выпускное свята ў 4 класе

http://youtu.be/ZSkHsKK_J_0

В1: – Учора мы былі малымі,

Йшлі за руку мы ў першы клас.

В2: – І вось жа выраслі якімі!

Дык прыгадаем гэты час!

ЛІТАРА “ТЫ”(паводле Л.Панцялеева)

Дзейныя асобы: хлопчык Адась 7 год, дзяўчынка Марыся (5 год), настаўніца Ю.М.

(на сцэну выходзіць А., садзіцца. Чытае. Выбягае М.)

М. – Ада-ась! Пакажы мне апошнюю літару! Ты абяцаў!!

А. – Мне ўрокі трэба рабіць!

М. – Ну Ада-ась! Пакажы-ы!

А. – Адчапіся!

(М. кідаецца на падлогу і крычыць, б’е нагамі. Адась затыкае вушы, але хутка не вытрымлівае)

А. – Ну, добра! Ідзі сюды! ( М. садзіцца побач) Глядзі: апошняя літара алфавіта – літара Я.

М. – Літара ТЫ?

А. – Не ТЫ, а Я! Запомніла? Я. Паўтары!

М. – Не Я, а ТЫ!

А. – Чаму ТЫ? Не ТЫ, а Я!

М. – Я і кажу: не Я, а ТЫ!

А. (ускоквае на ногі, злуе): – Ты што, не разумееш? Не ТЫ, а Я!

М.(таксама ўскоквае) – Разумею! Не Я, а ТЫ!

А. (крычыць) – Якая ты недарэчная! Не ТЫ, а Я!

М. (пачынае плакаць) – Ада-ась, не крычы-ы!

(выходзіць Ю.М., назірае. Дзеці не бачаць)

А. (сумеўшыся, падымае Марысю) – Не плач, Марыся! Няма чаго плакаць. Проста паўтарай за мной: Я, Я, Я!

М. (выцірае слёзы) – ТЫ, ТЫ, ТЫ!

А. (хапаецца за галаву) – Вой-вой-вой… (заўважае настаўніцу) Юлія Мікалаеўна, што мне з ёй рабіць?

Ю.М.: – Марыся, давай паспрабуем без гэтай літары.  Чытай!

М. (раскрывае кніжку) – ТЫСЬ ЛЮБІЦЬ ТЫБЛЫКІ!

А. (хапаецца за галаву) – Які Тысь? Якія Тыблыкі?

Ю.М.: – Марыся, тут напісана: ЯСЬ ЛЮБІЦЬ ЯБЛЫКІ!

М. (паказвае ў кнізе) – Яблыкі? Дык гэта літара Я?

Ю.М. – Так!

М. – Праўда Я? Праўда-праўда? Я?

А. (кладзе руку ёй на плячо) – Так! Гэта літара ТЫ!

В1: – Дзякуй Вам, Юлія Мікалаеўна, што былі  з намі цярплівай і пяшчотнай, што навучылі нас чытаць, пісаць і сябраваць!

В2: – Мы заўсёды будзем памятаць Вас – нашую першую настаўніцу!

(апладысменты)

В1: – Але даставалася ад нас не толькі настаўнікам, але і бацькам.

МАМА ПРЫХОДЗІЦЬ З ПРАЦЫ…(мініятура паводле Э.Успенскага)

Дзейныя асобы: дзеці – малодшыя школьнікі, мама.

Фанаграма: шум, вэрхал, лямант, грукат, тупат

На сцэну выбягаюць дзеці, садзяцца. Голас маці:

–          Дзеці, я дома!

  1. – Мама вярнулася з працы…
  2. – Мама ідзе разбувацца… ( з’яўляецца мама)
  3. – Мама ў кватэру заходзіць…
  4. – Мама вачыма паводзіць…

Мама (спалохана): – Быў на кватэру налёт?

Хорам: – Не-е!

Мама: – Да нас завітаў бегемот?

Хорам: – Не-е!

Мама: – Гэта – не наш пад’езд!

Хорам: – Наш!

Мама: – Можа, не наш паверх?

Хорам: – Наш!

  1. – Проста завітаў Сярожка…
  2. – Пагуляліся мы трошкі!

Мама: – Значыць, гэта не абвал.

Хорам: – Не-е!

Мама: – Слон па хаце не скакаў.

Хорам: – Не-е!

Мама (з палёгкай): – Вой, як добра! Я сама

Хвалявалася  дарма!

Схаджу ў аптэку за валяр’янкай!

(сыходзіць. Дзеці ўцякаюць пад тую ж фанаграму)

В1: – А ў трэцім класе прыйшла да нас Таццяна Фамінічна.

В2: – І што ж яна ўбачыла? А вось што!
Д1    Ў нашым класе ўсе хлапцы
Любяць вылучацца:
Хто спяваць, хто маляваць,
Хто ў снезе качацца!
Х1  Хто спазніўся на ўрок ,
Разважае проста,
Што вучыцца нікаму
Ніколі не позна!

Д2   Хлопцы нашыя ў спартзале
Штодня сілу развівалі,
Каб дзяўчатак бараніць –
Камароў на іх пабіць!

Х2  Дзве сястры спяшаліся.
Ў школу апраналіся.
Матузкі яны звязалі:
Левы – Галін, правы – Валін!

Д3   Раздалі мне сачыненне –
Што за брыдкае здарэнне!
Мама двойку атрымала
(кепска тэму раскрывала)!

Х3   Тата мне рашыў задачу,
Я стаю ў куце ды плачу:
Мне сказалі, што я ўзяў
Без дазволу інтэграл!

Д4   На ўроку напісала
Сашы тэлеграму.
У кут паставілі яго
І мяне таксама!

Х4    Я скажу, дзеля чаго
Кніжкі выдаюцца:
Па патыліцы дзяўчаты
Імі добра б’юцца!

Д5    На кантрольнай тэлефоны
Мы не можам адключаць:
Раптам трэба перамножыць
Два на тры ці шэсць на пяць!

Х5    Дзённік выкінуў на градку,
Паліваю ды кажу:
– Прарастаюць хай дзясяткі
Як грыбы пасля дажджу!

Хорам:

Мы прыпеўкі праспявалі

Строга па парадку.

Калі вы упадабалі,

Пляскайце у ладкі!
В1: Дзякуй вам за цёплы дом,

Дзякуй за сяброўства!

В2: Гімназістамі мы станем,

Хоць гэта і няпроста!

ПАДРЫХТОЎКА ДА ІСПЫТАЎ

Дзейныя асобы: хлопчык, дзяўчынка, дзядуля, бабуля, тата, мама, брат, сястра, вучні, камісія.

Выходзяць Х і Д

Д – Іспыты на носе! Трэба рыхтавацца.

Х – Нічога, у нашай сям’і ўсе вышэйшую адукацыю атрымалі. Распытаем іх, як яны рыхтаваліся.

(выходзіць Дз)

Д – Дзядуля, ты ў дзяцінстве  іспыты здаваў?

Дз – Здаваў!  Вось, бывала, выцягну білет, выйду  адказваць, а мне палова класа падказвае!

Х – Ты што, сам нічога не ведаў?

Дз – Ведаў, не ведаў, але здаваў з першага раза! (сыходзіць)

Д – Уяўляю сабе, як гэта было!

(выходзіць камісія)

К – Цягні, Васіль, білет. Якое пытанне?

Дз – Плошча квадрата і плошча круга.

К. – Калі ласка! (запісвае)

Дз – Плошча квадрата – гэта квадратная плошча. Яе мераюць квадратнымі метрамі. А плошча круга – гэта… Круглая плошча…

(з кулісы высоўваюцца 2 вучні, адначасова крычаць)

1 – а памножыць на а! пі эр квадрат!

2 – пі эр квадрат! а памножыць на а!

Дз (прыстаўляе руку да вуха) а памножыць на эр?

1 і 2 крычаць ячшэ раз.

Дз – а памножыць на эр квадрат пі!

(Дз і вучні сыходзяць, камісія застаецца, Выходзяць мама і бабуля)

Х – Мама, бабуля, а вы як іспыты здавалі?

Б. – Трэба ўсе адказы напісаць на доўгіх палосах паперы.

М – І скласці іх гармонікам!

Б – Незаўважна дастаць…

М – І падглядзець!

(М і Б – танец са шпаргалкамі. У канцы даюць хвасты шпаргалак камісіі, у танцы сыходзяць разам)

Д – Па-мойму, дзвесце дыктовак на такую паперку не ўлезе. (выходзіць тата) Тата! А ты таксама шпаргалкі пісаў?

Т – Не! Я “бомбы” рабіў! Рашэнні пісаў на асобных аркушах паперы, рассоўваў па кішэнях, а на іспыце шукаў патрэбны аркуш і здаваў яго.

(выходзіць вучань у вялікім пінжаку з двума “пачакамі”. Ледзьве сунецца)

Х – “Бомбы” на 400 кантрольных? Бамбардыроўшчык не даляціць!

Т – Можна напалам з сябрам!

(другі вучань апранае пінжак разам з першым, сыходзяць разам з татам)

Д – І гэты чалавек кажа “Вучыся, дачушка, будзеш як тата!”

(выходзіць сястра)

Х – Вунь сястра ідзе. Выдатніца. Давай яе спытаем. Валя, як ты да іспытаў рыхтуешся?

С. – Пішу адказы на нагах! Галоўнае ў гэтай справе – доўгая спадніца і… доўгія ногі! (сыходзіць)

Д (аглядае хлопца) – Цікава ты будзеш глядзецца ў доўгай спадніцы!

Х – Не тое слова!

(выходзіць брат)

Бр – Што, моладзь, засумавалі? Да іспытаў рыхтуецеся? Не плачце, я вам свой айфон дам. Запампуеце туды хоць усю бібліятэку!

Х – Ага. Настаўніца сказала, хто на іспыт тэлефон прынясе, адразу ёй падарыць.

Д – І навошта ёй 26 тэлефонаў?

Х – Слухай, Юрка, а ў нашай сям’і хоць хто-небудзь здаваў іспыты сам, сваёй галавой, без падказак, шпаргалак ды тэлефонаў?

Бр – Не памятаю такога. Але не пераймайся, проста ты будзеш першы!

Д – І я!

Вучні: – І мы!

К – І мы!

Сваякі – І мы!

(выходзіць увесь клас, фінальная песня – на тэму “Пагоня” з к \ф “Няўлоўныя мсціўцы”)

Не маем мы часу ні есці, ні спаць.

І мама ахрыпла дыктоўкі чытаць.

Ўсе гульні забыты – калі ў іх гуляць?

Іспыты, іспыты, іспыты, іспыты, іспыты здаваць.

Іспыты, іспыты, іспыты, іспыты, іспыты здаваць.

Мы множым і дзелім жы-шы цераз ы.

Мы выжыць хацелі б у гэтай гульні.

З’ядзім шакаладку і рынемся ў бой:

Дзясяткі, дзясяткі, дзясяткі, дзясяткі – усе да адной!

Дзясяткі, дзясяткі, дзясяткі, дзясяткі – усе да адной!

Мы марым увосень прыйсці ў пяты клас

І хочам убачыць там кожнага з нас.

Нягоды і радасць дзяліць напалам.

Удачы, удачы, удачы, удачы, удачы ўсім нам!

Удачы, удачы, удачы, удачы, удачы ўсім нам!

КАНЕЦ

Advertisements
This entry was posted in сцэнары and tagged , , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s