Мыйдадзіркін

Раз прачнуўся я у ложку, 

Думаў паваляцца трошкі,
Ды падушка — на падлогу,
З ёю коўдра у дарогу,
Посцілка ляціць пад столь –
Што за жартачкі са мной? 
Я за свечку — свечка ў печ!
Я за кніжку — тая прэч,
Скок ды скок — у куток!
Я хачу папіць гарбаты.
Дзе мой самавар пузаты?
Падбягаю — але ж не!
Прэч збягае ад мяне!
Што ж такое адбылося?
І чаму усё наукола
Пераблыталася проста,
Закруцілась, нібы кола?
Нагавіцы з рукавіцамі
Паляцелі за нажніцамі.
А нажніцы — за паліцаю,
А паліца — за катом!
Ўсё нясецца, ўсё нясецца,
Мне у рукі не даецца!
Перавернуты ўвесь дом!

Раптам, сам у пене мыльнай
Ды з кульгаваю нагой,
Лезе з ваннай рукамыйнік
Ды ківае галавой:
“Ах ты, брудны, ты, мурзаты!
Як нямыты падсвінак!
А нячэсаны, калматы!
Нельга, нельга, нельга так!
У цябе на шыі — вакса,
У цябе пад носам — клякса,
На руках такія кіпці,
Ажно збеглі рукавіцы!
Ўбачыўшы такія пяты,
Боты проста зніклі з хаты!
Нават боты, нават боты
Напужаліся брудноты!

Кожны зранку падымаецца
Ды адразу ж умываецца!
Хто ў рацэ, а хто — ў расе.
Зранку мыюцца усе:
Звераняты, птушкі, людзі…
Ты адзін увесь у брудзе!
Ад цябе усе збягаюць,
Стаць і побач не жадаюць!

Я кірую цэлым войскам
Рукамыйнікаў, каўшоў,
Шчотак ды мачалак розных,
Паласатых ручнікоў!
Варта клікнуць мне жаўнераў,
Варта толькі загадаць –
Той жа момант у кватэру
Рукамыйнікі ўляцяць!
Стануць тупаць ды скакаць,
У ваду цябе макаць!
Галасі не галасі –
Тут ты рады не дасі!

Бразнуў ён у медны таз
Ды зароў: “Карабарас!”
І адразу цёткі-шчоткі
Затрашчалі, бы трашчоткі,
Сталі церці мяне:
“Будзеш мыцца ці не?
Нават тых, хто комін чысціў,
Мы адмыем чыста-чыста!
Пашаруем трохі —
Станеш ты чысцёха!”
Тут падскочыла і мыла,
Стала мыліць валасы.
Так у воку зашчаміла –
Быццам джгнулі дзве асы!
Ад мачалкі звар’яцелай
Я ляцеў, ляцеў, ляцеў…
Праз дарогу, па кустах,
Па завулках, па дварах,
Перабег цераз гарод,
Пераскочыў цераз плот…
А яна за мной імчыцца
Ды грызе, нібы ваўчыца!

Кракадзіл, з маіх сяброў,
З дзецьмі па алее йшоў.
Толькі здзіўлена раўнуў
І мачалку каўтануў!
Нібы каўку, нібы каўку,
Нібы каўку, каўтануў!
Ну, а потым зарычэў на мяне,
Гэтак злосна закрычэў на мяне!
“Ну-ка, прэч, ідзі дамоў!”— кажа мне.
“З мылам твар ды рукі мой!”— кажа мне.
“А сустрэну непамытага зноў –
Праглыну без непатрэбнае слоў!”

Прыпусціў я, як ніколі не бег!
Дома хуценька у ванну забег,
Мылам, мылам, мылам, мылам
Твар ды шыю мыў бясконца!
Змыў і ваксу, і чарнілы –
Аж заззяў нібыта сонца!

Падляцелі нагавіцы,
Папрасілі: “Апраніце!”

Тут і дранікі ў смятане
Просяцца у роцік самі,

Разам і сшыткі ды алоўкі
У партфель палезлі лоўка!

Сам Вялікі Рукамыйнік,
Мыйных Сродкаў Кіраўнік,
Як мяне агледзеў пільна,
Падарыў мне свой ручнік.
Ён мяне пацалаваў,
Ён мяне павіншаваў:
“Вось такім цябе люблю я!
Вось такім цябе хвалю я!
Бруд нарэшце ты адмыў,
Мне, старому, дагадзіў!”

Трэба мыцца ды купацца!
Дружна скажам хорам:
Тым, хто брудны ды нямыты –
Сорам, сорам, сорам!

Вітаем мыла духмянае
Ды ручнікі ільняныя!
Вітаем зубную пасту,
Вітаем грабеньчык часты!

Дык будзем жа мыцца, купацца
Ці проста вадой аблівацца
У рэчцы, у моры, у ванне,
У сажалцы, у акіяне,
У душы, у бочцы, ў вядзерцы,
У возеры — дзе давядзецца!
У брудзе не будзем нідзе!
Вечная слава вадзе!

паводле К.Чукоўскага — Алена Церашкова

 

Advertisements
This entry was posted in казкі, пераклады and tagged , , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s