Замыкай!* (паводле беларускай народнай казкі)

Едзе ў горад пан заможны,

Гладкі, мажны – аж няможна,

Не відаць з-за шчок вачэй.

Сам кіруе. Найхутчэй

Трэба трапіць на кірмаш.

Толькі бачыць пане наш:

Воз паўзе. Марудна так.

Ды не абмінеш ніяк.

І сялянскі шэры конік

Трусіцца сабе паволі,

А паверх звязаных дроў

Спіць мужык, храпці здароў.

Як стрываць такія рэчы?

– Гэй, мужык! З дарогі прэч! –

Пан гукнуў. Мужык саскочыў

Дый узбочынай пакрочыў.

– Праязджай сабе, панок,

Хоць да д’ябла у мяшок!

– Мусіць, нейкі ты дурны!

Ты каня убок звярні!

Селянін каня распрог:

– Ўсё, паночак, далі бог!

Пан абцер спацелы лоб.

– Мусіць, здзекуешся, хлоп?

Воз з пуці прымі, зараза!

– Ты б, панок, сказаў адразу,

Што замінка будзе ў возе –

Не пацеў бы на дарозе! –

Адказаў мужык са смехам.

Пан у рэшце рэшт праехаў.

Раніцой паехаў сам

На кірмаш, шукаць аўса.

Ходзіць і ва ўсіх пытае,

Хто авёс на продаж мае.

Бачыць мужыка таго,

Ды не пазнае яго:

– Ці ня можаш падказаць,

Мо’, аўса тут дзе чуваць?

Скочыў мужычок на воз,

Уцягвае паветра носам:

– Не чуваць, паночку, не,

Нюх-та добры у мяне!

– Мусіць, ты з мяне смяешся?

Я пазнаў цябе нарэшце!

Ты –  учорашні, псякрэў!

– Ты, панок, не захварэў?

Мне гадоў ужо за трыццаць!

Ўчорашні! Як не здзівіцца!

Пан злуе: – Ты чый, халоп?

– Я? Мар’янін! Сведка – поп!

– А Мар’яна – хто яна?

– Па-царкоўнаму – жана!

– Я з табой губляю час.

Хто старэйшы там у вас?

– А! Бабуля Даміцэля,

Ёй сто год было ў нядзелю!

Пана ўжо амаль трасе.

– Каго слухаюць усе?

– Ёсць у нас хлапец адзін,

Год васьмі ці дзевяці.

Граць на дудцы – талент боскі.

Слухаем усёю вёскай!

Тупнуў пан нагой у злосці:

– Не! Каго вы баіцёся?

– Наш Піліп трымае гусі.

Не адзін я іх баюся.

Паўз  Піліпаў двор ніколі

Без дубца не ходзім болей!

– Сербанеш з табою ліха!

Хто у вас вышэй за усіх?

– А! Дык то, хіба, Аўдзей,

Ён вышэй за ўсіх людзей!

І мянушку мае – Бакшта.

Што, паночак, зноў не так што? –

Мужык пану падміргнуў.

Пан адно рукой махнуў.

Запытаў яшчэ ў каго-сьці –

Падказалі. Ён у госці

Да суседа паскакаў –

Скардзіцца на мужыка.

Твой мужык – Кандрат завецца –

Ён штораз з мяне смяецца!

І павагі ён не мае!

– Добра, зараз дапытаем!

Гаспадар гукнуў: – Кандрата!

Ну, калі ён вінаваты…

І, каб час не марнаваць,

Стаў паперы праглядаць.

Вось цівун зайшоў ў пакоі,

Цягне мужыка з сабою.

Вецер падхапіў паперы,

Бо не зачынілі дзверы.

Пан гукнуў:

– Мужык, замыкай!

– Му-у-у! – адказвае мужык.

Гаспадар пачырванеў.

– Гэта як жа ты пасмеў!

Што мне з ім рабіць, сусед?

– Бізуном надраць храбет!

Клічуць цівуна ізноў:

– Дай-ка хлопу бізуноў!

Ды Кандратка не драмаў!

У дурнога цівуна

Бізуноў вялізны пук

Проста  выхапіў ён з рук:

– Дзякуй вам, паны, сардэчны!

Ў гаспадарцы ўсё дарэчы!

Тыя аж аслупянелі.

А Кандратка – шмыг у дзверы!

І паны пасля таго

Толькі бачылі яго!

Алена Церашкова

____________________________________

*Замыкай! (Zamykaj!) – Зачыняй! (польск.)

Advertisements
This entry was posted in Вершы, казкі and tagged , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s