“Дэмакратычныя” звароты

Вінцук Вячорка

12.06.2014 18:51 (узята з радыё Свабода)

Чытач (відаць, левага толку) папікнуў мяне за ўхілам у арыстакратаўшчыну ў папярэднім тэксьце пра тытулы. Што ж, праявім палітычную і сацыяльную карэктнасьць. Гэтым разам — больш дэмакратычныя звароты.

Пра дылему «спадар ці пан» вычарпальна выказаўся на гэтых старонках і хвалях сьветлай памяці Юрась Бушлякоў — на карысьць спадара, спадарыні, спадарства. Аргумэнты ягоныя (як і Яна Станкевіча, што адрадзіў гэты зварот у 1-й палове XX ст.) — цалкам пераканаўчыя. Абодва словы беларускія і з глыбокай гісторыяй, аднак спадар, адрозна ад пана, — унікальна беларускі набытак. А галоўнае — жывая практыка апошніх двух дзесяцігодзьдзяў замацавала зварот спадар, у тым ліку ў слоўніках, незваротна (выбачаюся за калямбур). Таму спынюся толькі на дэталях яго ўжываньня.

СПАДАР спалучаецца з прозьвішчам (спадар Луцкевіч), або з тытулам/назвай пасады (спадар настаўнік, спадар неадменны сакратар), або — пры бліжэйшых дачыненьнях са старэйшым чалавекам — з імем (спадар Хведар). У апошнім выпадку часткова адапавядае расейскаму звароту імем ды імем па бацьку.

Дарэчы, хацелася б, каб наш сёмы склон — клічны, які і служыць зьвяртаньню, — спакваля вяртаўся і ў гэтую сфэру: спадару Івашкевічу, спадару Яне.

Спадар лейтэнант, дазвольце зьвярнуцца да таварыша маёра

Многія заўважылі, як на інаўгурацыі П. Парашэнкі да яго зьвярталіся вайскаводы: Товаришу Президенте!

Гэты эпізод мне нагадаў мне песьню Э. Ханкаи Р. Сакалоўскага «Товарищ Президент, настанет тот момент», а ва Ўкраіне ажывіў дыскусію пра вайсковы зварот. У статутах украінскай арміі з пачатку 90-х былі зацьверджаныя абодва варыянты — товаришу і пане — але пад ціскам настальгічна-савецкіх колаў пан з 2005 г. быў адпраўлены ў запас. Пэўна, ён яшчэ вернецца.

Тэрміналягічная камісія ТБМ у 1997 г. выдала «Расейска-беларускі вайсковы слоўнік» падпалкоўніка Станіслава Судніка і старэйшага лейтэнанта Сержука Чыслава. Там прапаноўваецца без варыянтаў: Здравия желаем, товарищ полковник! — Вітаем спадара палкоўніка!

Натуральна, прыхільнікі таварыша маёра знойдуць іншыя сучасныя слоўнікі, нібыта ёсьць практыка беларускамоўнай каманды ў роце ганаровай варты. У 2010 годзе — пад ціскам салдатаў, якія дамагаліся права служыць па-беларуску — нарэшце выйшлі «Агульнавоінскія статуты Ўзброеных Сіл Рэспублік Беларусь» у перакладзе Інстытута мовы і літаратуры Акадэміі навук накладам 350 асобнікаў.

Вайсковая тэрміналёгія патрабуе асобнай гаворкі, скажу толькі, што там і «смірна», і «воінскі». Там і «каравул» — а варта чамусьці толькі ганаровая.

Закладзены ў статуты і «таварыш». Але, на маю думку, ён моцна зросься з палітычнай показкай «…товарищу майору ваша шутка понравилась».
Зьвяртацца да вайскоўцаў ці міліцыянтаў з словам спадар зусім натуральна — прынамсі ня іхным падначаленым. Сьведчу, што не пярэчаць.

Mr — p. — M. — г-н — Hr. — Sr. — ?

У ліставаньні на ўсіх мовах бывае патрэбна скарачаць зварот — накшталт Mr (= Mister), Mrs (= колішняе Mistress), г-н (= господин), г-жа (= госпожа). Вось жа давялося бачыць разасланыя з пэўнай амбасады запрашэньні на афіцыйнае прыняцьце — па-беларуску, што добра. Але на агортках (капэртах) адрасат у давальным склоне (каму?) пазначаўся гэтак:
с-ру Н. Н.

Думаю, амбасадныя сакратаркі (хутчэй за ўсё нашыя грамадзянкі) доўга ня думаючы скалькавалі расейскія скароты «г-ну». На жаль, досьвед няўдалы. (Зрэшты, у гішпанскай Sr. гэта señor, а Sra. гэта señor­a.)

Натуральна, беларускія скароты маюць быць іншыя:
хто — сп. Варонка, каму — сп. Варонку — ува ўсіх склонах.
хто — сп-ня Войцікава, каму — сп-ні Войцікавай — мяняецца залежна ад склону.

Акрамя спадара і спадарыні, пана і пані, ёсьць вялікі выбар іншых ветлівых зваротаў.
ДЗЯДЗЬКА 

— акрамя абазначэньня сваяцтва, яшчэ можа быць і пашанотным зваротам да старэйшага паважанага чалавека, асабліва духоўна блізкага. І, вядома, які цэніць беларускія народныя традыцыі. Малодшыя пісьменьнікі так зьвярталіся да Купалы — дзядзька Янка.Ён не пярэчыў. Як не пярэчыў і дзядзька Рыгор — Рыгор Барадулін, чалавек зь іншага рэгіёну Беларусі. Магчымае аналягічнае ўжываньне слова цётка (хаця Ларысу Геніюш людзі майго пакаленьня, што езьдзілі да яе, кансьпіратыўна называлі бабуля).

Слова ўжываецца ў нефармальных дачыненьнях паміж раўналеткамі:Слухай, дзядзька, пазыч мільён да Вялікадня, — ды ў такім значэньні прыблізна адпавядае расейскаму старик.
СЯБРА/СЯБАР

Характэрнае слова беларускае літаратурнае мовы (хаця ў дыялектах шмат якіх славянскіх моваў ёсьць роднасныя). Украінцы нас так называюць агулам. Літоўскае sėbras ’сябрук’ — запазычаньне зь беларускай.

Іван Насовіч у 1870 годзе фіксуе для слова сябръ два значэньні — ’родственникъ, братъ’ і ’сотоварищъ’. У другім значэньні слова замацавалася ў літаратурнай мове ХХ ст., у тым ліку як зварот:Шаноўныя сябры!

Адно з старадаўніх значэньняў слова сябар — саўдзельнік сябрыны́ («арцелі»), кампаньён, супольнік. У гаворках і цяпер жывуць словысяброўскія пчолы ’супольныя пчолы двух гаспадароў’; сябраваць’узаемна дапамагаць у плытніцкай справе’. Адсюль лягічна вынікае значэньне ’ўдзельнік арганізацыі’, напрыклад: сябра Рады БНР. Жаночая форма — сяброўка. Адпаведна ў афіцыйных зваротах міжсобку — слова мае сябра Яновіч.

Канкрэтнае значэньне слова сябра лёгка вынікае з кантэксту. Але пры перакладах здараюцца анэкдоты. У 90-я гады ў перакладзеным на расейскую тэксьце зь мяне былі зрабілі «друга БНФ».
У расейскай гэтага няма

Акрамя звыклага вы і згаданых мінулым разам спасылка вашэціды ягамосьці, у народнай традыцыі дагэтуль жыве цэлы набор пашанотных асабовых зваротаў да суразмоўцы. Прычым гэтыя словы (адрозна ад займеньніка вы) патрабуюць дзеяслова ў адзіночным ліку:

ВА́ША, -ы: Сваволіш Ваша. Худа Ваша кажаш. Гэта не для Вашы. Вашу завуць да пакою.

ВАСПА́Н (і ва́спан), -па́на: Васпану ўсё роўна — ці сяньня, ці заўтра. Васпан ня тое кажаш.

ВАСПА́НЯ (або васпані): Васпаню прасілі ў госьці. Гэта не для Васпані.
(Прыклады з слоўніка Насовіча 1870 г.)
Задоўга да Насовіча, у канцы XVIII ст., Каятан Марашэўскі напісаў знакамітую двумоўную «Камэдыю», дзе многія пэрсанажы гавораць жывой тагачаснай беларускай мовай. Вось сцэна, дзе Чорт спакушае Селяніна маўчаць:

Ч о р т. Ня вытрымаеш вось, каб на працягу адной гадзіны нічога не сказаць і ня піснуць.

Ж ы д. Гэта праўда, што васпан дабрадзей мувіс.
С е л я н і н. Ідзі проч, сьмярдзюх! Я не выцерплю, калі табе ў морду ня дам. А што маўчаць, безь цябе патрафлю.

Зваротаў ВАСПАННА (да дзяўчыны) нямала ў Купалавай «Паўлінцы».

П а ў л і н к а (як бы бядуючы). А-ей-ей! Вось табе і на! Так і не наўчуся гэтых панскіх танцаў.

А д о л ь ф. Не бядуйце вельмі. Я буду вытылінгіваць на язык, а васпанна толькі прыслухоўвайся ды вырабляй нагамі так, як і я.
П а ў л і н к а. Значыцца, будзем гуляць пад язык.

Зь цягам часу са словамі Васпан і падобнымі сталі ўжываць форму 3-й асобы. Колас, «Новая зямля»: «Ну, што нам васпан сказаць мае? — Наказ прынёс я да васпана! Наказ такі, каб заўтра зрана Твой брат Антось шоў да адбору…»

Ян Станкевіч дадае да гэтага шэрагу словы САМ, САМА, САМІ:
Калi зварачаюцца не да бацькоў або iншых старшых сваiх, дык ужываецца «самi»: «Як самi маецеся?», «Добра самi кажаце», «Куды самi iдзяце?», i г. д. Гэты-ж займеньнiк «сам, сама» ставiцца i ў адзiночным лiку, што дае адценьне большае пашаны, чымся «ты»: «Як сам маесься?», «Добра сама кажаш», «Куды сам iдзеш?» i г. д.

Якая гэта часьціна мовы? Калі дзеяслоў пры такіх словах у форме 2-й асобы (кажаш, мовіш, прыслухоўвайся) — значыць, перад намі бясспрэчна займеньнікі 2-й асобы (дакладней, pluralis maiestatis — «множнага шаноўнага» ліку). Іх няма ў афіцыйных граматыках, дзе толькі я-ты-ён-яна-яно-мы-вы-яны. Мо таму, што падобных няма ў расейскай? Літоўцы, скажам, маюць аналягічныя звароты і адпаведна багацейшую на займеньнікі школьную ды акадэмічную граматыку.
Мы не рабы, рабы ня мы
А як зьвяртацца да дзіцячай і падлеткавай аўдыторыі?
І дзяржаўнае Беларускае радыё ў дзіцячых перадачах, і часта-густа настаўніцкі цэх не мудруючы кажуць:

Рабяты!

Шасьцітамовы акадэмічны Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1980) падае на слова рабяты апакаліптычны прыклад: «Больш чым 900 тысяч беларускіх рабят носяць чырвоныя гальштукі».

У беларускай мове да слова рабяты формы адзіночнага ліку няма, што сьведчыць: яно жыўцом узята з расейскай мовы (ребёнок — ребята). Этымалёгія слова — ад старажытнага ўсходнеславянскага робъ, якое адпавядае стараславянскаму рабъ і азначае тое самае. Робенокъ, робята (адкуль цяперашнія расейскія ребёнок, ребята) — гэта літаральна «дзеці рабоў». Настаўнікі, не называйце так нашых дзяцей.
Як жа іх называць?

Па-першае — проста дзеці.

Па-другое — дзяўчаткі і хлопчыкі, калі малыя. Калі большыя —дзяўчаты і хлопцы.

Менавіта ў такім парадку — як ladies and gentlemen ці Damen und Herren ці спадарыні й спадары.
І правільна казаць у множным ліку — дзяўчаты (адна дзяўчына),дзяўчаткі (адна дзяўчынка). Зноў жа Юрась Бушлякоў нагадвае: словы «дзяўчынкі» і «дзяўчыны» ўжываюцца, але толькі ў спалучэньнях зь лічэбнікамі дзьве, тры, чатыры: дзьве дзяўчыны, чатыры дзяўчынкі.
На жаль, савецкія слоўнікі блыталі людзей, утвараючы ад словадзяўчынка множную форму дзяўчынкі. Нарэшце ў 1996 годзе Тлумачальны слоўнік зафіксаваў лікавую па́ру дзяўчынка — дзяўчаткі,якая цалкам адпавядае народнаму канону.

 

Advertisements
This entry was posted in навучальныя матэрыялы and tagged , , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s