Астрыд Ліндгрэн. У ЛЕСЕ ЗЛОДЗЕЯЎ НЯМА!

–       У лесе злодзеяў няма! – выгукнуў Петэр і ўзбег на ганак, размахваючы сваім драўляным мечам. – У лесе злодзеяў няма!

Даўно спусціліся прыцемкі, і бабуля з паўгадзіны таму вызірнула з вакна і паклікала Петэра дахаты. Але ён забавіўся на вуліцы з хлапцамі. Як жа яму падабалася гасцяваць у бабулі! І гуляцца з хлопцамі Янсанаў было стакроць весялей, чым з рабятамі ў сябе дома. Сёння яны нават стралялі з пугача!

–       У лесе злодзеяў няма! – бабулі ў варэльні не апынулася.

–       У лесе злодзеяў няма! – у гасцёўні яе так сама не было.

У каміне палаў агонь. Святла не запальвалі. У кутах гусцеў змрок. Бабуліна гушкалка стаяла ля швайнага століка. На канапе ляжалі разгорнутыя казкі “Тысяча й адна ноч”, акурат у тым самым выглядзе, у якім Петэр іх пакінуў, калі хлопцы Янсанаў за ім зайшлі.

–       У лесе злодзеяў няма! – Петэр так моцна ўдарыў драўляным мечам па канапе, што з яе вылезла маленькае белае пёрка. – У лесе злодзеяў няма!

У далёкім куце стаяў лялечны дамок, які падарылі ягонай матулі, калі яна была зусім маленькай. Цудоўны лялечны дамок, з варэльняй і сталоўкай унізе і спальняй ды гасцёўняй наверсе. У гасцёўні сядзела лялька ў блакітнай сукенцы. Звалі яе Мімі. Петэр нацэліў на Мімі пісталет і зноў крыкнуў: – У лесе злодзеяў няма-а-а!

Тут Мімі ўстала з крэсла і падышла да Петэра.

–       Што ты выдумляеш! – прамовіла яна. – Вядома ж, злодзеі ў лесе ёсць!

Твар у яе быў такі сярдзіты, што Петэр і не падумаў здзіўляцца. Яно-та было трохі дзіўна, што лялька магла гаварыць. Такое здаралася толькі ў казках. Петэр вырашыў абдумаць гэта ў вольны час. А зараз часу ў яго не было, бо Мімі насупіла бровы і сказала:

–       Вось ты бегаеш тут і гарланіш, што ў лесе няма злодзеяў, а іх там процьма! Ідзі і вызірні ў акенца маёй спальні, тады сам пераканаешся!

І яна ўзяла Петэра за руку і правяла праз гасцёўню лялечнага дамочка ў спальню. Петэр вырашыў, што некалі ўсур’ёз паразважае, як гэта ён здолеў змясціцца ў лялечным дамку. А зараз часу ў яго не было, таму што Мімі цягнула яго проста да вакенца.

–       Вызірні асцярожна з-за фіранкі, каб Фіяліта цябе не заўважыў, – сказала яна.

Петэр асцярожненька вызірнуў з вакна спальні лялечнага дамка. І хаця нічога іншага апроч бабулінай гушкалкі і швайнага століка ён не мусіў убачыць – іх ён акурат і не ўбачыў. Затое хлопчык убачыў цёмны лес і мужчыну з чорнымі вусамі ў дзіўным капелюшы і плашчы, які хаваўся за дрэвам.

–       Ну, што ты зараз скажаш? – урачыста прамовіла Мімі.- Можа, па-твойму, гэта не злодзей? Наступным разам думай, што вярзеш!

–       Здаецца, гэта… Фіяліта? – спытаў Петэр.

–       Магу ў гэтым паклясціся,- запэўніла яго Мімі. – Фіяліта, правадыр шайкі злодзеяў. У яго сорак злодзеяў, якія падпарадкоўваюцца яму па першым жа знаку.

І тут Петэр убачыў, што амаль за кожным дрэвам хаваецца злодзей.

–       Ты зачыніла дзверы? – занепакоіўся ён.

–       Так, я пакуль што ў сваім розуме і з глузду не з’ехала, – адказала Мімі.- Вядома ж, зачыніла. Бо я адна-адзінюткая, сіротка, а ў доме поўна самых сапраўдных перлін! Як жа тут не замыкаць дзвераў!

–       У цябе так многа сапраўдных перлін? – здзівіўся Петэр.

–       Паўнютка! – падцвердзіла Мімі.- Зірні сюды! – і яна паказала на пацеркі з зялёных, чырвоных, блакітных ды белых перлінак, што двойчы абвівалі ейную шыйку.

Калі маме Петэра было сем гадоў, а мама тады была ў бабулі малодшай дачкой, яна забегла неяк у краму і набыла там мяшочак шкляных перлінак за дзесяць эрэ і нанізала гэтыя самыя пацеркі для Мімі. Петэр неаднойчы чуў пра гэта.”Усё ж,- падумаў ён, – нельга сказаць, што гэта сапраўдныя перліны.”

–       Гэтыя перліны каштоўныя, вось так! – нібыта прачытала ягоныя думкі Мімі.- І гэта на іх паквапіўся Фіяліта, разумееш?

Петэр расхваляваўся не на жарты. Але Мімі не падавалася ўстрывожанай.

–       Ды ну іх, гэтых злодзеяў, хадзем лепей у варэльню ды згатуем какаву, – прапанавала яна.

З верхняга паверху ў сталоўку вялі прыступкі. Мімі перакінула нагу цераз парэнчу і з’ехала па ёй наніз, нялоўка саскочыўшы на падлогу. Петэр спусціўся следам за лялькай. Неўзабаве яны ўжо сядзелі за сталом у варэльні і пілі какаву, макаючы ў кубкі булачкі.

–       Хочаш яшчэ адну? – спытала Мімі. І вось тут яны пачулі, як нехта крадзецца за дзвярыма.

–       Фіяліта! –прашаптала Мімі і спалохана перакуліла кубак з какавай.

–       Ты ўпэўненая, што дзверы замкнёныя? – шэптам спытаў Петэр.

Яны ўбачылі, як ручка апусцілася, і пачулі, як нехта наваліўся на дзверы. Але дзверы не паддаліся.

–       Ага! Нічога не атрымалася! – прамовіла задаволеная Мімі. Крокі аддаліліся, і Петэр з Мімі кінуліся да вакна.

У лесе было зусім цёмна. Але злодзеі расклалі вогнішча, вакол якога плясалі злавесныя цені.

–       Пэўна, яны застануцца тут на ўсю ноч, – сказала Мімі.- Бахні са свайго пісталета, мы паглядзім, ці спалохаюцца яны.

Петэр прачыніў акно і стрэліў проста ў чарнюткую ноч. Стрэл быў глухі і жудасны. Паф! Злодзеі спуджана паўскоквалі. Мімі звесілася з падваконня.

–       Гэтак вам і трэба! – закрычала яна.- Цяпер ты ведаеш, што цябе чакае, Фіяліта! Вось гэты чалавек,- яна паказала рукой на Петэра,- гэты чалавек будзе бараніць мяне да апошняй кроплі крыві! – і , схапіўшы Петэра за руку, жвава перапытала: – Ці так?

Петэр кіўнуў. Так, ён будзе бараніць яе да апошняй кроплі крыві, іншага выйсця няма!

Мімі з грукатам зачыніла вакно. Пазяхнула.

–       Як бы там ні было, паспрабуйма заснуць. Толькі спачатку я мушу схаваць пацеркі. Але што, калі раптам…

–       Раптам… што? – удакладніў Петэр.

–       Раптам Фіяліта прыйдзе, пакуль мы спім, – адказала Мімі. Відавочна было, што яна вагаецца. – Хаця… я ведаю, куды мне іх схаваць,- урэшце сказала яна.- Хадзем, сам пабачыш!

Наверсе, у гасцёўні на стале стаяў гаршчок. У ім расла азалія. Мімі выцягнула кветку разам з камяком зямлі, аплеценым каранямі, паклала пацеркі на дно гаршка і пасадзіла азалію на ранейшае месца.

–       Вось цяпер абшукаешся, Спадар Пустая Башка Фіяліта!- прамовіла яна.- Клянуся, яму і блізка не хопіць розуму адшукаць такую цудоўную схованку!

Мімі пазяхнула яшчэ раз, перабегла ў спальню і кінулася на ложак. Петэр улёгся на суседні. Сваю зброю ён паклаў побач. Хто ведае, калі зброя можа спатрэбіцца!

–       Тут занадта спякотна, трэба прачыніць акно,- падала голас Мімі.

–       А як жа Фіяліта? – перасцярог яе Петэр.

–       Ды ну яго, ён не здолее ўлезці на другі паверх,- запэўніла Петэра Мімі. І прачыніла вакно. Як жа прыемна было дыхаць начной прахалодай! Петэр ужо пачаў засынаць, але Мімі раптоўна ўскочыла.

–       Ці чуеш?- прашаптала яна.

Тут і Петэр пачуў, як нехта караскаецца па сцяне дома.

Мімі і Петэр кінуліся да вакна. Там, унізе, стаўшы адно адному на спіну, стаялі ўсе сорак злодзеяў. А над імі – Фіяліта. Яго доўгія вусы ўжо навісалі над падваконнем. Тады Петэр узняў свой драўляны меч і ўдарыў Фіяліта проста па галаве, ды так, што чорны капялюш паляцеў долу. Пачуўся страшэнны грукат, усе сорак злодзеяў ухнулі наніз.

Усе, апроч Фіяліта. Ён моцна ўчапіўся ў ваконную раму. Больш за тое, ён падымаўся ўсё вышэй ды вышэй, і вось ужо закінуў доўгую нагу ў спальню. І як жахліва зарагатаў!

–       Ха-ха-ха!

–       Бягом у гасцёўню! – закрычэла Петэру Мімі.

І ў той момант, калі Фіяліта перакінуў другую нагу цераз падваконне, Мімі і Петэр захлопнулі дзверы ў гасцёўню. Мімі павярнула ключ.

–       Трэба падсунуць мэблю да дзвераў,- скамандавала яна. Яны ўжо чулі, як Фіяліта з усіх сіл торгае ручку. І паспешліва падцягнулі да дзвераў камод, а зверху нагрувасцілі ўсе крэслы, што меліся ў пакоі.

Ім было чутно, як Фіяліта несупынна бурчыць, грукаючы ў дзверы. На жаль, дзверы апынуліся нетрывалыя і неўзабаве паддаліся. Камод ссунуўся убок, і Фіяліта прасунуў у шчыліну свае агідныя вусы. Тады крэслы ўсе разам абрынуліся яму на галаву.

–          Каб мне не было так страшна, я б парагатала ад душы! – сказала Мімі.

Петэр адважна засланіў яе сваім целам. Меч ён трымаў напагатове. Доўга чакаць яму не давялося: Фіяліта адразу ж рушыў да яго. У злодзея ў руках таксама быў меч.

–       Сцеражыся. небарака!- крыкнуў ён Петэру хрыплым зламысніцкім голасам і замахнуўся мечам.

–       Сам сцеражыся, Спадар Пустая Башка!- выкрыкнула Мімі і паказала Фіяліта доўгі нос.

Пачаўся бой. Чатырнаццаць разоў прагнаў Фіяліта Петэра вакол гасцёўні, несупынна размахваючы мечам. Нарэшце здарылася жахлівае: Фіяліта выбіў меч з рук Петэра, і меч упаў на падлогу. Фіяліта хуценька наступіў на яго нагой.

–         Ідзі дамоў і кладзіся спаць, Фіяліта!- строга прамовіла Мімі.- Дарма ты ладзіш вэрхал, пацерак табе не відаць!

–       Ха-ха-ха!- зарагатаў Фіяліта.- Пабачым! – і ён пачаў шукаць пацеркі.

Мімі з Петэрам ускараскаліся на падваконне і назіралі за злодзеем.

–       Нізавошта не адшукае,- прашаптала Петэру Мімі.

Фіяліта абшукваў шуфляды, зазіраў пад дыван, ператрос падушкі на канапе, паглядзеў нават у абажуры і ў каміне. Але ў гаршчку з кветкай пашукаць не даўмеўся. Хіба мог ён падумаць, што менавіта там прыхаваныя пацеркі?

Фіяліта перавярнуў увесь дом, а Мімі з Петэрам паўсюль хадзілі за ім і хіхікалі, калі бачылі, якія глупствы ён вырабляе. Нарэшце яны вярнуліся ў гасцёўню: Фіяліта вырашыў праверыць, ці не вісяць пацеркі на цвіку ў каміне. І тут Мімі прамовіла:

–       Каб я была дурніца накшталт цябе,  я б задушылася ўласнымі вусамі.

Фіяліта  страшэнна раззлаваўся і стаў шукаць вачыма, што б зручнае кінуць у Мімі. Адзінае, што трапіла яму пад руку – гаршчок з кветкай. Злодзей ўзняў гаршчок над галавой.

Петэр і Мімі закрычалі ад жаху – натуральна, яны адразу ўзгадалі пра пацеркі. Фіяліна шпурнуў гаршок у Мімі, але яна адскочыла.

Гаршок з грукатам упаў на падлогу і разляцеўся на кавалкі. А ў ім… у ім ляжалі пацеркі Мімі.

–        Ха-ха-ха!- зарагатаў Фіяліта, убачыўшы пацеркі. – Я завалодаў імі! Нарэшце яны мае! – і брыдкімі зладзейскімі пальцамі падабраў чароўныя пацеркі. – Ха-ха-ха! – рагатаў ён, вылазячы праз акно.

Сорак злодзеяў ізноў забраліся адзін аднаму на плечы, каб Фіяліта змог злезці. Мімі паспяшалася да вакна, схапіла за вус і з усёй моцы тарганула. Фіяліта ад болю пачаў лягацца. І ўсе сорак злодзеяў кумільгнуліся наніз. Але пацеркі, на жаль, засталіся ў Фіяліта! І ён знік разам з пацеркамі ды ўсімі сваімі сарака злодзеямі ў цёмным гушчары леса.

–       Ты моцна шкадуеш свае пацеркі?- спытаўся Петэр у Мімі.

Але Мімі пляснула сябе па жывоціку і зарагатала так, што ажно падскочыла.

–       Пацеркі, што сцягнуў Фіяліта, нічога не каштуюць!- сказала яна. – Гэта толькі падробка. А сапраўдныя, каштоўныя пацеркі з перлінаў у мяне вось дзе!

І яна падышла да гаршчка, што стаяў на вакне ў гасцёўні. У гаршку расла герань. Мімі прыўзняла кветку і выцягнула з гаршка пацеркі з чырвоных, зялёных, блакітных і белых перлінак. Пацеркі былі нібы дзве кроплі вады падобныя да тых, што знёс Фіяліта.

І тут Петэр прыгадаў: мама казала, што зрабіла дзве нізкі перлінак для Мімі. У тыя часы, калі маме было сем год і яна была бабулінай малодшай дачушкай.

–       Каштоўныя перліны! – прамовіла Мімі і двойчы абвіла нізку пацерак вакол шыі. Потым зірнула на Петэра.- Ну вось, дурненькі! Вядомая справа. злодзеі ў лесе ёсць. Запомні гэта!

Нехта прачыніў дзверы ды зайшоў у пакой. Гэта была бабуля. Яна запаліла ў гасцёўні святло. Каля лялечнага дамка сядзеў Петэр і моўчкі глядзеў на Мімі, маленькую ляльку ў блакітнай сукенцы, з якой ягоная мама гэтак часта гулялася ў маленстве.

КАНЕЦ

Астрыд Ліндгрэн. Пераклад Алены Церашковай

 

 

Advertisements
This entry was posted in пераклады and tagged , , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s