Як Данік і Данута ў першы клас збіраліся

Данута: – Добры дзень, рабяты!

Данік: – Прэч ганіце смутак!

Данута: – Гэта мы: двайняты Данік…

Данік: – І Данута!

Данута: – Мы – народ сур’ёзны.

Данік: – Мы – народ вясёлы!

Данута: – Заўтра – панядзелак.

Данік і Данута: – Мы ідзем у школу! (бяруць адно аднога за рукі, скачуць і паўтараюць:) Мы ідзем у школу! Мы ідзем у школу! (адпускаюць рукі, аддыхваюцца)

Данік: – А давай форму апранем!

Данута: – Давай!(разбягаюцца, вяртаюцца: ён у пінжаку, яна у сукенцы, зноўку пачынаюць скакаць)

Данута: – Хопіць, Данік! Трэба збірацца. Вось скажы: ты боты пачысціў? А партфель склаў?

Данік: – Данута-зануда! Думаеш, адна ты дарослая? Я такі самы першакласнік буду, як і ты!

Данута: – Толькі я выдатніца буду, а ты – не ведаю!

Данік: – І я таксама! І я таксама буду! Якія ў нас заўтра ўрокі?

(садзяцца адно побач з другім на падлогу, раскрываюць партфелі)

Данута (дастае дзённік): – Вось дык выдатнік, раскладу ўрокаў не ведае! Чытанка будзе!

Данік (дастае з партфеля буквар): – А я ўжо тры літары ведаю! Мне Марына паказала!

Данута (глядзіць у буквар разам з Данікам): – Ну, скажы!

Данік: – Вось гэта – А, гэта – Д, а гэта… забыўся.

Данута: – Гэта – Т! Кладзі буквар у партфель!

Данік (адкідвае буквар убок): – Паспею! Які яшчэ ўрок?

Данута: – Матэматыка!

Данік (бярэ падручнік): – А я ўсе лічбы ведаю! Глядзі: вось тры, гэта – восем, а тут – шэсць!

Данута (выхоплівае падручнік, пераварочвае): – Гэта дзевяць!

Данік (выхоплівае падручнік, пераварочвае): – А я кажу, шэсць!

Данута (ускоквае): – Дзевяць-дзевяць!

Данік (пагрозліва): – Д-добра! У Марыны спытаем! Які яшчэ ўрок?

Данута: – Маляванне!

Данік: – Я лепей за ўсіх намалюю! Давай фарбы!

(Данута дастае фарбы, пэндзаль, круціцца побач. Данік дастае альбом і  пачынае маляваць)

Данута: – І мне дай!

Данік (адсоўваецца): – Не дам! Ты не ўмееш!

Данута ( хоча адабраць альбом): – А я ўсё маме скажу!

Данік (цягне альбом да сябе): – Паспрабуй толькі! Лепей сама пусці! А, ты так?..

(моцна цягне альбом да сябе, Данута – да сябе. Віруюць па сцэне,топчучы нагамі фарбы, ўрэшце разрываюць альбом напалам. Спыняюцца, збянтэжаныя. Уваходзіць старэйшая сястра Марына)

Марына (строга): – Хто гэта ўсё раскідаў? А ну, гарэзнікі, ідзіце сюды!

Данік (з палёгкай): – Марына! А да чаго ж твой голас да мамчынага падобны!

Данута: – Толькі ты не строгая, а лагодная!

Данік: – І заўсёды нам дапамагаеш!

Данута: – І тату нічога не скажаш, праўда?

Данік і Данута (разам): – Ты – найлепшая ў свеце сястра!

Марына (ківае галавой): – Добра-добра! Расказвайце, што здарылася.

Данік: – Ды так… памалявалі крыху…

Данута: – Новымі фарбамі…

Данік: – Ў новым альбоме…

Данута: – А зараз ані фарбаў, ані альбома…(пачынаюць раўці, хапае Марыну за руку)

Марына (строга): – А ну, перастаньце! (больш лагодна) Добра, дапамагу вам. Вось вам новыя фарбы і альбом. Але калі вы зноў пасварыцеся…

Данік і Данута (хапаюць альбом і фарбы): – Не! Мы больш не будзем! Дзякуй табе, Марына!

Марына: – Бяжыце, збірайцеся ў школу! (дзеці збягаюць. Марына гледачам) І вы таксама!

Алена Церашкова

Advertisements
This entry was posted in п'есы and tagged , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s