ПРЫГОДЫ БІБІГОНА. Прыгода шостая: чароўны палёт

 

Па шчырасці, я не паверыў яму і нават пасмяяўся з  яго. Але мінула колькі дзён, і вось нядаўна, сёмага чэрвеня, здарыўся з Бібігонам такі выпадак.

 

Сядзеў Бібігон

у цяньку пад лістом

і гучна спрачаўся

з малым куранём.

 

Тут стрыбаўка

Ў наш заляцела садок.

І шанец такі

Упусціць ён не мог.

 

І ён закрычаў:

–         Вось ён, мой самалёт!

Мне час выпраўляцца

Ў далёкі палёт!

 

Праз Афрыку рушу я

Да Парагвая,

А там і на Месяцы

Я пабываю.

 

Я цуд прывязу вам

З высокай гары! –

І злёту на стрыбаўку

Ўскочыў малы.

Зірніце, зірніце!

Над елкай ляціць –

Ажно капялюшык

ад ветру трымціць!

 

–         Бывайце! – гукае.-

Вам слова даю:

Пачварнага Цмока,

Як муху, заб’ю.

 

І мы закрычалі:

–         Куды ты? Пастой!

А рэха ў адказ адгукнулася: “Ой…”

Няма Бібігона. Ён знік назаўжды

У небе, празрыстым,

Як кропля вады.

 

Сумуе дамок на стале

Прыгожы, утульны, але…

Дамок, што мы ўсе будавалі,

Дзе мэблю паўдня майстравалі:

З лялечнай ваннай, з вялікім вакном –

Самы сапраўдны дом…

 

Жыве тут цяперака лялька Аглая.

Ды толькі Аглая – яна не жывая!

Зусім не жывая: ў ёй сэрца не б’ецца,

Яна не гарэзіць, яна не смяецца,

Яна не спявае. А наш Бібігон –

Жывы, і заўсёды няўрымслівы ён.

 

Зірнуць несуцешныя ўнучкі на неба:

Ну колькі ўжо можна чакаць?

І падаюць слёзы на кветкі, на глебу.

А стрыбаўкі той не відаць…

 

–         На Месяцы ён. Там і жыць ён застаўся.

А з нашай Зямлёй назаўжды развітаўся…

 

І доўга стаяць І сумуюць на ганку,

Глядзяць у марскія біноклі…

І крапаюць слёзы ад ранку да ранку –

Ажно і біноклі прамоклі…

 

Глядзі! Вазок стракаты

Па сцежцы тарахціць!

А ў тым вазку рагаты

Слімак-паштар сядзіць!

 

Вязуць яго спрытнюгі-

Вусатыя жукі

Ды чорныя-чарнюткія

Начныя матылькі.

Кузуркі палявыя

За тым вазком ідуць

І ў трубы залатыя

Гудуць, гудуць, гудуць!

 

Вазочак пад’язджае

Пад гэты гул ды свіст,

І слімачок кідае

На ганак нейкі ліст…

 

У скрусе ды трывозе

Мы проста на дарозе

Ліст пачалі чытаць.

А толькі прачыталі –

Тугу пазабывалі

Ды сталі рагатаць!

 

На ліпавым лісточку

У некалькі радочкаў

Нам піша Бібігон:

 

Учора ў чорнай хмары

Я перамог пачвару!

Дракон Караккакер

На ланцугу цяпер!

Збіраюся ў дарогу,

Святкуйма перамогу!

Прыміце мой паклон.

Ваш верны БІБІГОН!

 

Шчаслівыя ўнучкі:

–         Мы будзем яго

Купаць, балаваць,

Як сыночка свайго!

Жывы ды здаровы, ён едзе сюды,

Цяпер – назаўжды, назаўжды, назаўжды!

Жаданага госця ад ранку чакаем,

І лялечны домік як след прыбіраем.

Мы верым: яму спадабаецца тут,

І болей не з’едзе ад нас ліліпут!

 

Старая Фядосся з бялюткай мукі

Гарэзу малому пячэ піражкі,

А Тата і Лена краілі ды шылі

І новую шапку герою зрабілі.

Калі ўжо, калі толькі вернецца ён,

Мілы малы Бібігон!

З розных абрэзкаў ды ласкутоў,

Аранжавых, сініх, чырвоных,

Столькі пашылі драбнечы абноў –

Кашуль, камізэлек, штаноў, пінжакоў

Льняных, аксамітных, шаўковых…

Ах, толькі б вярнуўся да нас Бібігон –

Ужо ж апранецца па-моднаму ён.

 

Ды ён не вярнуўся.

Няма Бібігона!

Магчыма, яго

праглынула варона?

 

А можа, бядак

у вадзе захлынуўся,

Як раптам у сажалцы

ён апынуўся?

 

А можа, за дрэва

Крылом зачапіўся,

Упаў з самлёта

На дол і разбіўся?

 

Ды неяк на ганку

У дождж мы стаялі

І ўсё Бібігона

Чакалі, чакалі…

 

Раптам бачым малайца

На канапе з дзьмухаўца!

Ён сядзіць, нагой гайдае,

І з кузуркай невядомай,

Даўганогай, незнаёмай

Размаўляе!

Ад радасці ўнучкі мае завішчэлі,

Навыперадкі да яго падляцелі:

–         Дзе ж ты быў-прападаў?

З кім ты там ваяваў?

Выглядаеш ты стомленым, дружа!

І схуднелы, і бледны ты дужа!

Можа, ты занядужаў? Скажы!

Тут жа лекар да нас прыбяжыць!

І доўга яны цалавалі яго,

І песцілі, і сагравалі яго.

А потым спыталі нясмела:

–         Але дзе ж твая Цынцынэла?

–         Мая Цынцынэла! – ўздыхнуў Бібігон.

І змрочна зірнуў, і насупіўся ён.

–         Яна прыляцела, але да пары

Схавалася там, у лясным гушчары.

І рада бы з вамі сустрэцца яна,

Ды дужа баіцца яна калдуна:

Падступны ды жорсткі сівы чарадзей

Ёй горкае гора рыхтуе, зладзей.

Але не ўратуюць яго злыя чары:

Маланкаю я налячу на пачвару!

Промнем заззяе мой меч баявы –

Пэўна, яму не знасіць галавы.

І ён пасміхнуўся загадкава нам.

А з неба пачуўся такі тарарам!

Да хаты, хутчэй!

Пад дажджом мы спяшаем

І Бібігона ў кішэні трымаем.

Вось мы і дома! Гарбата з малінай.

Мы прастудзіцца ўжо не павінны!

І Бібігон пасміхнуўся:

–         Ізноў

Я на Зямлі! Я вярнуўся дамоў!

Мілую вашу сям’ю

Я гэтак шчыра люблю!

А зараз я б трохі паспаў.

З ворагам я ваяваў –

Трэба крыху адпачыць,

Новыя сілы набыць.

Так мяне выматаў ён,

Гэты пачварны дракон.

 

Ён сеў у фатэль, пазяхнуў,

І праз імгненне заснуў.

 

Трэба малечу накрыць

Коўдраю ды не будзіць.

Пра ўсе свае подзвігі нам

Заўтра раскажа ён сам.

Пераклад Алены Церашковай

Advertisements
This entry was posted in Вершы, казкі, пераклады and tagged , , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s