франк Павлофф. Карычневая раніца (чытанне для дзяцей і бацькоў)

«Сама па сабе ідэя нейтральная, ва ўсякім выпадку, павінна такой быць; але чалавек прыводзіць яе ў рух, праецыруе на яе свае страсці і вар’яцтвы; з прымешкамі, пераўтвораная ў веру, яна ўпадае ў паток часу, прымае форму падзеі: пераход ад логікі да эпілепсіі здзейснены … Такім чынам нараджаюцца ідэалогіі, дактрыны, кровапралітныя фарсы »

 Кароткі курс пераўтварэння – Радавод фанатызму – Эміль Мішэль Сіёран

Выцягнуўшы ногі на сонца, мы з Чарлі не тое каб размаўлялі, хутчэй, проста выказвалі ўслых думкі, якія прыходзілі нам у галаву, нават не звяртаючы ўвагі на тое, што кожны з нас у сваю чаргу казаў.

Гэта быў адзін з тых прыемных момантаў, калі можна было не глядзець на час, пацягваючы каву. Калі ён паведаміў мне, што адвёў на ўкол свайго сабаку, мяне гэта здзівіла, але не больш за тое. Заўсёды сумна, калі твой сабачка цяжка старэе, але па сканчэнні пятнаццаці гадоў трэба аддаваць сабе справаздачу ў тым, што рана ці позна ён аддасць канцы.

– Разумееш, яна не была карычневай.

– Ну так, у цябе ж быў лабрадор, гэта не зусім яго колер. А чым ён хварэў?

– Ды справа не ў гэтым, проста гэта быў не карычневы сабака, вось і ўсё.

– Чорт вазьмі, як з катамі цяпер, ці што?

– Ну так, нешта накшталт.

Што тычыцца катоў, я быў ​​у курсе. У мінулым месяцы я вымушаны быў пазбавіцца майго хатняга ката, якому собіла нарадзіцца белым з чорнымі плямкамі. Перанасяленне катоў, і праўда, стала ўжо невыносным, і, зыходзячы з таго, што казалі дзяржаўныя навукоўцы, лепш за ўсё было пакідаць карычневых. Толькі карычневых. Усе селекцыйныя тэсты даказвалі, што яны лепш адаптуюцца да нашага гарадскога жыцця, што ў іх невялікі прыплод, і яны значна менш ядуць. Па мне, кот ёсць кот, і неабходна было нейкім чынам вырашаць праблему, хай нават пры дапамозе дзяржаўнага дэкрэта, які забавязваў знішчаць ўсіх катоў, якія ня былі карычневымі. Прадстаўнікі гарадской міліцыі бясплатна раздавалі шарыкі мыш’яку. Змешаныя з ежай, яны адпраўлялі катоў на той свет ў адно імгненне. Маё сэрца сціснулася на момант, але неўзабаве ўсё забылася.

А вось наконт сабак я крыху больш здзівіўся, нават не ведаю чаму. Можа, таму што яны большыя, ці таму што сабака сябар чалавека, як кажуць. У любым выпадку, Чарлі распавёў мне пра гэтаксама натуральна, як я – пра ката. Занадта шмат перабольшанай сентыментальнасці ні да чаго не прыводзіць, а наконт сабак, на самай справе, карычневыя, нібыта, вынослівейшыя.

Нам, уласна, больш не было чаго  сказаць, і мы разышліся, але з нейкім дзіўным пачуццём. Так, нібы мы не ўсе адзін аднаму сказалі. Было трохі ніякавата. Праз некаторы час менавіта ад мяне Чарлі даведаўся, што «Штодзённая гарадская газета» больш не будзе выходзіць. Ён проста зніякавеў: газета, якую ён чытаў штораніцы, папіваючы сваю ​​каву з вяршкамі!

– Яны зачыніліся? Забастоўкі? Збанкрутавалі?

– Не, не, гэта з-за справы з сабакамі.

– Карычневыя?

– Так, як заўсёды. Ніводнага дня без адкрытага асуджэння гэтых новых нацыянальных мер. Яны даходзілі да таго, што ставілі пад сумнеў вынікі навукоўцаў. Чытачы не ведалі, што і думаць, некаторыя нават пачыналі хаваць сваіх сабак!

– Дагуляліся з агнём …

– Як і ты кажаш, у рэшце рэшт, газэту забаранілі.

– Чорт вазьмі, а як жа вынікі бегаў?

– Ну, стары, трэба будзе паглядзець твае вынікі ў «Карычневых навінах», засталася толькі гэтая газета. Здаецца, што тычыцца бегаў і спорту, яна трымаецца на плаву. Бо іншыя даўно перайшлі межы, трэба было, каб хоць адна газета ў горадзе засталася. Не могуць жа людзі абысціся без інфармацыі.

У той самы дзень я яшчэ раз сустрэўся за кубкам кавы з Чарлі, але мне было ніякавата рабіцца чытачом «Карычневых Навін». Аднак вакол мяне кліенты бістро працягвалі жыць як і раней; пэўна, я дарма пачаў турбавацца.

Потым надышла чарга кніг у бібліятэках, таксама не вельмі ясная гісторыя. Супраць выдавецтваў, якія з’яўляліся часткай той самай фінансавай групы, што і «Штодзённая гарадская газета», распачалі судовыя працэсы, а іх кнігі сталі забароненымі на бібліятэчных паліцах. На самай справе, калі б людзі чыталі тое, што гэтыя выдавецтвы працягвалі публікаваць, то знаходзілі бы слова “сабака” або “кошка” самаменш  раз на том, і, зразумела, далёка не заўсёды побач са словам карычневы. Яны мусілі  пра гэта ведаць.

– Не трэба правакаваць, – казаў Чарлі,- ты разумееш, нацыя нічога не выйграе тым, што будзе адпрэчваць закон і гуляцца ў кошкі-мышкі. Карычневыя, – дадаў ён і агледзеўся, – карычневыя мышкі, -дадаў ён на выпадак, калі б хтосьці пачуў нашу гутарку.

З засцярогі мы набылі звычку дадаваць «карычневы» у канцы фраз або пасля слоў. Спачатку, прасіць карычневы анісавы лікёр было для нас дзіўным, але, у рэшце рэшт, мова з часам развіваецца і мяняецца, і не ёсць дзіўнейшым дадаваць «карычневы», чым «бл …», праз слова, як у нас гэта часта робіцца, прынамсі, мы былі на добрым рахунку і былі спакойныя. У рэшце рэшт, мы нават выйгралі на бегах. Няшмат, вядома, але, тым не менш, гэта быў наш першы карычневы выйгрыш на карычневых бегах. Гэта нам дапамагло змірыцца з турботамі, што прычыняла новае заканадаўства.

Аднойчы мы з Чарлі так выдатна парагаталі! Памятаю, я яму тады сказаў прыйсці да мяне глядзець фінал Кубка кубкаў. А ён заявіўся са сваім новым сабакам! Сабака быў шыкоўны, карычневы ад кончыка хваста да кончыка носа, з карымі вачыма.

– Бачыш, урэшце, ён нават ласкавейшы за папярэдняга, і ён мне падпарадкоўваецца беспярэчна. І не трэба было рабіць драму з гісторыі з чорным лабрадорам.

Але як толькі ён вымавіў гэтую фразу, як ягоны сабака ірвануў пад канапу, шалёна брэшучы. Нібы хацеў паказаць, што крычы – не крычы, а нават застаючыся карычневым, ён не падпарадкоўваецца ані свайму гаспадару, ані каму б там ні было! І Чарлі раптам зразумеў.

– Не, ты таксама?

– Ну так, вось пабачыш.

І тут мая новая кошка выскачыла стралой, ускараскалася па шторы і схавалася ў шафе. Кошка з карымі вачыма і карычневай поўсцю. Як жа мы смяяліся. А ты кажаш аб супадзенні!

– Разумееш, – сказаў я яму, – у мяне заўсёды былі кошкі, тады …. Ну, хіба яна не прыгожая, гэтая?

– Яна шыкоўная! – адказаў ён мне.

Потым мы ўключылі тэлевізар, у той час як нашыя карычневыя жывёлы сачылі адзін за адным краем вока. Я ўжо не памятаю, хто выйграў, але памятаю, што мы цудоўна правялі час і адчувалі сябе ў бяспецы. Дастаткова проста рабіць тое, што лічылася слушным у мястэчку, і нас гэта супакойвала і спрашчала нам жыццё. Карычневая бяспека магла быць чымсьці добрым. Вядома, я згадваў пра маленькага хлопчыка, якога сустрэў на ходніку насупраць, і які аплакваў свайго белага пудзеля, памерлага ля ягоных ног. Але, у рэшце рэшт, калі ён слухаў добра тое, што яму казалі, сабакі не былі забароненыя, трэба было проста знайсці карычневага. Нават шчанюкоў можна было знайсці. І тады, як і мы, ён адчуваў бы сябе законапаслухмяным і хутка забыўся б на мінулае.

Але вось учора – проста неверагодна – я ледзь было не трапіўся гарадской міліцыі, апранутай у карычневае, міліцыі, якая не робіць паслабленняў нікому. А я  ж пачуваўся ў бяспецы! Яны мяне не пазналі, бо яны нядаўна ў квартале і яшчэ не вывучылі ўсіх у твар.

Я ішоў да Чарлі. Па нядзелях менавіта ў яго мы гуляем у Белот. У мяне была пакунак піва ў руцэ, вось і ўсё. Мы разлічвалі пагуляць у карцішкі пару гадзін, пацягваючы піўко. Але вось дык сюрпрыз: дзверы яго кватэры былі разбітыя ўшчэнт, і два міліцыянты, што тырчалі на лесвічнай пляцоўцы, разганялі цікаўных. Я зрабіў выгляд, што іду на верхнія паверхі, і спусціўся назад у ліфце. Унізе людзі размаўлялі напаўголаса.

– Але ж у яго быў сапраўдны карычневы сабака, мы ўсё гэта цудоўна бачылі!

– Так, але, мяркуючы па тым, што яны кажуць, справа ў тым, што да гэтага ў яго быў чорны, а не карычневы сабака. Чорны!

– Раней?

Так, раней. Нават тое, што ў вас калі-небудзь быў не карычневы сабака, цяпер лічылася злачынствам. А пра гэта зусім няцяжка было даведацца, дастаткова было спытаць у суседа. Я паскорыў крок. З мяне ліўся пот, кашуля змакрэла. Калі мець не карычневую жывёлу – раней! – лічылася злачынствам, я быў ​​добрай здабычай для міліцыі. Усе ў маім доме ведалі, што раней у мяне была чорна-белая кошка. Раней! Вось ужо пра што я ніколі б не падумаў! У гэтую раніцу Карычневае Радыё пацвердзіла навіну. Чарлі, несумненна, стаў адным з тых пяцісот чалавек, што былі арыштаваныя. Нават, калі вы купілі нядаўна карычневую жывёлу, гэта не значыць, што вы памянялі мысленне, дадалі яны. «Мець неадпавяднага сабаку або неадпаведную кошку, як бы там ні было – злачынства! Дыктар нават дадаў: «Знявага нацыянальнай годнасці». І я добра запомніў працяг. Нават, калі асабіста ў вас не было неадпаведнага сабакі або неадпаведнай кошкі, але хто-небудзь з вашай сям’і – бацька, брат ці стрыечная сястра, напрыклад, меў такую жывёлу, хай нават раз у жыцці, вы рызыкуеце нарвацца на сур’ёзныя непрыемнасці.

Я не ведаю, куды яны павезлі Чарлі. Але тут яны відавочна перабольшваюць. Гэта вар’яцтва. А я ж лічыў сябе ў бяспецы на доўгі час з маёй карычневай кошкай. Вядома, калі яны пачнуць капаць, што было раней, яны ніколі не скончаць арыштоўваць уладальнікаў катоў і сабак.

Паўз усю ноч я не звёў вачэй. Я павінен быў адразу паставіцца з недаверам да карычневых, як толькі яны нам навязалі свой ​​першы закон пра жывёл. У рэшце рэшт, то была мая кошка, як і сабака Чарлі – ягоны сабака, мы мусілі сказаць «не». Супраціўляцца далей, але як? Усё адбываецца так хутка, ёсць праца, штодзённыя клопаты. Іншыя таксама апускаюць рукі, каб пабыць хоць трохі спакойнымі, ці так?

Да мяне грукаюцца ў дзверы. Так рана раніцай? Такога раней не было. Мне страшна. Яшчэ зусім ранняя раніца, за вакном карычневы змрок.

Ды перастаньце так гучна грукаць, я іду!

узята:

http://users.livejournal.com/_scerzo_/11534.html

пераклад Алены Церашковай

 

 

Advertisements
This entry was posted in казкі, пераклады and tagged , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s