьве трымаўся на нагах. Валасы, змакрэлыя ад пота, тырчэлі ва ўсе бакі, на саколцы цямнелі плямы.

Пятро Сцяпанавіч таропка прасунуўся ў пакой. Алег падышоў да маці.

  • Мам, нічога, што края дзірак крыху абсмаленыя?- вінавата спытаўся ён.
  • Дзякуй, родненькі, – маці выхапіла з рук сына фанеркі, нібы гэта была граната, якая вось-вось выбухне. – ідзі, збірайся, вунь Валерачка ўжо пад вакном…

З пакоя выйшоў бацька. У руках ён трымаў дрыль.

  • Алег, я табой ганаруся, – сказаў ён. – Я не мог сабе ўявіць, які ты ў мяне дужы. Гэта неверагодна. Вось што значыць цягаць жалеззе тройчы на тыдзень. І чорт з ім, са свярлом, купім іншае. Але дзеля нашых з табой суседзяў, калі ласка, запомні гэты пераключальнік. Калі іншы раз захочаш свідраваць, павярні яго вось так, і свярло будзе круціцца ў правільны бок, а не ў адваротны.

Алег, чырвоны, як рак, шмыгнуў у калідор.

  • Сцяпаныч, як справы?- гукнуў з вуліцы сусед.
  • Усё добра, Віктаравіч, справіліся!- крыкнуў у фортку Пятро Сцяпанавіч і зноў застракатаў клавішамі. Алена Міхайлаўна ўжо выманіла з-пад канапы ката. Варона вярнулася на бярозу. З ванны пачуўся плёскат вады. У суседкі ізноў зазваніў мабільнік…

Алена Церашкова

Advertisements
This entry was posted in проза and tagged , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s