ПРЫГОДЫ БІБІГОНА. Прыгода першая: Бібігон ды Брундуляк

Я жыву на дачы ў Перадзелкіне. Гэта непадалёк ад Масквы. Разам са мной жыве ліліпут, хлопчык-з-пальчык, якога клічуць Бібігон. Скуль ён узяўся, я не ведаю. Ён сцвярджае, што ўпаў з Месяца. І я, і мае ўнучкі Тата ды Аленка – мы ўсе вельмі любім яго. Дый як жа, скажыце, яго не любіць!

Ён –

малеча-ліліпут,

Стан танюткі,

нібы прут.

Ростам, нябога, не выйшаў:

Хіба памерыцца з мышшу.

Кожная можа варона

Лёгка забіць Бібігона.

Але ён хлапчына

адважны ды бойкі:

Бясстрашна і дзёрзка

увяжацца ў бойку!

І з кожным, і з кожным

Гатовы ён біцца.

Ніколі

Нікога

Ані

Не баіцца!

Вясёлы ды лоўкі,

Малы, але ўдалы –

Такога хлапчыны

Вы век не відалі!

Вось зух! Качаняці на спіну садзіцца

І пеўніку ён напярэймы імчыцца!

І раптам наперадзе

вораг закляты:

Вялізарны, грозны

індык Брундуляк!

Гукае індык: – Брундулю! Брундулю!

Я зараз цябе загублю, задаўлю!

Смяротная гібель

яму пагражае!

А ён… не зважае!

А ён не зважае!

Малеча крычыць індыку

На скаку:

–         На раз адсяку тваю злую башку!

На індыка ён стралою ляціць,

Доўгая шпага злавесна блішчыць.

І цуд!  Ваяўнічы індык спасаваў!

Як курыца мокрая, ён задкаваў

Да плота, да леса,

За пень зачапіўся,

На спіну кульнуўся

Ды ў яму скаціўся.

І ўсе закрычалі:

Вітаем! Ура!

Славім магутнага ваяра!

Але ўжо праз колькі дзён Брундуляк ізноў з’явіўся на нашым падворку – надзьмуты, злы. Страшна было зірнуць на яго. Ён такі агромны й дужы! Няўжо ён заб’е Бібігона?

Пабачыўшы Брундуляка, Бібігон тут жа ўскараскаўся да мяне на плячо і сказаў:

–         Зірні! Вунь там стаіць індык.

Вачыма злымі зірк ды зірк.

Ды ты вачам сваім не вер,

Бо ён – не птушка і не звер.

Употайкі прыйшоў сюды,

Прыкінуўся, што ён – індык,

А сам ён – страшны чарадзей!

Ператварае ён людзей

У мышак, жабак, павукоў,

У яшчарак ды чарвякоў!

–         Не,- заспрачаўся я.- Аніякі ён не чарадзей. Ён –звычайны індык!

Бібігон паківаў галавой:

–         Ён – чараўнік. І я, і ён

Паходзім з Месяца. Сто дзён

Ён след у след за мной ідзе –

Няма спакою анідзе!

Ператварыць хацеў мяне

У мураша, ды не! Ды не,

Падступны, злосны Брундуляк!

Са мной не зладзіш ты ніяк!

Я вызвалю ўсіх тых людзей,

Што ты зняволіў, чарадзей!

Пабачыш ты, як грозны меч

Тваю башку ссякае з плеч!

Вось такі ён адважны і добры, маленькі мой Бібігон!

Пераклад Алены Церашковай

Advertisements
This entry was posted in Вершы, казкі, пераклады and tagged , , , , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s