БАЦ!

Адась сядзеў на лаўцы ў парку і сумаваў. Усе сябры раз’ехаліся, няма з кім і мяч паганяць. І мяча няма – учора выкаціўся мяч на дарогу і загінуў пад колам самазвала. А можа, нехта з дзяцей забыўся свой мяч у парку? Такое ж бывае!

Адась заплюшчыўся і ўявіў сабе невялічкі, чырвона-блакітны мячык. Вось ён, пад гэтай самай лаўкай, каля правай задняй ножкі, у неглыбокай ямцы… Адась расплюшчыў адно вока і паспрабаваў убачыць мяч праз шчыліны ў дошках. Не ўбачыў. Тады хлопчык нахіліўся і зазірнуў пад лаўку… у маленькай ямцы каля задняй ножкі поўз чорны жук.

Адась расчаравана цокнуў языком і раптам пачуў:

–          Я тут!

Хлопец пакруціў галавой ва ўсе бакі. Нікога. Тады ён зірнуў угару  і ўбачыў балёнік! Вялікі шэры балёнік на доўгай чорнай нітцы, якая зачапілася за галінку куста.

–          Добры дзень. Ты мяне шукаеш?

–          Я шукаю мяч,- на ўсялякі выпадак адказаў Адась, хоць і ведаў, што балёнікі не размаўляюць. – Ты – не мяч.

–          Чаму? – здзівіўся балёнік, – Я гумовы, я круглы, ува мне паветра. Я – мяч! Мяне, праўда, толькі сёння напампавалі, таму я не шмат ведаю пра мячы. Але дзеці і дарослыя вельмі любяць гуляць з мячом.

–          Гэта праўда, – падцвердзіў Адась. – Я і сам люблю пабегаць з мячом!

–          Значыць, ты навучыш мяне быць сапраўдным мячом? – з надзеяй спытаў балёнік. – І тады мы зможам пагуляць!

–          Згода! – Адась хутка разблытаў нітку. – Мяне зваць Адась. А цябе?

–          Бац! – адказаў балёнік.

–          Добрае імя для балёніка, – пасміхнуўся Адась.

–          А для мяча? – занепакоіўся Бац.

–          І для мяча самае тое! – супакоіў яго хлопчык. – Хадзем. Пакажу табе розныя мячы і гульні.

 

Яны рушылі па сцяжыне ў бок стадыёна. Бац нецярпліва прытанцоўваў на сваёй нітачцы. Раптам з-за кустоў да іх пад ногі выкаціўся сапраўдны футбольны мяч. Калісці мяч быў белы, з чорнымі пяцікутнікамі на крутых баках, а цяпер быў добра абдзёрты, у пыле, але бадзёры і спрытны.

–          Добры дзень! – ветліва павітаўся балёнік.

–          Дзень-та добры, ды лік два-ноль не на нашу карысць! – прабурчэў мяч і, адсопваючыся, папрасіў: – Будзь ласка, адфутбольце мяне хутчэй абратна на поле!

Адась без лішніх слоў падкінуў мяч у паветра і ўлупіў па ім наском кеда. Мяч мільгануў над кустамі і знік.

–          Напэўна, яму балюча. Навошта было так жорстка біць?- упікнуў Адася балёнік.

–          Гэта я жорстка біў? – пасміхнуўся Адась. – Зараз пабачыш, як яго б’юць!

Яны выйшлі з-за кустоў і праз высокую агароджу ўбачылі футбольнае поле. Чалавек дваццаць хлапцоў рознага веку насіліся па траве, падбіваючы мяч нагамі. Па краях поля стаялі брамы, дзе мітусіліся ў чаканні мяча брамнікі. Бязлітасныя ўдары то падымалі мяч у паветра, то ўплішчвалі ў апору брамы, то адпраўлялі ў палёт за кусты.

–          Вам баліць? – спагадліва крыкнуў Бац мячу, калі той пралятаў побач.

–          Я ж футбольны мяч! – зарагатаў мяч і адкаціўся ў рукі брамніку.

Бац уздыхнуў.

–          Здаецца, я не здолеў бы быць футбольным мячом. Шкада. Гэтыя цёмныя плямы на баках глядзяцца прыгожа. І дзецям падабаецца гульня.

–          Сапраўды, ўвесь час шоргацца па пяску ды штосекунды атрымліваць пінкі нагамі – гэта не для цябе,- пагадзіўся Адась. – Але, можа, табе спадабаецца быць баскетбольным мячом? Вось такім!

І Адась паказаў на вялікі аранжавы мяч, які лятаў над невялічкай пляцоўкай. Пад высокім шчытом тоўпіліся цыбатыя дзядзькі. Яны падскоквалі, адбіралі адзін у аднаго мяч і спрабавалі закінуць яго ў колца на шчыце. Але вось адзін з іх схапіў мяч і пабег праз пляцоўку да іншага колца. Ён бег і штурхаў мяч у зямлю, і ад гэтага мяч штораз адскокваў яму ў далонь. Адась у захапленні сачыў за атакай.

–          Людцы, як жа так! Тварам проста ў зямлю!- залямантаваў Бац над вухам у хлопца, нітка ў руцэ шалёна торгалася.- Як вы гэта трываеце!

–          На тое я – баскетбольны мяч! Не хвалюйцеся за мяне! – весела адгукнуўся мяч-апельсін, пралятаючы праз колца.

Бац прыціх.

–          Падобна, баскетбол – гульня не для цябе,- прамовіў Адась. Бац уздыхнуў так горка, што заўважна паменшаў.

–          Можа, ты валейбольным мячом захочаш быць? – Адась ужо і сам перажываў за лёс балёніка. – Глядзі, дзяўчаты сетку нацягваюць!

І сапраўды, на невялічкай пляцоўцы паміж двума слупамі нацягнулі белую сетку. Дзяўчаты сталі з двух бакоў і пачалі далікатна, пальчыкамі, падкідаць мяч, то пасуючы адна адной, то адпраўляючы ў палёт над сеткай. Адна з дзяўчат па лесенцы ўлезла на слуп і скамандвала:

–          Пачынаем! Падача злева!

Бац з замілаваннем назіраў, як самая маленькая з дзяўчат узяла мяч,  адбеглася на край пляцоўкі, лёгка падкінула мяч у паветра і, падскочыўшы, з усяе моцы дала мячу такую поўху, што звон пайшоў! Мяч стралой прасвісцеў над сеткай і ўрэзаўся ў зямлю крыху далей за лінію.

–          Аўт! – голасна сказала дзяўчына на слупе. – Пераход падачы!

Адась адчуваў, як правісла нітка. Бац заглыбіўся ў невясёлыя думкі. Хлопец стаў прыгадваць, якія яшчэ бываюць на свеце гульні з мячом.

–          Гандбол! Як я мог забыцца! Яны ў залі гуляюць. Хадзем да вакна!

Яны прыстроіліся на падвакенцы і некаторы час назіралі, як прыгожыя дзяўчаткі носяцца па залі, спрабуючы забіць гол у браму. Невялічкі мячык куляй мільгаў паміж імі.

–          А што, нічога сабе гульня! – нарэшце сказаў Адась. – Паспрабуеш?

Бац адказаў не адразу.

–          Я мог бы паспрабаваць,- сумна прамовіў ён. – Але я яшчэ не ўмёю гэтак хутка лётаць. Як ты думаеш, калі патрэніравацца як след, я навучуся?

Адась і рад быў бы суцешыць сябра, але схлусіць не мог.

–          Не, Бац. Ты не зможаш так хутка лётаць. Ты зусім лёгкі. Паветра занадта густое для цябе. Таму ты лётаеш у паветры, а мяч падае. Затое мяч, калі яго штурхнуць, рассякае паветра. А ты нібы натыкаешся на паветраную сцяну.

Бац нічога не адказаў. Адась паазіраўся крыху…

–          Воднае пола! Хадзем у басейн!

–          А што гэта за гульня? – Бац заляцеў наперад хлопцу і лез ледзь не ў твар. Давялося ўзяць яго ў рукі.

–          Дзве каманды плаваюць у басейне з мячом, спрабуюць забіваць галы. Як гандбол, толькі ў вадзе! Там галоўнае – умець плаваць. Аб ваду ты не падзярэшся, і біць па табе не будуць…

–          Гэта мне падыходзіць! – бац ажно трымцеў ад радасці.

Але ў басейне іх чакала неспадзяванка.

–          Куды ты з балёнікам? Тут табе не цырк! – спыніла Адася вахтарка. – І пропуск пакажы!

–          У мяне няма пропуска,- разгубіўся Адась.

–          Тады няхай бацькі купяць табе абанемент! – параіла вахтарка і ўткнулася ў газету. Давялося пайсці ні з чым. Тут ужо і Адась страціў надзею. Без усялякай мэты ён прайшоўся туды-сюды па вестыбюлі басейна і спыніўся перад экранам тэлевізара. На экране здаравенныя дзецюкі штурхаліся адно з адным.

–          Што гэта?- спытаў Адась у хлопца, які побач на лаўцы вазіўся з матузкамі.

–          Рэгбі,- патлумачыў той. – Трэба прарвацца праз абарону суперніка і прыціснуць мяч да заліковай зоны.

Некаторы час Адась і Бац сачылі за гульнёй. Дзецюкі на экране піхаліся з усіх сіл.  Раптам адзін з іх вырваўся ды пабег. Але яго спынілі, павалілі і над мячом утварылася куча-мала.

–          Ён лопне? Яго раздушаць?– з трывогай запытаўся Бац.

–          Не, ён скураны, – супакоіў Адась.

–          Мяне б раздушылі,- ледзьве чутна прашалясцеў балёнік. – Нікому не патрэбны такі мяч – мяккі, занадта лёгкі і марудны… Ніхто не захоча ў мяне гуляць.

Адась пляснуў сябе па ілбе. Бац ледзьве не вываліўся з ягоных рук на падлогу.

–          Якія мы дурні! Замест таго, каб шукаць, у каго табе ператварыцца, трэба знайсці тых, каму ты патрэбны такі, як ёсць!

І, абхапіўшы аберуч балёнік, Адась пабег на лужайку, дзе збіралі кветкі маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі, гадоў можа двух ці трох.

–          Я прынёс вам мяч! – радасна крыкнуў ён і штурхнуў балёнік да малых.

Дзеці смяяліся, цягнулі ўгару ручкі, Бац пяшчотна адштурхоўваўся ад маленькіх пальчыкаў і невысока падлятаў угару. Адась сачыў, каб балёнік не апускаўся на траву, акуратна падбіваючы сябра вышэй. Малыя, падняўшы тварыкі, круціліся пад балёнікам, і часам Бац адскокваў проста ад іх кірпатых носікаў.

–          Я – мяч! Я – мяч! – паўтараў ён у захапленні.

–          Гаў-гаў! – пачуў з-пад ног Адась і паспрабаваў схапіць балёнік, але Бац, не адчуўшы небяспекі, выслізнуў з ягоных рук. І ў той жа момант маленькі руды сабачка весела падскочыў і хапнуў зубамі за бок балёніка.

–          БАЦ! – гучна прамовіў Бац і знік.

Дзеці спалохаліся, заплакалі і пабеглі да сваіх мам. Нехта злосна крыкнуў, каб навязалі сабаку, але цюцька ўжо і сам уцёк. Каля Адася засталася толькі самая старэйшая дзяўчынка.

–          А дзе мяч? – спытала яна.

–          Няма, – развёў рукамі Адась. Вядома, ён ніколі не стаў бы плакаць з-за нейкага там балёніка…

Дзяўчынка нахілілася і падняла з травы тое, што засталося ад балёніка.

–          Зрабі з яго маленькі шарык і лопні. Мой тата так умее.

Адась пакруціў гуму ў руках. Перад вачыма стаяў Бац, лёгкі, прыгожы, далікатны…

–          Не буду,- раптам сказаў хлопчык. – Лепей я зраблю барабан. У цябе ёсць круглая формачка для пяску?

Адась накрыў формачку гумкай, нацягнуў  і абвязаў ніткай. Пальцам адцягнуў гумку і пстрыкнуў: бац! Бац!

–          Дай мне! – дзяўчынка працягнула руку. Паспрабавала пстрыкнуць.

–          Бац! – ціхенька адказаў “барабан”.

–          Ты класны! – сказала дзяўчынка Адасю. – Пакуль!

Яна пабегла прэч. А хлопцу пачуўся голас балёніка:

–          Я зразумеў! Аказваецца, я не мяч! Я – барабан!

–          Пакуль, Бац,- з цеплынёй прамовіў Адась. Незнаёмая дзяўчынка, што праходзіла ў гэты час побач, здзіўлена павярнулася, але Адась ужо ішоў прэч.

Алена Церашкова

Advertisements
This entry was posted in казкі and tagged , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s