ПРЫГОДЫ БІБІГОНА. Прыгода пятая: Бібігон ды пчала.

–         Так, так, я бясстрашны, я адважны! – ганарліва паўтарае Бібігон. А тады ўскоквае на качаня, размахвае шабляй і гарлае:

 

–         Я – славуты капітан,

І не страшны мне ўраган!

І імчыць на балота, і патрабуе, каб тамтэйшыя жабоцькі крычэлі яму “ура”.

Натуральна, я ад гэтага не ў захапленні. Але як патлумачыць яму, што выхвляцца брыдка? І вось  неўзабаве хвалько атрымаў добры ўрок.

 

Аднойчы паўдня на стале ён гуляўся,

Адвагай ды спрытам сваім пахваляўся.

–         Не трэба баяцца мне дзікіх звяроў,

Бо кожнагаз іх я адужаць гатовы!

 

Мядзведзь у бярлог

Уцякаў ад мяне.

Звалю і мядзведзя,

Ты верыш ці не?

 

І не народзіўся

такі насарог,

Якога б я ў бойцы

адужаць не мог!

 

Вось гэтай рукой

Небараку-ільву

Кудлатую пысу

На раз адарву!

 

Ды тут над сталом

дзве асы праляталі.

–         Божа! – крычыць ён, –

Ратуйце мяне!

І ад яе,

Як ад тыгра з Бенгаліі,

Проста ў чарнільніцу

як нырцане!

Добра, што нашая Міла

Яго за чупрыну схапіла.

Быў бы малечы капут –

Бывай назаўжды, ліліпут!

 

А вы б паглядзелі,

Які недарэчны,

Кудлаты ды мокры

Быў наш чалавечак!

І брудны – з ног да галавы,

Ссінелы і ледзьве жывы.

 

Мы схапіла малога брудноту,

Мыйдадзіру панеслі работу.

Цэлы дзень Мыйдадзір яго чысціў ды мыў,

Але брыдкіх чарніл не адмыў. Не адмыў!

Толькі ўнучкі мае не сумуюць.

Як раней, Бібігона цалуюць.

–         Падумаеш, важная рэч!

Мы й чорнага любім не менш!

Чарнілы не зменяць натуры,

Ён мілы нам і чорнаскуры!

А хоць бы й чырвоны ці буры…

 

Не бянтэжыцца й малеча –

Бібігону ўсё дарэчы.

Зранку па двары гуляе

Ды дзятве распавядае:

– Па Каўказе я бадзяўся,

У Чорным моры я купаўся!

Мора Чорнае чарнюткае –

Ўсё чарніламі паўнюткае!

Нырцануў туды – і разам

Апынуўся чарнамазым!

Пачарнелі нават косці!

Хай на Месяцы зайздросцяць!

 

 

–         А чаму ты гаворыш пра месяц, Бібігон? – спыталіся ў яго Тата і Лена.

–         Бо Месяц – мая радзіма!

Унучкі засмяяліся.

–         Што за лухта!

А Бібігон паглядзеў на іх і з гонарам прамовіў:

 

–         На Месяцы я нарадзіўся.

А на Зямлю я ў сне зваліўся.

На Месяцы мой родны кут.

Граф Бібігон дэ Ліліпут –

Так называлі там мяне.

Вярнуцца б… Але, пэўна, не…

 

–         А навошта табе ляцець на Месяц? – спыталі ў яго Тата і Лена. Ён доўга маўчаў, а потым паказаў на Месяц і ўздыхнуў:

 

–         Сястра адзіная мая

Жыве там.

Памятаю я

Шчаслівага маленства дні,

Калі мы разам з ёй жылі.

Там у яе цудоўны сад.

Дзе зоры , нібы вінаград,

Такімі гронкамі вісяць…

Зачэпіш злёгку рукавом –

Яны пасыплюцца дожджом!

О, я гатовы ўсё аддаць,

Каб зноў на Месяц завітаць

І з ёй прайсціся па палях,

Што перарэзаў Млечны Шлях,

Дваіх у садзе пагуляць

Ды спелых зорак назбіраць,

Агледзецца ў апошні раз –

І на Зямлю зляцець, да вас,

У Перадзелкіна, сюды,

І пасяліцца назаўжды!

 

–         Няўжо ж гэта праўда? – здзівіўся я. – Няўжо ў цябе на Месяцы засталася сястра?

Бібігон уздыхнуў засмучана і ціха прамовіў:

 

–         Мая сястрычка Цынцынэла

Сумуе, плача што ні дзень.

Яна даўным-даўно хацела

За мною на Зямлю ляцець.

 

Яе вартуе трохгаловы

Агідны ды пачварны Цмок.

І з ім, зладзеем стапудовым,

Ніхто падужацца не змог.

Але надыйдзе час расплаты,

Мне разлічыцца з ім пара,

І больш не ўбачыць неба ў краты

Мая адзіная сястра.

 

Пераклад Алены Церашковай

This entry was posted in Вершы, казкі, пераклады and tagged , , , , , , , , , , . Bookmark the permalink.

Leave a comment

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.