ЯК КОТ З МЫШАМІ ПАСЯБРАВАЎ

Жыў у хаце шэры кот,

Празываўся ён Вуркот.

Жыў каток ды не тужыў,

Анічога не рабіў.

Гаспадыня шкадавала,

Каўбасою  частавала,

А Вуркот з клубком гуляў,

Гаспадыню забаўляў.

Ды аднойчы нейкі злодзей

У кладоўку стаў прыходзіць.

То паўбохана згрызе,

То муку парастрасе…

–          Мусіць, завялася мыш!

Ты, Вуркот, усё ляжыш?

Чым шкрабці паміж вушэй,

Лепш ідзі лаві мышэй!-

Гаспадыня кажа строга.

Аж заяўкаў кот-нябога:

–          Мяў-мяў! Што рабіць?

Я ж не ўмею іх лавіць!

Коцік енчыць, коцік плача!

Гаспадыня гэта бачыць,

Ды сама мяркуе так:

Мусіць, кот Вуркот – лайдак!

–          А, лайдачыш, абібок?

Вымятайся за парог!

Нос павесіў шэры кот,

Пералез ля брамы плот

І, саскочыўшы на дол,

У лясны гушчар пайшоў.

Лапкі ледзвечкі ідуць,

Слёзкі па вусах бягуць.

Па дарозе зайчык скача:

–          Гэй, каток, чаго ты плачаш?

–          Напаткала мяне гора:

Гаспадыня з хаты гоніць!

Я без мамы гадаваўся,

Паляваць не навучаўся.

Трэба рады даць мышам,

Але ж я не ўмею сам!

Дык празвалі дармаедам

Ды пазбавілі абеда!

Зайчык шкрабянуў за вухам.

–          Памагу табе. Паслухай:

Тут жыве ліса-махлярка,

Свойскіх птушак валадарка.

Дык яна мышкуе спраўна!

–          Вой, як добра! Вой, як слаўна!

Дзякуй, зайка-шарачок!-

І пабег у лес каток.

Просьбу лісанька пачула –

Толькі вусы аблізнула:

–          За навуку трэба плата!

Ты жа, коцю, небагаты.

Зробім так: што напалюеш,

Тым мяне і пачастуеш.

Зараз пойдзем мы на поле.

Процьма там мышэй на волі.

Ты заляжаш за купінай,

Моцна напружыніш спіну,

А як мышку ты пачуеш –

Вылятаеш ды палюеш.

Кіпці ў мышку запускай

Ды глядзі, не адпускай!

Кот смяецца:

–          Вось навука!

Зразумець яе не штука!

Я гатовы паляваць! –

І пабег мышэй шукаць.

Хітрая ліса-махлярка

За кусты забегла шпарка.

Кот схаваўся за купінай,

Моцна напружыніў спіну,

Ціха-ціха затаіўся,

З шэраю зямлёю зліўся.

Чуе: мышка запішчэла

Ды трава зашабуршэла.

Паляўнічы наш каток

З-за купіны раптам скок!

Лапамі па мышцы хлоп,

Мышку кіпцюрамі цоп!

Мышаня загаласіла,

Запішчэла, запрасіла:

–          Вой, пусціце мяне, дзядзечка каток!

Я ж вам ну хіба што на адзін зубок!

А як будзеце патрэбу мець у чым,

Абяцаюся я вам дапамагчы.

Вам няварта нават пэцкаці вусы!

Адпусціце. У маці я – адзіны сын!

І расчуліўся каток.

Пашкроб лапай жываток.

Кіпці-драпы распусціў,

Мышанятку адпусціў.

З-за кустоў ліса бяжыць.

–          Дзе здабыча? Пакажы!

–          Мышанятку я злавіў

Ды дахаты адпусціў!

Раззлавалася ліса:

–          Адпусціў яго ты сам?

Гэта ж трэба дурнем быць,

Каб злавіць ды адпусціць!

Лепей не кажы нікому!-

І ліса пайшла дадому.

Цяжка ўздыхнуў Вуркот.

–          Пэўна, я няўдалы кот!

Вось патрапіў у бяду…

Не. Напэўна, прападу.

Раптам чуе галасок:

–          Стойце, дзядзечка каток!

Мышка выбегла з травы:

–          Дзядзечка, што сумны вы?

Распавёў каток пухнаты,

Як яго пагналі з хаты.

–          Ні на што я, Вуркот, не здатны!

–          Што вы, дзядзечка, вы выдатны!

Мы агораем тое ліха.

Вы дахаты ступайце ціха.

Прабярэцеся ў сенцы лоўка

І шмыгнеце тады ў кладоўку.

Як пакажацца мыш – лавіце,

Гаспадыні сваёй цягніце.

Кіньце мышку прад яе вочы.

На канапу яна ўскочыць,

Завішчыць:

–          Забяры брыдоту!

Вы ж не будзьце тады лянотам,

А цягніце мышку на сметнік.

І як толькі зробіце гэтак,

Гаспадыня бадай ніколі

Папракаць вас не будзе болей.

Ну, а мы за вашую ласку

Хатняй  мышцы  дамо падказку,

Мышанятам, і тым накажам

Абыходзіць кладоўку вашу!

Дзякаваў ёй кот Вуркот,

Хутка бег у свой гарод,

У кладоўцы пачакаў,

Мышанятка ўпаляваў,

Гаспадыні прыцягнуў,

Кінуў, пысу аблізнуў.

Як ускочыць гаспадыня:

–          Кінь яе на сметнік, кінь!

Прэч цягні яе, брыдоту!

І пад вечар у ахвоту

Кушаў кот Вуркот каўбаску,

Мышкам дзякаваў за ласку.

І па сёння мышаняты

Абыходзяць тую хату,

Бо на печы кот Вуркот

Грэе тоўсты свой жывот.

Advertisements
This entry was posted in Вершы, казкі and tagged , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s