Данік. Данута і Тэлефон

(Данік сядзіць каля тэлефона, набірае нумар. Данута побач чытае)

Данік: – Алё! Сержука паклічце. Няма? (дае адбой)

Данута (адрываецца ад книжки): – Што гэта ты, Данік, не павітаўся, не развітаўся?

Данік (паціскае плячыма): – А навошта? І так усё зразумела! (ізноў набірае нумар) Алё? А хто гэта? Алеся, Міхаська дома? Якая табе розніца, хто я? Ну, Данік гэта. Няма? А чаго галаву дурыш? (кідае слухаўку)

Данута: – Ды ты зусім не ўмееш па тэлефоне размаўляць! Трэба быць ветлівым!

Данік (амаль што злосна): – А ты сама не ўмееш!

Данута: – Умею! Умею! Вось, глядзі і вучыся!(адкладвае кнігу,бярэцца за тэлефон. Данік крыху адсоўваецца) Алё, добры дзень. Калі ласка, запрасіце да тэлефона Зосю. Гэта Данута тэле-фануе. А калі я магу ператэлефанаваць? (спалохана) Калі яна прыйдзез універсітэта? Вой, здаецца, я не туды патрапіла! Прабачце, калі ласка. (вешае слухаўку, Данік кісне са смеху)

Данік (здзекліва): – Ветліва, няветліва – а вынік аднолькавы!

Данута: – А вось і не! А вось і не! У тваіх суразмоўцаў  ад размовы з табой, напэўна ж, настрой сапсаваўся! Яны цяпер увогуле будуць баяцца да тэлефона падысці!

Данік: – Чаму гэта?

Данута: – Падумаюць, што гэта зноў ты. І слухаўку браць не захочуць!

Данік: – Ды кінь ты ўжо! Я ўсё зразумеў! Буду ветлівым!

(тэлефон знянацку пачынае званіць. Дзеці ўздрыгваюць)

Данута: – Ветлівым? Тады бяры слухаўку!

Данік: – І вазьму! (рашуча бярэ слухаўку) Алё, хто гэта?..  Я першы спытаў! Бацькоў няма. А ў чым справа? Ды я, можа, больш дарослы, чым ты! (раптам палохаецца таго, што пачуў) Таццяна Васільеўна?.. (хуценька кладзе слухаўку побач з тэлефонам) Дануся, любанькая, ратуй! Гэта нашая настаўніца! А ў мяне, як на тое, ветлівыя словы ўсе з галавы павыскоквалі! Я са страху зараз такога нагавару… Пагавары ты з ёю! Прашу цябе!

Данута: – А Данутай-занудай дражніць  не будзеш?

Данік: – Ды ніколі ў жыцці! Толькі выручы!

Данута: – Добра. (бярэ слухаўку) Добры дзень, Таццяна Васільеўна! Гэта Данута. Бацькоў няма дома, але мама хутка будзе. Я перадам, што вы тэлефанавалі. Ператэлефануеце а шостай гадзіне? Калі ласка, да пабачэння.

Данік (сцірае пот са лба): – Фу, ажно спатнеў са страху. Кажаш, а шостай ператэлефануе? Тады я пабег хутчэй! А то як раскажа Таццяна Васільеўна маме пра мяне…

Данута (здзіўлена): – Куды гэта ты?

Данік (абарочваецца з края сцэны): – Да Сяржука!

Данута: – Дык яго ж дома няма!

Данік: – Сапраўды…(задумваецца) Тады да Міхася? Не, яго ж таксама няма…

Данута (смяецца): – Во як спалохаўся! Не бойся, ніхто не ператэлефануе. Гэта наша Марына была. Проста яна захацела цябе правучыць.

Данік (таксама смяецца): – Вось дык Марына! А я ж паверыў! Слухай, Данутка! Навучы мяне ветліва размаўляць! А то так сапраўды непрыемнасцяў нажывеш… Можна, я табе патэлефаную?

Данута: – Калі ласка!

(становяцца па розных баках сцэны спінай адно да аднаго, кожны падымае руку да вуха)

Данута: – Алё?

Данік (важна): – Добры дзень! Прабачце, калі ласка, ці можна паклікаць да тэлефона Дануту?

Данута: – І вам добры дзень. Нажаль, Дануты зараз няма. Што ёй перадаць?

Данік: – Перадайце, калі ласка, што званіў Данік!

Данута: – Абавязкова перадам! Вы можаце ёй ператэлефанаваць праз гадзіну!

Данік: – Вялікі дзякуй! Да пабачэння!

Данік і Данута (бягуць адно да аднаго, пачынаюць скакаць, узяўшыся за рукі): – Наўчыўся! (спыняюцца, звяртаюцца да гледачоў):

Данік: – А вы, рабяты, ветліва размаўляеце па тэлефоне? Вучыцеся!

Алена Церашкова

Advertisements
This entry was posted in п'есы and tagged , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s