Міхаіл Пляцкоўскі ШЧАСЛІВЫ ДЗЕНЬ

Жылі два страусяняці – Фу ды Фі. Фу быў занадта капрызным. А брат ягоны Фі  яму ў гэтым не саступаў. Прыгатуе мама Ама на сняданак манную кашу, паставіць талеркі на стол ды кліча гучна:

–          Дзеці, манная каша гатовая!

А ў адказ чуе:

–          Манная? Фу!

–          Каша? Фі!

Прыдуць страусяняты са школы, партфелі пакідаюць – і хутчэй на вуліцу мяч ганяць.

–          Час урокі рыхтаваць! – нагадае мама Ама.

–          Урокі? Фу!

–          Рыхтаваць? Фі!

–          Дапамажыце мне посуд памыць! – прасіць па абедзе мама Ама.

–          Мыць лыжкі? Фу!

–          Мыць відэльцы? Фі!

–          Тады давайце вершы вучыць!

–          Вершы? Фу!

–          Напамяць? Фі!

І так штодня. Цяпер і вы зразумелі, чаму братоў звалі Фу ды Фі.

Аднойчы мама Ама вырашыла правучыць сваіх малых і ўсур’ёз узяцца за іх выхаванне.

–          Мне прапанавалі зняцца ў кіно, – сказала яна. – Праўда, не ў галоўнай ролі, але гэта неістотна. Білет на цягнік я набыла. Вярнуся праз тры дні.

–          А мы што будзем рабіць без цябе? – зарумзаў Фу.

–          Хто нас будзе карміць? – спалохаўся Фі.

–          Вы ў мяне ўжо вялікія. Справіцеся. Хлеб, крупы ды кава – у шафе. Масла ды сыр – у лядоўні. Запомнілі? А цяпер давайце прысядзем на дарожку – і да пабачэння!

Павесіла мама Ама на шыю валізу і пайшла.

Хоць ёй і вельмі шкада было пакідаць страусянят адных.

І пачалі браты гаспадарыць.

Фу варыў манную кашу, якая штораз прыгарала. А Фі смажыў бульбу, якая заўсёды падавалася сыраватай. Але есці хацелася. Вось і елі яны і падгарэлую кашу, і недасмажаную бульбу. Елі і не крывіліся. Фу не казаў “Фу!” А Фі не казаў “Фі!” Бо не было каму тое казаць.

Толькі посуд яны не мылі. Але раптам усе чыстыя талеркі ды лыжкі скончыліся, давялося і за мыццё посуду брацца.

Да таго ж тэлевізар сапсаваўся. І пад вечар, каб ад суму не памерці, страусяняты чыталі вершы. І нават напамяць вучылі.

Праз тры дні вярнулася мама і не пазнала сваіх сыноў.

–          Хочаш, я звару табе манную кашу? – прапанаваў ёй Фу.

–          А можа, пасмажыць табе бульбы? – спытаў Фі.

Моцна здзівілася мама Ама і толькі галавой паківала.

–          Добра, пачастуйце мяне, я галодная. Але ці знойдзецца ў вас хаця адна чыстая талерка?

–          У нас усе талеркі чыстыя! – з гонарам сказаў Фу.

–          І ўсе лыжкі-відэльцы,- дадаў Фі.

Праўда, бульба была сыраватая, а манная каша трохі падгарэла, але мама ела ды нахвальвала.

–          Малайчына, Фу! Малайчына, Фі!

А потым Фу прачытаў напамяць верш са страусінага буквара. І Фі прачытаў. Гучна ды выразна.

Гэта быў самы шчаслівы дзень у мамы Амы!

пераклад Алены Церашковай

Advertisements
This entry was posted in пераклады and tagged , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s