ПРЫГОДЫ БІБІГОНА. Прыгода сёмая: вялікая перамога Бібігона

 

На наступны дзень Бібігон прывёў Цынцынэлу да нас. Цынцынэла, драбнюткая дзяўчынка, падобная да ружовай лялькі, ветліва прывіталася і, схапіўшы Бібігона за руку, скочыла з вакна проста ў сад. Такая смелая, адчайная дзяўчынка! У садзе ёй усё спадабалася: і кветкі, і матылькі, і вавёркі, і шпакі, і яловыя шышкі, і нават хуткія смешныя апалонікі, што так весела шныраць па цёплай лужыне. Бібігон не адыходзіў ад сястры ні на крок. Цэлы дзень яны бегалі па садзе, і спявалі, і рагаталі. Але раптам Цынцынэла спалохана ўскрыкнула і ў слязах кінулася да мяне: каля дальняга плота яна згледзела свайго ворага Брундуляка.

 

–         Які ён страшны!- паўтарала яна.- Якія ў яго злыя вочы! Ратуйце мяне! Ён хоча мяне загубіць!

–         Не плач, Цынцынэла,- сказаў Бібігон.- Нікому цябе крыўдзіць не дазволю! Сёння ж распраўлюся са злодзеям!

І Бібігон стаў вастрыць сваю шаблю, потым зарадзіў пісталеты і, ускочыўшы на качаня, заспяваў:

 

–         Я за любімую сястру,

Калі спатрэбіцца, памру!

І вось імчыць ён у атаку

Насустрач злому Брундуляку!

–         Ты на шляху маім не стой!

Памрэш ад шаблі ты маёй!

Ды засмяяўся Брундуляк

І адказаў герою так:

–         Гэй ты, асілак, сцеражыся,

Глядзі, каб не ператварыцца

У коніка ці чарвяка,

Ці ў каларадскага жука!

Нікому тут нездабраваць,

Калі пачну я чараваць!

 

І ён надзьмуўся, што твой шар,

Дый запыхцеў, бы самавар.

“Кара-бараз! Кара-бараз!”-

Ён паўтараў за разам раз.

Ды смела Бібігон скакаў:

Не стаў ён чарвяком, не стаў!

 

І раззлаваўся Брундуляк:

–         Чакай! Усё не проста так!

І слова страшнае ізноў

Прамовіў, можа, сто разоў!

І нават у сто першы раз –

Кара-бараз! Кара-бараз!

 

Ды не здаецца ліліпут!

І вось ужо ён тут як тут!

 

Убачыў Брундуляк, што яму не зачараваць героя, заміргаў перапалохана  вачанятамі, затрымцеў, залапатаў і захныкаў:

–         Не губі ты мяне!

Не сячы ты мяне!

Адпусці ты мяне

І даруй ты мне!

 

Ды засмяяўся

Герой у адказ:

–         Вось надыходзіць

Апошні твой час!

 

Сёння гатовы ты

ныць-скавытаць,

заўтра наноў ты

пачнеш чараваць!

 

І востры свой меч яму ў грудзі ўсадзіў –

У самае сэрца яго паразіў.

Індык паваліўся. Ад тлустага цела

Ў далёкі бур’ян галава адляцела.

А цела скацілася ў яму. Вось так

Загінуў навекі зладзей Брундуляк.

 

І ўсе засмяяліся, заспявалі, узрадаваліся. Усе збегліся пад мой балкон: і хлопчыкі, і дзяўчынкі, і старыя, і ўсе гучна крычалі:

–         Вітаем бясстрашнага героя Бібігона! Слава і гонар яму і ягонай сястры Цынцынэле!

 

І вось, як кароль, ён ідзе на балкон,

Налева, направа адвесіў паклон.

На ім ужо новая світа,

Па нізу ўся срэбрам абшыта.

У левай руцэ капялюшык

З прыгожым пяром ад жар-птушкі.

А побач, глядзіце, паненка –

Яго маладая сястра!

У яркай вясёлай сукенцы,

Ўсміхаецца новым сябрам.

 

Пераклад Алены Церашковай

Advertisements
This entry was posted in Вершы, казкі, пераклады and tagged , , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s