ПРЫГОДЫ БІБІГОНА. Прыгода чацвертая: Бібігон ды варона

Аднойчы Бібігон убачыў, як злая варона схапіла гусяня і хоча несці ў сваё гняздо. Ён падбраў камень і шпурнуў у варону. Тая спужалася, кінула гусяня і паляцела прэч. Гусяня засталося жыць.

Але прайшло тры дні –

І спусцілася варона

з вышыні,

І схапіла Бібігона

за штаны.

Ды без боя не здаецца

Бібігон!

Выдзіраецца ды б’ецца

Бібігон!

Ды калі ўжо апынуўся

ў гняздзе,

Паратунку ты не знойдзеш

Анідзе…

У гняздзе –

Глядзі, якія

Непрыгожыя ды злыя

Васемнаццаць птушанят,

Нібы злодзеі ліхія,

Касавурацца-глядзяць!

Васемнаццаць птушанят

На няшчаснага глядзяць,

Гучна каркаюць, а самі

Ўсё дзяўбуць яго насамі!

Хтосці выгукнуў зласліва:

–         Паплаціўся, дураслівец!

Гэта за кустамі бэзу

Прытаіўся Брундуляк!

–         Вось цяперачкі, гарэза,

Не адкруцішся ніяк!

Толькі ў гэтую хвілінку

Ўнучка ўлезла на сарай

І маленькаму хлапчынку

Кветку кінула:

–         Трымай!

–         Шчыра дзякую, Алена,

За цудоўны парашут!-

І дзяўчыне на калені

Ліха скочыў ліліпут.

Але адразу ж саскочыў на дол і як нічога не было пабег з двара да сяброў. А сяброў у яго – безліч: і на балоце, і ў лесе, і ў садзе. Усе любяць бязбашаннага Бібігона: вожыкі, трусікі, сарокі, жабкі.

Дзве вавёркі прыбягалі,

У “квача” паўдня ганялі.

І скакалі несупынна

У шпака на імянінах.

А сёння адшукаў бляшанку

І мчыцца цераз двор, бы ў танку.

Кідаецца ў смяротны бой

З маёю куркаю рабой…

А што ж Брундуляк?

Брундуляк мяркуе нешта нядобрае! Ён стаіць тут жа, непадалёк, пад дрэвам і думае, як загубіць Бібігона. Пэўна, ён насамрэч злосны чарадзей!

–         Так-так, ён чараўнік! –

падцвярджае Бібігон і паказвае на калматага сабаку, які бяжыць вуліцаю ў гэты момант.

–         Зірні. Бяжыць сабе Барбос.

На твой пагляд – звычайны пёс.

Не, то нябога-Агафон,

Стары вясковы пашталён.

З часопісам або з лістом

Прыходзіў ён да нас у дом.

Калдун пракляты неяк раз

Сказаў яму: “Кара-бараз!”

І знік стары той небарака.

Заміж яго – Барбос-сабака.

–         Небарака-Агафон, – уздыхаю я. – Я добра яго памятаю. У яго былі знатныя вусы!

А Бібігон сядзіць у мяне на плячы і паказвае на суседнюю дачу.

–         А вунь за веснічкі Панас

Рапуху выкінуў як раз.

Што паўгады таму, вясной,

Ён жонкай называў сваёй!

–         Але чаму ты сам не баішся злодзея? – пытаюцца ў Бібігона мае ўнучкі. – Ён жа і цябе можа зачараваць…

–         А таму не баюся,  што я смелы! – рагоча Бібігон. – Смеламу аніякія калдуны не страшныя!

Пераклад Алены Церашковай

Advertisements
This entry was posted in Вершы, казкі, пераклады and tagged , , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s