ПА-БЕЛАРУСКУ ЗЬ ВІНЦУКОМ ВЯЧОРКАМ: правільныя і няправільныя абрэвіятуры ды скарачэнні

Колькі гадоў таму мая, тады малая, дачка рабіла практыкаваньне на дапісваньне канчаткаў. У яе атрымалася: заявы разглядаліся прафком(кім-кім? прафком, няўжо ня ясна? прафокіх разглядае, ну як шашок — шашком); сьпяваў камроты Весялоў — дзіцё спытала, што значыць прыметнік камроты (пэўна, як пузаты, валасаты, вялікароты…).

А яшчэ быў Старыцкі МТС, куды нехта прыехаў па разьмеркаваньні. Чаму мужчынскага роду — бо гэта мабільны апэратар!

Скажу шчыра, спачатку я рагатаў, чым дзіцё пакрыўдзіў. Потым пэдагагічна сказаў, што сьмяюся з падручніка, чым супакоіў. А потым зацяўся.

Кім засялілі падручнік беларускай мовы?Прафком, саўнарком і камротымі! Так у дзіцячай сьвядомасьці фармуецца погляд, што школьная беларуская мова ня мае нічога супольнага з рэальнасьцю (адзіная такая сувязь — МТС, які ў далёкія 50-я, пэўна, абыходзіўся без канкурэнта — Velcom). Але гаворка тут ня гэтулькі пра замшэлыя саветызмы (савет народных камісараў ці машынна-трактарную станцыю), колькі пра спосаб іх утварэньня. Бальшыня зь іх утварыліся з кавалкаў — зь першых складоў (частак) — іншых словаў.

Чалавек істота ленаватая, дзе можна абысьціся меншымі намаганьнямі — абыходзіцца. І ў мове дзейнічае прынцып моўнай эканоміі — скарачэньня. Але не бясконцага: могуць і не зразумець.

Чытаю беларускамоўную вэрсію навінаў дзяржаўнага агенцтва Белта і натыкаюся на слова дыфтарыфы. Натуральна, першая асацыяцыя — з хваробаю дыфтэрыяю (народная зьбеларушчаная назвадзехцярык). І толькі падумаўшы, цямлю: гэта ж нядаўна ўведзеныядыфэрэнцыяваныя тарыфы на электраэнэргію.

Або паспрабуйма зьнянацку зразумець, хто/што такое юрасоб. У галаве пракруціліся самыя розныя тлумачэньні ад усемагчымых Юрасёўда Jurassic Park — парку Юрскага пэрыяду; і толькі наткнуўшыся ў тым самым тэксьце на фізасобы, я ўцяміў, аб што ішлося. Юрасоб — гэта родны склон ад скарачэньня юрыдычныя асобы. Па-расейскуюрлица — во дзе прастора для беларускіх асацыяцыяў наконт іхнай юрлівасьці.

У моўнай эканоміі ёсьць рацыянальная мяжа: зразумеласьць, нормы вымаўленьня ды традыцыя адпаведнае мовы, урэшце, эстэтычныя крытэры. Возьмем «дзяржстрах». У нас гукі пад уплывам суседніх у слове могуць моцна зьмяняцца або нават зьнікаць дзеля мілагучнасьці. ж зьнікае перад наступным с: у Нясьвіжы — Нясьвіскі палац Радзівілаў. Значыць, казаць трэба — дзярстрах? Але тады слова траціць форму і гучыць зусім страшна… А двухсэнсоўная назва армейскай пасады нампатылу — намесьнік камандзера з тылавога забесьпячэньня… А часта згадваны цяпер (асабліва калі карыстацца савецкім правапісным стандартам) спецдакладчык

Складовых абрэвіятураў у беларускай мове не было да савецкага пэрыяду. Яны зьявіліся ў расейскай у гады першай усясьветнай вайны й для патрэбаў ваеннай тэлеграфнай сувязі: комполк, дегенверх (гэта не псыхіятрычны дыягназ, а дзяжурны генэрал пры штабе вярхоўнага камандаваньня), але спачатку ў друк не траплялі. Масава яны напладзіліся пасьля камуністычнай рэвалюцыі, бо дазвалялі моўнымі сродкамі зазначыць прыход новай палітычннай сыстэмы. Нарком, учхоз, политрук, шкраб: дзясяткі тысячаў. Фактычна зьявіўся новы спосаб словаўтварэньня і нават выціснуў іншыя. Назваць дзяржаўную ці грамадзкую інстытуцыю ранейшым кароткім словам не выпадала — гэта быў небяcьпечны клясавы грэх. Так офицер быў заменены на краскома (красный командир), міністэрства — на наркамат (народны камісарыят), проста банк на дзяржбанк або сберкассу/ашчадкасу. Нават Уладзімір Ленін, зазнаўшы, відаць, фантомныя болі па традыцыйнай унівэрсытэцкай адукацыі, прыйшоў у жах ад моўных гамункулюсаў і няўпэўнена спрабаваў спыніць трыюмфальнае шэсьцешкрабаў.

Ці гэтую зьяву віталі расейскія мовазнаўцы? Не. Расейскія філёлягі й творцы традыцыйнае школы балюча ўспрымалі гэтую дэструкцыю мовы. Нездарма першым словам булгакаўскага Шарыкава — «чалавека новай фармацыі» — было абырвалг (Главрыба наадварот). Існавалі кплівыя пародыі накшталт замком-по-морде ’заместитель комиссара по морским делам’. І расейская жывая народная мова такія словы не ўспрыняла: по физ-то культуре у него пятерка; в сбер-то кассу я и не заходила…

Абсалютная бальшыня складанаскарочаных словаў, утвораных з складоў, прыйшла ў беларускую мову з расейскай. І ніводная іншая мова, акрамя ўкраінскай мовы ў УССР, не пераняла гэтай словаўтваральнай мадэлі. Літоўскай навязалі хіба што kolūkis ’калгас’. Эстонцы так і пакінулі kolhoos, вечная яму памяць. Грузіны не скарачалі: კოლექტიური ფერმა. Палякі нават у ПНР абышліся ў крайнім выпадку літарнымі абрэвіятурамі (PGR — państwowe gospodarstwo rolne ’саўгас’). Ані ў літоўскай, ані ў польскай нічога падобнага да гаркамаў, завучаў, калдагавораў ці там спэцназаў няма.

Зусім невыпадкова Дж. Орўэл у сваёй антыўтопіі «1984» прыдумаў Newspeak, навамоўе таталітарнай Ангельшчыны. Ягоныя складанаскарочаныя словы — Ingsoc (Ангсац, «ангельскі сацыялізм») ці Minitrue (Мінпраў, г. зн. міністэрства праўды) — будоваю да болю нагадваюць расейскія палітбюро і камсорга.

Зь іншага боку, грэцка-лацінскія карані гідра-, аква-, агра-, электра- — не абсечаныя часткі словаў. Гідрапарк, сэйсматрываласьць, вібрасьвердзел, а нават аграмястэчка. Нельга сказаць, што аналягічная мадэль словаўтварэньня зусім невядомая іншым мовам. У ангельскай апошніх дзесяцігодзьдзяў зьяўляюцца словы накшталтmodem (modulator-demodulator), але гэта зусім іншая сфэра слоўніцтва — не грамадзкая, а тэхнічная, дый носьбіты беларускае не ўспрымаюць яго як складанаскарочанае слова). Злучэньнем складоў утвараюцца назвы гандлёвых марак, назвы фірмаў і кампаніяў кшталтуKautra (Kauno transportas) ці Белсат, які не расшыфроўваецца, а знаходзіцца ў шэрагу Viasat, Polsat, Sat Einz.

Што рабіць, калі дбаеш пра беларускасьць беларускае мовы? Найперш унікаць неўласьцівых беларускай мове скаротаў. Ня мучыцца, спрабуючы перакалькаваць расейскага худрука ці физрука. Варта ў слове прафсаюз пазбыцца русізму-царкоўнаславянізму саюзна карысьць зьвязу — і адразу чуваць, як не гучыць прафзьвяз. Усе гэтыя дзяржмяжа, міждзяржорганы, памежпераход, пэдунівэрсытэт, тэхумовы, рэчдокі лёгка раскрываюцца ў два словы (дзяржмяжа — мяжа, тут слова дзяржаўная лішняе, іншыя межы ў гэтым кантэксьце ня згадваюцца). Або і ў адно. Нашто казаць зарплата, калі ёсьцьзаробак. Ужо згаданы спецдакладчык па-беларуску будзе залежна ад выбару моўнай традыцыі) адмысловы дакладчык, спавяшчальнікабо і жыўцом узяты з ангельска-францускай рапартэр.

Натуральна, усюды складовыя абрэвіятуры не абмінеш, яны патрэбныя для апісаньня савецкіх рэаліяў (той жа гарвыканкам ніяк ня мэрыяй не магістрат). Гістарызмы-саветызмы наркамат, энкавэдэ, спэцхран — не мяняюцца і нават захоўваюцца ў першародным расейскім абліччы. У райсавеце не праглядаецца беларускі раён (і слова савет — русізм/царкоўнаславянізм; няма ў нас словасаветавацца). Скажыце генсак — вас не зразумеюць, даводзіцца на расейскі лад казаць генсек (для маладзейшых патлумачу, што гэтаГенэральны сакратар — галоўны савецкі правадыр).

Але «прэзыдэнцкі заггасп», як мэтафарычна назвалі ў прэсе начальніка адпаведнага ведамства, або «заўгас», як многія кажуць (а як такое расшыфраваць?) — чым не аканом (з школьных твораў Бядулі, а потым Караткевіча)?

Аднак наагул унікайма камбедаў як небеларускай (і неславянскай, нябалцкай — не ўласьцівай нашаму моўнаму рэгіёну) зьявы. Найбольш прыніжальная для беларускае мовы пачварка — акурат «белмова». Абсечаныя выразы белмоўны, белшкола і г. д. пярэчаць самому духу беларускае мовы. Дарэчы, і расейцы ж ня кажуць русъязык.

Не, я не выступаю супраць усіх наагул слоўных скаротаў.Абрэвіятуры ж бываюць і кароткія, складзеныя зь літараў ці гукаў пачатных словаў, як БДУ ці ЦВК ці МАЗ. Яны знаходзяцца ў рэчышчы даўняй традыцыі (узгадайма надпісы кірыліцай на крыжох І.Н.Р.І. — Ісус Назаранін Цар Юдэйскі ў стараславянскай мове, і адпаведна I.N.R.I.па-лацінску. Або таямнічыя вязаныя скароты на Скарынавых гравюрах).

Францішак Скарына

Францішак Скарына

І мусім дакладна называць літары. Ня можа быць «Бэ-Нэ-Эр», бо літара ў азбуцы завецца Эн. Значыць, толькі Бэ-Эн-Эр. Вось толькі сваю краіну ня трэба называць «эрбэ» — ня толькі таму, што гэтаксама завецца і Рэспубліка Башкартастан, але перадусім таму, што словаБеларусь ня годнае таго, каб яго заганяць у канцылярскі фармуляр.

Advertisements
This entry was posted in навучальныя матэрыялы and tagged , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s