РАХМАНЫ ТАНК ДЫ ВАЯЎНІЧЫ ТРАКТАР

Каля адной вёсачкі стаяла танкавая частка. Танкаў там было шмат, ды ўсе – як на падбор: вялікія, дужыя, спрытныя, з круглымі вежамі ды агромністымі гарматамі.

Больш за ўсё танкі любілі ездзіць на палігон і там страляць па “ўмоўным праціўніку”. Ехалі, не разбіраючы дарогі: хто наўпрост праз лясок, пакідаючы паламаныя дрэўцы, хто праз поплаў, мнучы траву, а хто і праз поле, псуючы збожжа. А розныя звяры, птушкі ды жабкі  ўцякалі проста з-пад гусеніцаў.

Але быў сярод іх адзін дзіўны танк. Ён ніколі не ламаў дрэўцы і не таптаў збожжа,  мог спыніцца і чакаць, пакуль жабяня адолее каляіну, альбо качка перавядзе праз дарогу свой вывадак. Ён ніколі марна не расплюхваў сажалку і не таптаў травы. І зусім не любіў страляць, хоць і ўмеў.

Саслужыўцы заўжды кпілі з ягонай рахманасці і нават празвалі Кветачка.

А ў вёсцы жылі трактары. Працавалі яны ў полі: аралі, баранавалі, сеялі, вазілі дровы, сена, бульбу. Усе яны былі працавітыя, руплівыя. Працу любілі і лынды не білі. І толькі адзін трактар быў не такі, як іншыя.

Трактар гэты меў замест колаў гусеніцы. Таму ён быў не такі спрытны, як сябры на колах. Затое ён мог праехаць там, дзе іншыя трактары не рызыкавалі. І марыў гэты трактар служыць  у войску, як суседзі-танкі. Аднавяскоўцы кпілі з ягонае мары і клікалі яго Ваякам.

І вось аднойчы сустрэліся Ваяка ды Кветачка. Ваяка вёз прычэп з дровамі з лесу, што быў проста за палігонам, ў вёску. А Кветачка трохі адстаў ад сваіх сяброў-танкаў, каб паслухаць, як спяваюць у сажалцы жабкі.

– Дзень добры, шаноўны,- павітаўся Ваяка.

Кветачка ветліва прыўзняў гармату:

– Як пажываеце? Вы ж з гэтай цудоўнай вёсачкі?

– Так-так,- адказаў трактар. Танк падаўся яму занадта чысценькім, але гармата была сапраўдная.

– Гэта так цудоўна – жыць у вёсцы! – усклікнуў Кветачка. – Слухаць крык  пеўня… Працаваць на вольным паветры… Клапаціцца пра жывёлу ды расліны…

І Кветачка ажно прыжмурыў сматравую шчыліну, уявіўшы сабе такое жыццё.

Ваяку надзвычай уразілі гэткія разважанні.

– Няўжо нешта можа параўнацца з вайсковым жыццём? – здзівіўся ён. – Што можа быць цікавейшым за паходы, вучэнні, манэўры, стрэльбы? Я б усё аддаў за адзін дзень такога жыцця! Але ж гэта немагчыма… – і Ваяка горка ўздыхнуў.

Кветачка захацеў суцешыць яго.

– А чаму б вам не паступіць служыць у нашую частку? Паразмаўляйце з камандзірам…

– Што вы, шаноўны! – пыхнуў засмучаны Ваяка. – Я не магу і на дзень кінуць працу. Ў нас заўжды не хапае працоўных колаў!

– То, можа, я здолеў бы вам дапамагчы? – спытаў Кветачка і, не чакаючы адказу, хутка працягваў:

– У нас заўтра павінны адбыцца важныя манэўры, а камандзір часткі мне казаў, што лепей бы мне заўтра з ангара не выязджаць. То я мог бы вас падмяніць на дзень. Вы б паглядзелі манэўры, а я – вашую гаспадарку. Вы згодныя?

– Шчыры вам дзякуй!- Ваяка ажно перакруціўся на адной гусеніцы ад захаплення. – Гэта будзе самы шчаслівы дзень у маім жыцці! Я ніколі не забуду вашае ласкі, шаноўны… прабачце, я не ведаю вашага імя.

– Кветачка, – танк прыапусціў гармату. – Дазвольце даведацца, як вас зваць?

– Ваяка,- важна адказаў трактар, ён нібыта на вачох падрастаў ад радасці.

– Тады, шаноўны Ваяка, сустрэнемся на досвітку каля вунь той лагчыны. Да пабачэння!

Кветачка бразнуў на развітанне накрыўкай люка і заспяшаўся ў ангар, бо спусціліся прыцемкі. Ваяка пацягнуў свой прычэп ў вёску.

На досвітку Ваяка ўжо быў каля азначанай лагчыны. Ён вельмі баяўся, што Кветачка перадумае і не прыйдзе. Але танк прыбыў сваечасова, як заўжды чысценькі і акуратны. Павітаўшыся, паказаў дулам гарматы на недалёкі лясок:

– Наша частка вунь там. “Умоўны вораг” – за дальнім лесам. Не пераблытайце, калі ласка. А што я павінен рабіць?

– Сёння меркавалі ехаць на сенажаць,- таропка адказаў Ваяка. – Ну, дзякуй, шаноўны, бывайце!

Кветачка паглядзеў у след трактару і рушыў у бок сенажаці.

Трактары, калі ўбачылі агромністы танк, доўга не маглі ўцяміць, што ён прыехаў працаваць замест Ваякі. Нарэшце паверылі. І тут паўстала праблема: што можна даручыць рабіць Кветачку?

– Нам і Ваяку-та прыстроіць да працы было цяжка з ягонымі гусеніцамі! А ты ўвогуле нам усю сенажаць на ток стопчаш! – казалі трактары. Кветачка апусціў гармату ды маўчаў. Сапраўды, ягоныя гусеніцы пакідалі на зямлі глыбокія каляіны.

– Я бы мог вазіць сена па дарозе, – сказаў Кветачка. – Я дужы…

– Тут усе ня зломкі, – бурчэлі трактары.

– Тады я мог бы вазіць сена з-за ракі… Я легка перайду раку…

– У нас мост побач,- адмахнуліся трактары.

Кветачка змоўк. Ён не ведаў, што яшчэ прапанаваць. Але раптам да трактароў падбег чалавек. Па спалоханым твары яго было відаць, што недзе здарылася бяда.

– Хлопцы, кідайце сена, гайда за мной. З гораду ехала машына, заблукала дый трапіла ў балота,- цяжка дыхаючы, прагаварыў ён. – Трэба выцягваць! Там людзі, а дзверы заклініла! Як не выцягнем – загінуць!

Кветачку чалавек ад хвалявання нават не заўважыў.

Трактары загаманілі, сталі раіцца, як хутчэй трапіць на той кавалак балота.

– Полем трэба. Бо грунтоўкай давядзецца вялікае кола выпісваць!

– Пералескам найхутчэй. Але ж там хіба прадзярэшся!

Кветачка не стаў слухаць далей, а рвануў проста з месца ў бок пералеска, які згадвалі трактары. “Прадзярэмся!”- думаў ён.- “Толькі б паспець!”

Ваяка здалёк убачыў танкавую калону і паспяшаўся следам. Ціха прыстроіўся апошнім. Танкі бадзёра раўлі маторамі і сунуліся да леса. Ваяку ніхто не заўважаў, і трактар асмялеў. Згубіўшы пільнасць, ён не заўважыў, як калона спынілася, ледзьве не сутыкнуўся з апошнім танкам.

– Кветачка, заснуў, ці што? – раўнуў танк і пагрозліва павярнуў гармату.

– Прабачце, – праскрыгатаў трактар.

Танк утаропіўся на яго.

– Гэй, хлопцы! Гэта што яшчэ за бляшанка да нас прыбілася? Ты, часам, не варожы шпіён?

– Што здарылася, Мурзаты? Дакладвай! – самы першы танк развярнуўся і пашыбаваў да хваста калоны.

– Дакладваю,- Мурзаты прыўзняў гармату. – У калоне з’явіўся невядомы транспартны сродак без апазнавальных знакаў. Магчыма, шпег “умоўнага праціўніка”.

– Ды не шпег я!- спалохаўся Ваяка. – Я замест пана Кветачкі! Трактар я тутэйшы!

– Бачу, што не камбайн! – раўнуў першы танк.- Што ты тут робіш, бляшанка? Дзе Кветачка?

– На сенажаці,- прарыпеў Ваяка.- А я з вамі на манэўры…

Танкі зараўлі-зарагаталі. Але першы танк хутка абарваў іх весялосць.

– Адставіць! “Умоўны праціўнік” побач, а вы тут іржэце. Заварочвай гусеніцы, бляшанка, ды шыбуй на сваю… се-на-жаць! Кр-ру-гом…

– Бранябой, дазволь звярнуцца! – раптам перабіў Мурзаты.

– Звяртайся,- дазволіў Бранябой.

– Няхай гэты… Як цябе зваць, бляшанка? – павярнуўся танк да трактара.

– Ваякам зваць.

Танкі зноўку рагатнулі, але Бранябой пагрозліва павёў дулам, і ўсе змоўклі. Мурзаты працягваў.

– Няхай Ваяка правядзе выведку ў бок пазіцыяў “умоўнага праціўніка”. Ён будзе па-за падазрэннем. Зробіш, бляшанка?

Ваяка толькі ляснуў гусеніцамі.

Бранябой крыху падумаў.

– Добра. Ваяка, слухай і запамінай.

Кветачка ляцеў без дарогі. Ды што там! Танку дарога там, дзе ён едзе. Шкадаваць маладыя дрэўцы не выпадала: недзе наперадзе ў багну пагружалася машына з людзьмі.

Кветачка спяшаўся з усіх сілаў. Вось і грунтоўка на ўскрайку дрыгвы. А вось і “акно”, дзе трапіў у бяду новы армейскі “джып”.

Кветачка раўнуў машыне:

– Трымайся!

Ён збавіў ход і як мог наблізіўся да “джыпа”. Пад гусеніцамі па-здрадніцку хлюпала дрыгва.

– Трымайся за трос!

Ваяка зрабіў вялікае кола і паўз лагчынку вярнуўся да сваіх. Бранябой уважліва выслухаў даклад. Павярнуўся да байцоў.

– Мурзаты! З паловай машын аб’едзеш лес справа, зойдзеш у тыл. Астатнія – са мной.

– А я?- насмеліўшыся, спытаў Ваяка.

– А ты, бляшанка, дуй дадому. На сенажаць! – катэгарычна заявіў танк. – Хопіць з цябе манэўраў. Тут зараз такое пачнецца! Ну, рушылі!

І танкі, падзяліўшыся на дзве калоны, з гулам і грукатам крануліся з месца.

Ваяка праводзіў іх сумным позіркам, развярнуўся па-вайсковаму на адной гусеніцы і рушыў абоч пералеска. І тут убачыў Кветачку.

Танк нельга было пазнаць, так ён выбрудзіўся ў багне. А ззаду на тросе цягнуўся бездапаможны “джып”, у якім сядзелі некалькі чалавек з бліскучымі пагонамі ды ў фуражках.

– Прабачце, шаноўны Ваяка, я не здолеў падмяніць вас на працы,- цяжка сапучы, прагаварыў танк. – Ці спадабаліся вам нашыя манэўры?

– Нічога,- прамармытаў трактар. – Бывайце, пан Кветачка.

Бранябой распавядаў, як даставалі штабных генералаў з “джыпу”, а танкі раўлі і ледзь не глухлі са смеху. Усе віншавалі Кветачку, а той сціпла апускаў гармату ўсё ніжэй. Бо ратаваў ён людзей, не думаючы пра тое, хто яны і якія выгоды могуць зыходзіць ад іх асабіста для яго.

Танкавая частка ўдала перамагла “ўмоўнага праціўніка”, у тым ліку і дзякаваць Ваякавай дапамозе, і атрымала падвойную падзяку штаба: за манэўры і за аператыўнае выратаванне людзей.

Кветачка адпрасіўся ў вёску і пры ўсіх трактарах ды камбайнах перадаў падзяку слаўнаму трактару Ваяку. Трактар ліха бразнуў гусеніцамі, але ад прапановы паступіць на вайсковую службу адмовіўся.

– Ведаеце, пан Кветачка, – сказаў ён,- кожны з нас добры на сваім месцы. Вам – ваяваць, мне – араць. Але, калі ўвечары вы вольныя, дазвольце запрасць вас на нашую МТС на вечарыну. Абяцаліся быць малацілкі ды сеялкі!

Кветачка абяцаў прыйсці і развітаўся. Ён ехаў, асцярожна абмінаючы кусты і дрэвы, а ў сажалцы каля шашы спявалі жабкі.

Advertisements
This entry was posted in казкі and tagged , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s