Аляксандр Пушкін. Казка пра папа і Доўбню-мужыка.

Жыў-быў поп,

Талаконны лоб.
Пайшоў поп на кірмаш: прагуляцца
Ды таннейшага тавару папытацца. 
А насустрач яму Доўбня шыбуе.
Шпацыруе, куды ногі кіруюць..
“Што, бацька, так рана падняўся?
Чаго абшукаўся? ”
Кажа поп: “Трэба мне працаўнік:
Кухар, конюх і будаўнік.
А дзе знайсці мне такога
Майстру не занадта дарагога?”
Доўбня кажа: “Паслужу табе слаўна,
Працаўнік я старанны і спраўны.
Адпрацую год – табе тры пстрычкі,
А кармі мяне, бацька, кашай пшанічнай. ”

Прызадумаўся поп,
Пацірае лоб.
Невядома яшчэ, які ў Доўбні пстрык!.
Ды поп на авось спадзявацца звык.
Вось і кажа поп Доўбню: “Ладна.
Не будзе нам абодвум накладна.
На маім падворку пажыві-ка,
Свой імпэт ды спрыт мне пакажы-ка! ”

Жыве Доўбня ў паповым доме,
Спіць сабе на саломе,
Есць ад пуза – за чатырох,
А працуе – дык за сямёх.
Да святла працы ў яго даволі:
Каня зацугляе, узарэ поле,
Печ затопіць, усё нарыхтуе, закупіць,
Яечка спячэ ды сам і аблупіць.
Пападдзя на Доўбню не нахваліцца,
І папоўна на яго заглядаецца,
Стаў папёнак яго зваці таткам –
Кашу заварыць, няньчыцца з дзiцяткам.

Толькі поп адзін Доўбню не любіць,
Аніколі не прыгалубіць,
Пра адплату штодня прыгадае;
Час бяжыць, і тэрмін выбягае.
Поп не есць, не п’е, па начох не спіць,
Бо папоўскі лоб загадзя трашчыць.
Вось ён пападдзі прызнаецца:
“Так і так: і што мне застаецца?”
Баба кемлівая ад прыроды.
Кажа мужу: “Ёсць верны сродак!”
Закажы Доўбню службу звыш яго сіл,
А патрабуй, каб дакладна зрабіў.
З Доўбні ты пасмяешся на славу,
Так і выбавіш лоб ад расправы.”

Стала на сэрцы папа весялей,
Стаў ён на Доўбню пакрыкваць смялей.
Вось ён крычыць: “Дзе ты ўжо знік,
Доўбня! Гультай ты, а не працаўнік!
Слухай: плаціць абяцаліся чэрці
Мне падаткі да самай маёй смерці;
Лепшага прыбытку не жадаў бы,
Ды за тры гады ні гроша не спагнаў з іх.
Сваю кашу як даскрабеш ты,
Забяры-ка ты ў чарцей мой чынш дарэшты”.

Доўбня з папом дарма не спрачаўся,
Проста да сіняга мора падаўся;
Там ён стаў вяроўку круціць
Ды канец яе ў мора мачыць.
Паказаўся з мора стары бес.
“Доўбня, ты чаго да нас залез?”
“Матузом хачу мора муціць,
Вас, праклятае племя, круціць!”

Беса старога ўзяла тут маркота.
“Скажы, за што? Якая нагода?”
– Як за што? Вы падаткаў не плацілі,
Тры гады таму свой тэрмін прапусцілі;
Час адказ трымаць! Вось будзе нам пацеха,
Ну, а вам, нячыстым, стане не да смеху!
“Доўбнюшка, ты мо’ хоць крышку пачакаеш?
Вер, спаўна ты ўсе падаткі атрымаеш.
Пасядзі, пакуль прышлю да цябе ўнука.”
Сам мяркуе: “Доўбню падмануць не штука!”

Паказаўся з вады бесянятка.
Яўкае, бы дробны кацянятка.
“Добры дзень вам, Доўбня-мужычок;
І які спагнаць хацелі вы аброк?
Пра падаткі не было ў нас нават чуткі!
Век жылі мы тут, не ведаючы смутку.
Добра ўжо, бярыце ўсё па дамаўленню,
Непарушнаму між намі пагадненню.
Каб надалей не было нікому гора,
Хто хутчэй з нас абярнецца вакол мора –
Падчыстую забярэ сабе аброк.
Там, унізе, завязалі ўжо й мяшок.”

Засмяяўся Доўбня хітра:”Вось дык маеш!
Гэтак сам ты мае грошы атрымаеш?
Але дзе табе са мною-та цягацца,
Не здарма жа стаў я Доўбням называцца.
Гэткага паслалі супастата!
Пачакай-ка ты майго малога брата.”
Доўбня пайшоў у бліжэйшы лясок,
Злавіў двух зайцоў, пасадзіў у мяшок.
Да мора ён зноўку прыходзіць,
Ля мора чарцятка знаходзіць.
Выцягвае першага зайку:
“Ну-ка, станчы нам пад нашу балалайку!
Ты, чарцятка, яшчэ маладзенькі,
Са мною цягацца слабенькі;
Я не стану з табой часу марнаваць.
Паспрабуй спачатку брата абагнаць.
Раз, два, тры! Даганяй-ка! ”
Пабеглі нячысцік і зайка:
Нячысцік па беразе марскім,
А зайка – у лясок напрасткі.

Так далёка і чорт бегаць не звык.
Засопся, небарака, высалапіў язык…
Прыбягае да Доўбні чарцятка,
Мокры бы мыш, абціраецца лапкай,
Думае: справу спаўна зладзіць.
Зірк – а Доўбня зайчыка гладзіць,
Прыгаворваючы: “Братка мой адзіны,
Стаміўся, родны! Адпачні хвіліну!”
Бесянятка аслупянеў.
Хвосцік падцяў, нібыта здрабнеў.
На браткоў пазірае бокам.
“Пачакай, схаджу па аброк…”
Пайшоў да дзеда, кажа: “Прапаў!
Меншы Доўбня мяне абагнаў!”

Чорт стары стаў тут думаць думу.
Доўбня ж нарабіў такога шуму,
Што ўсхадзілася сіняе мора.
Вось дык гора чарцям! Вось дык гора!
Вылез чарцятка: “До’ ўжо, мужычок,
Вышлем табе мы гэты мяшок,
Толькі слухай. Бачыш палку гэтую?
Выберы сабе любую мету.
Хто найдалей палку закіне,
Той і чынш панясе на спіне.
Што ж? Ці ручкі звіхнуць баішся?
Што чакаеш? ”
“А ну, прыцішся!
Бачыш хмарку? Закіну палку,
Ды й пачну з вамі, бесамі, звалку!”

Пералякаўся чорцік дый даў нырца
Дзеду скардзіцца на Доўбню-малайца.
А Доўбня над морам шум падымае,
Чорту вяроўкаю зноў пагражае.
Вылез нячысцік: “Што сілы марнуеш?
Будзе табе чынш… ”
“Не, до’ ўжо, не надурыш! –
Кажа Доўбня.- Умовы я сам прызначу,
Задам табе, чарцяку, задачу.
Паглядзім, якая ў цябе сіла.
Бачыш, там сівая кабыла?
Кабылу падымі-ка ты,
Ды нясі яе паўвярсты;
Пранясеш кабылу – чынш ужо твой,
А не адужаеш – будзе ён мой!”
Небарака-бес
Пад кабылу падлез,
Напінаўся ён,
Надзімаўся ён,
Прыўзняў кабылу, два крокі ступіў,
На трэцім зваліўся, прытомнасць згубіў.
А Доўбня яму: “Дурнаваты бес,
Куды ж ты са мною дужацца лез?
Ты і рукамі знесці не змог,
А я, паглядзі, панясу паміж ног “.
Доўбня ўраз на кабылу сеў
Ды вярсту праскакаў, ажно пыл курэў.

Зноў да дзеда падаўся нячысцік:
Перамог яго Доўбня чыста!
Што рабіць? Чэрці склалі аброк
Ды на Доўбню ўзвалілі мяшок.
Ідзе сабе Доўбня, прытопвае,
А поп на ложку падскоквае,
За пападдзю хаваецца,
Са страху перагінаецца.
Доўбня-мужык яго адшукаў,
Плату за службу запатрабаваў.
Няшчасны поп
Падставіў лоб…
З першага пстрыку скочыў поп да столі;
З другога пстрыку пазбавіўся волі;
А з трэцяга пстрыку такога
Выбіла і розум у старога.
А Доўбня ўздыхаў: “Жыў ды жыў бы,
Каб не гнаўся, поп, за таннаю пажывай!”

1830
Пераклад Алены Церашковай, 2011.

Advertisements
This entry was posted in Вершы, пераклады and tagged , , , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s