Руды ды лысы (паводле беларускай народнай казкі)

Ехаў сын у горад. Бацька хваляваўся

Навучыць наперад ён хлапца стараўся.

– Слухай, сынок, бацьку, слухай ды вучыся:

Ты рудых ды лысых моцна сцеражыся.

– А навошта, тата? – пытаецца хлопец.  –

Ўсіх не абмінеш жа, дарогі не хопіць!

– Бойся ты рудога, бо цябе падмане,

А ў лысага розум – твой побач не стане, –

Патлумачыў бацька. Хлопец пасмяяўся

Над навукай гэткай ды ў горад падаўся.

Ехаў ды убачыў карчму пры дарозе.

– Трэба паабедаць, – вырашыў. Заходзіць.

– Добры дзень у хату! Еду я няблізка,

Можа, наліеце мне капусты міску?

Руды карчмар выйшаў, хлопчыка вітае

Ды капусты міску поўна налівае.

Лыжка замільгала – аж спацеў хлапчына.

Ветліва гаворыць, як маці вучыла:

– Добрай ты капустай, дзядзечка, частуеш!

Па рублі за лыжку прадаваць такую!

Карчмар пасміхнуўся: “Мае грошай лішку!”

За спінай у хлопца стаў і лічыць лыжкі.

З’еў хлапец да кроплі, дно падчысціў хлебам.

– Дзядзечка, дык колькі з мяне грошай трэба?

– Па рублі за лыжку – сто адзін выходзіць,

Дый дам табе зніжку: сто рублёў – і годзе!

Як ні плакаў хлопец, колькі ні прасіўся,

Аддаў усе грошы. На воз узляпіўся,

Палічыў капейкі, пачасаў за вухам:

– Праўду кажуць людзі: бацьку трэба слухаць!

Нехта там на возе едзе цераз  ельнік…

Галава на сонцы блішчыць што патэльня!

Так кіруе шпарка, і зусім жа блізка!

“Мала мне рудога, патрапіўся лысы!

Дзякуй, ды не трэба ласку мне такую!

Пазбавіўся грошай – хоць каня ўратую!”-

Збочыў ён з дарогі, пугаю страляе,

Напрасткі полем  каня паганяе.

– Мусіць, гэта злодзей! Стой! – лысы гукае

І сваю  кабылу следам паганяе.

Дагнаў-такі хлопца. За каўнер хапае:

– Што паспеў ты скрасці? – строга так пытае.

– Дзядзечка, пусціце! Я не краў нічога!

Мяне абабралі да ніткі самога!

Распавёў па праўдзе, як згубіў ён грошы,

А лысы смяецца: – Бядзе дапаможам!

Завярнулі коні, едуць у карчомку.

А карчмар ля тушы возіцца знадворку.

–         Добры дзень,  паночку!- лысы кажа з воза.-

Колькі за лапатку ты сваю папросіш?

–         Тры рублі, шаноўны. Гэтакія кошты!

Лысы з воза скочыў, даў рудому грошы,

Вынуў з-за халявы ножык даўгаваты…

І карчмар пачуўся штось ніякавата.

–         Мусіць, пан шаноўны нешта выглядае?

–         Лепшую з лапатак тваіх выбіраю.

Ну, скідай, брат, світу. А то папсуецца.

Левую лапатку рэзаць давядзецца!

–         Як – лапатку рэзаць? Пэўна, пан жартуе?

Прадаваў лапатку я, дальбог, свіную!

–         А я чуў сягоння пра такія жарты:

Па рублю за лыжку капусту прадаў ты!

Калі гэта жарты – нясі сотню, братка.

А іначай  жыва выражу лапатку!

Дзе было падзецца карчмару рудому?

–         Бяры, хлопча, грошы ды ляці дадому.

–         Дзякую, паночку, ад усяго сэрца.

Я ўжо ж ад гора не ведаў, дзе дзецца.

Буду разумнейшы, бо цяпер я знаю:

Лысыя й рудыя розныя бываюць!

Алена Церашкова

Advertisements
This entry was posted in Вершы, казкі and tagged , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s