БАГДАНАВА ТАЯМНІЦА

–          Яшчэ не спіш, Богусь? – медсястра Зося забегла ў палату, хуценька змяніла бялізну на суседнім ложку. – Зараз суседа табе прывязу.

Багдан сеў на ложку, асцярожна пацягнуўся, шукаючы адгалоскі болю ў спіне. Сёння не балела. Думкі адразу ж пераключыліся на новага суседа. Які ён будзе? Дробны і чарнявы, як Юрка з трайным пераломам рукі, што хваляваўся, ці зможа граць на гітары, і клікаў увесь час у сне маму? А можа, дылда-зануда, кшталту белабрысага Альберта, што зламаў палец, і за тыдзень змучыў усю траўматалогію, змяніўшы пяць палат? Альбо як філосаф Гардзіян, пакусаны шалёным сабакам, за якога перажывалі ўсе апроч яго самога? Багата суседзяў перабыло ў палаце з Багданам за паўгады!

І вось дзверы прачыніліся, у палату заехала крэсла. Спачатку Багдан убачыў рудыя ўскалмачаныя валасы і загіпсаваную ад сцягна да пяткі нагу. Зося дапамагла новенькаму перабрацца на ложак і выйшла. Хударляваму кірпатаму хлапцу было на выгляд на год менш за Багдана. Павазіўшыся крыху ў ложку, новенькі нарэшце павярнуўся да суседа.

–          Я Бронік. Хочаш яблык?

–          Хачу. Дзякуй,- Багдан няспешна падышоў да суседа і, угрызаючы сакавіты яблык, прадставіўся:

–          Я Багдан. Калі трэба дапамога – кажы.

–          Ведаеш, як з гэтым вазком упраўляцца?- Бронік паказаў на каляску. Багдан ахвотна патлумачыў, як кіраваць коламі, дзе тормаз. Бронік яму адразу спадабаўся.

–          Як ты трапіў сюды? –  спытаў ён новага суседа.

–          Праз футбол!- важна адказаў той. – Атрымаў пас, хацеў ужо па браме прабіць, ды наступіў на ўласны матузок. Бразнуўся, куча-мала зверху… Усе паўскоквалі, а я не магу. Гляджу, а ў мяне косткі праз скуру тырчаць і кроў расплываецца па зямлі… Адкрыты пералом! Месяцы два, сказалі, гіпс насіць буду.

–          Дык не праз футбол – праз матузкі,- зазначыў Багдан.

–          Ты што! Нават лекар у прыёмным пакоі запісаў: спартовая траўма!- не пагадзіўся Бронік. – А ты як сюды трапіў?

–          А таксама праз футбол,- Багдан вярнуўся на свой ложак. – Ішоў па лясной дарозе, за паваротам прысеў матузкі завязаць, устаю – а ззаду мікрааўтобус. Я і не зразумеў нічога. На трэці дзень апрытомнеў.

–          А пры чым тут футбол?- не зразумеў Бронік.

–          У аўтобусе футбольная каманда ехала. Яны на матч спяшаліся. А тут развярнуліся і павезлі мяне сюды. Гульню перанеслі.

–          Вось жа гэтыя матузкі!- падміргнуў Бронік.- Не завяжаш – кепска, а станеш завязваць – яшчэ горш! А што зламаў?

–          Храбетнік. Паўгады ўжо тут. Але, кажуць, пашанцавала, папраўлюся.

Багдан выцягнуўся ў ложку. Але Броніку не ляжалася. Ён то ёрзаў, то круціўся.

–          Баліць?- спытаў Багдан. Бронік не адказаў. – Першую ноч заўсёды баліць.

Багдан схадзіў у сястрынскую па медсястру. Зося прыйшла са шпрыцам, зрабіла ўкол, і Бронік заснуў да самага сняданка.

На сняданак іх пабудзіла прыбіральшчыца цёця Марыя. Багдан схадзіў да хлопцаў у сталоўку, а калі вярнуўся, Бронік ляжаў на ложку і глядзеў у столь.

–          Я сёння такі сон бачыў… Вялікая пляцоўка напалам падзеленая невысокай сеткай. У мяне ў руцэ ракетка, а на другой палове – ты, і таксама з ракеткай. І мы адно адному маленькі мячык перакідаем гэтымі ракеткамі. Набегаліся… Я выйграў. І пайшлі марожанае есці… Вось толькі выскачыла з галавы, як гульня называецца.

–          Вялікі тэніс,- падказаў Багдан.- Я ніколі ў жыцці не гуляўся. А добра было б!

–          Ракетак нямашака…

–          Затое мяч ёсць! – і Багдан дастаў з-пад падушкі шэры шурпаты мячык. – Лаві!

Яны перакідваліся  мячыкам да абеда  – аж спіна пад канец запрасіла адпачынку. Як жа добра, што ў Броніка былі цэлыя і спрытныя рукі! І толькі двойчы давялося асцярожненька апускацца на падлогу, каб вылавіць мяч з-пад ложка.

На абед Багдан павёз Броніка ў сталоўку. Зразумела, Бронік ехаў сам, Багдан толькі дапамагаў кіраваць ды адчыняў дзверы. У сталоўцы было багата дзяцей. Бронік знаёміўся з усімі, Багдан адышоўся да стаячых месцаў і моўчкі еў. Добра было б мець “свайго” сябра, толькі для сябе, але ж Бронік не такі… І раптам ён не паверыў сваім вушам.

–          Багдан, кінь мячык!- крыкнуў Бронік.

Спярша Багдан зрабіў выгляд, што не пачуў. Мячык быў ягонай таямніцай, адзінай радасцю за ўсе паўгады… Але краем вока хлопец убачыў, як дробны Бронік няўклюдна спрабуе прабрацца да яго між сталоў ды крэслаў на сваёй калясцы, і ніхто яму не дапамагае… Багдан адклаў лыжку, падышоў да сябра і перадаў мяч з рукі ў руку. Сказаў толькі:

–          Глядзі, каб персанал не ўбачыў. Бо адбяруць, – і, пакінуўшы недаедзены абед на стале, пайшоў у палату.

Нават у канцы калідора яму было добра чуваць, як спрачаліся і гулі хлопцы, як соваліся па падлозе сталы… І звон шыбы ён выдатна пачуў. Вось цяпер можна было не сумнявацца: мяч страчаны. Назаўжды.

Пачуўшы, як Бронік на калясцы змагаецца з дзвярыма, Багдан адчыніў. Сусед з вінаватым выглядам праехаў паўз яго да свайго ложка, а следам у палату зайшоў лекар, Зміцер Пятровіч.

–          Баброў, яшчэ адна  падобная выхадка – выпішу! Гэта ж прыдумаць такое – талеркамі гуляццца ў тэніс! Хто цяпер шыбу аплоціць – я са сваёй зарплаты? Ці дырэктар твайго інтэрната?

Бронік насуплена маўчаў.

–          Мяч пасля выпіскі аддам,- паабяцаў лекар і выйшаў.

–          Прабач,- буркнуў Бронік.- Мяч паміж шыбамі застаўся, я не змог дацягнуцца.

–          Дык вы ў тэніс гулялі?

–          Ага! У настольны. У пінг-понг, пара на пару! Ссунулі два сталы, талеркі жалезныя ўзялі. Сетку не рабілі. Сілу ўдара не разлічыў крыху…

–          Бывае. Лепей бы вы ў хакей гуляліся.

–          У хакей?- здзівіўся Бронік.- Без коўзанкі, без канькоў – што гэта за хакей!

–          Хакей з мячом,- патлумачыў Багдан. – Клюшкі, мяч замест шайбы, трава замест лёду…

–          Не ведаў, што такі ёсць! Але ж мяча няма… і клюшак…

–          Швабру ў санітарным пакоі вазьміце. А мяч ці шайбу скруціце з паперы. Хоць шыбы цэлыя будуць,- і Багдан адвярнуўся да сцяны. Пасля ранішняй гульні пачало ныць плячо, дый мячыка было шкада…

Ён заснуў і не чуў нічога, але перад вячэрай у палату зазірнуў Бронік – засопшыся, чырвоны.

–          Так класна пагуляліся! Шкада, цябе з намі не было!

–          Мне нельга нагінацца. І рухаў рэзкіх нельга рабіць,- Багдан перакаціўся на бок і накрыў галаву падушкай. Бронік ізноў кудысці знік.

–          Богусь, чаму вячэраць не ідзеш?- у палату зазірнула Зося. – Я хацела твой мячык выбавіць, але не паспела. Зміцер Пятровіч ардынатарскую замкнуў.  Заўтра паспрабую.

–          Адкуль ты ведаеш пра мячык?- здзівіўся Багдан. Зося хіхікнула.

–          Бачыла, як бялізну на ложку мяняла. Дарма ты Баброву яго даў. Без галавы хлопец. Зламалі ўдваіх з Васькам швабру… Ну, не сумуй. Не заўтра дык пазаўтра будзе табе мяч! А Баброва хутка выпішуць.

–          А мяне?- трывожна спытаў Багдан.- Калі мяне выпішуць?

–          Зміцер Пятровіч не казаў,- развяла рукамі Зося.- Ідзі ўжо вячэраць.

Па вячэры Бронік нарэшце перабраўся ў ложак.

–          Нетрывалыя ў іх швабры зусім,- паскардзіўся ён. Багдан толькі хмыкнуў у адказ.

–          А крута было б у гольф навучыцца гуляць!- марыў Бронік.- Ідзеш сабе па полі, а ззаду служка клюшкі цягне. А ты па мячы як улупіш – паляцеў! І проста…

–          У лужыну!- не вытрываў Багдан. – Спі ты ўжо, ангельскі лорд!

–          Ну не злу-уйся, – папрасіў  жаласна Бронік. – Я ж не хацеў… Сумна ж увеь дзень нічога не рабіць… Слухай, ад швабры добрая палка засталася – можна кій зрабіць для більярда! Толькі дзе столькі шароў узяць…

–          Папрасі Ваську з пятай палаты, у іх каштан пад вакном расце. Дабранач.

Але Багдан ніяк не мог заснуць. Усё думаў пра гольф. Бліскучыя клюшкі – іх жа штук дзесяць, а мо’ і болей. Белы пругкі мяч. Высокія сцяжкі ля кожнай лункі. Акуратна падстрыжаная  трава… І ён, Багдан, чэмпіён гольф-клуба, спрабуе, адкуль вецер, выбірае момант, размахваецца, і…

–          Багдан, а лузы з чаго зрабіць? І барты…

З більярдам у Броніка нічога не атрымалася: зранку прыйшоў столяр і кій зноўку ператварыўся ў швабру. Бронік засумаваў. Багдану стала яго шкада.

–          Хочаш, я табе кніжку ў бібліятэцы вазьму? – спытаў ён. Бронік толькі рукой махнуў. І тут у палату зазірнула Зося.

–          Богусь, выйдзі на хвілінку, – паклікала яна. Багдан выйшаў з палаты і прычыніў дзверы. Зося азірнулася па баках. Сунула хлопцу ў руку мячык.

–          Глядзі, каб Зміцер Пятровіч не ўбачыў. Я з ягонай шуфляды ўзяла цішком.

–          Нядобра гэтак,- прашаптаў Багдан.

Зося падцяла вусны:

–          Магу і назад пакласці! Ды жартую! Гэта ж твой мяч. Не перажывай!

Але Багдан перажываў. І, як высветлілася, перажываў недарма. Па сняданку ў іхнюю палату зайшоў раззлаваны Зміцер Пятровіч і з парога закрычэў на Броніка:

–          Баброў, мяч сюды, альбо выпішу зараз жа!

–          Я не браў!- тут жа зацяўся Бронік. – А хочаце выпісваць – выпісвайце! Надта трэба!

–          Баброў, я не жартую! Мяч сюды! Іначай сам знайду! – і лекар нахіліўся да тумбачкі Броніка. Багдан больш не мог трываць. Хай прападзе гэты мяч, але Броніка трэба бараніць!

–          Зміцер Пятровіч, вось мяч, – хуценька сказаў ён і пачырванеў. – гэта не Баброў, гэта я ўзяў. Гэта мой мяч… мне Сычоў яго падарыў, трэнер футбольнай каманды…

Лекар устаў, чамусьці абцёр рукі аб халат.

–          Баброў… Карацей, ты мяне зразумеў.

Зміцер Пятровіч выйшаў, не зірнуўшы на Багдана.

–          Хоць бы прабачэння папрасіў! Так гарлаць!- прабурчэў Бронік.- Ну, нічога! Другі раз мяне не зловіць! Я тут разламанае крэсла бачыў. Ножкі – як сапраўдныя бейсбольныя біты! Замест пальчаткі шапку на руку можна апрануць. Васька будзе падаваць, ты лавіць, а я з бітай! Я ў інтэрнаце спрабаваў – крутая гульня!

–          Я табе больш мяч не дам,- сказаў Багдан. Бронік разгублена паглядзеў на сябра.

–          Як – не дасі? Чаму? Мы ж увечары будзем гуляць, калі ўсе дахаты пойдуць, а дзяжурная сястра будзе тэлевізар глядзець…

–          Не дам таму, што ты ізноў патрапіш у гісторыю. І тады цябе выпішуць недалечанага. У нас быў адзін такі – выпісалі за парушэнне рэжыма, а праз месяц прывезлі назад і нагу адрэзалі. Бо загнаенне пайшло.

–          Хлусіш ты ўсё. Проста табе мяча шкада. Скнара ты,- упэўнена прамовіў Бронік і адвярнуўся да сцяны. Багдан паціснуў плячамі і падышоў да вакна. На сцяжыне пад вокнамі скакала на скакалцы Ася, шасцігадовая дачка Зміцера Пятровіча. Убачыла Багдана і памахала яму рукой. Багдан памахаў у адказ.

–          Цілі-цілі-цеста! Жаніх ды нявеста,- падаў голас Бронік. Багдан павярнуўся, каб нешта адказаць, і тут Ася адчайна закрычала. Багдан убачыў чорнага калматага сабаку, які бег па сцяжыне проста на Асю.

Ён з усяе моцы ірвануў створку акна і шпурнуў мячом у сабаку, проста ў разяўленую пашчу. Міма. Але тут пачвара павярнулася, цапнула адскочыўшы ад асфальта мяч і, задаволеная, пабегла прэч.

–          Бывай, мячык,- прашаптаў Багдан. Да Асі ўжо падбег Зміцер Пятровіч, падхапіў дзяўчо на рукі. Багдан выйшаў з палаты.

–          Богусь! Богусь!- па калідоры спяшала Зося. – Зміцер Пятровіч глядзеў твае апошнія здымкі, усё добра! Цябе ў панядзелак выпісваюць! Хадзем, пазвоніш бабулі!

Пакуль яны званілі, у ардынатарскую ўваліўся раззлаваны Зміцер Пятровіч.

–          Зося, перадайце столяру, каб забіў дзірку ў плоце! Не хапала, каб тут сабакі шпацыравалі! Чорт ведае што! Ледзь Асю не падраў! Я пабег за ім, але гаспадар уцёк! А ты што тут робіш? – накінуўся ён на Багдана. – Ідзі, рэчы збірай! Заўтра дахаты!

Багдан кінуўся ў палату. Цяпер ён пачуваўся абсалютна здаровым!

Назаўтра Бронік раўніва пазіраў, як Багдан правярае тумбачку, і насуплена маўчаў. Убачыўшы з вакна бабулю, Багдан падхапіў пакет пад паху.

–          Бывай, Бронік. Папраўляйся хутчэй, – таропка развітаўся ён і, не пачуўшы адказу, выйшаў. Па калідоры ішоў Зміцер Пятровіч.

–          Вось твая выпіска. Глядзі, асцярожна! Не перанапружвацца, не скакаць, цяжар не падымаць яшчэ паўгады! І гэта табе… Ну, бывай! Больш не трапляй!

Зміцер Пятровіч паціснуў Багдану руку, як даросламу, і пайшоў. Багдан разгарнуў невялічкі скрутак. Мяч. Навюткі тэнісны мяч лімоннага колеру…

Advertisements
This entry was posted in Uncategorized and tagged , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s