Жыў у доме 7-1
Над кватэрай нашай
Малады грамадзянін
Па мянушцы “бакшта”.
Меў ён прозвішча Сцяпанаў,
Сцёпам быў для сябрукоў.
Вырас – стаў галоўны самы
З навакольных бальшуноў.
Паважалі дзядзьку Сцёпу
За такі яго памер.
Йшоў дадому дзядзька Сцёпа –
Бачылі за кіламетр.
Ліха крокі адмяралі
Вялічэзныя сандалі
Сорак восьмага памера!
(я сляды рулеткай мерыў!)
Па кашулю зойдзе ў краму:
– Мне памер вялікі самы!
А тады шукаў штаны
Фантастычнай шырыні.
Знойдзе, купіць, апранецца,
Да люстэрка павярнецца –
Толькі швы на іх трашчаць,
Долу гузікі ляцяць.
Праз любы высокі плот
Мог зірнуць ён у гарод.
Падымалі брэх сабакі:
– Лезе вор у гаспадарку!
У сталоўцы дзядзька Сцёпа
Два абеды замаўляў.
На канапу клаўся Сцёпа –
Ногі на ўслончык клаў.
Лямпачку мяняў з парога.
І заўсёды у кіно
чуў:
– Ды сядзьце на падлогу!
Вам, спадар, усё адно!
Але вось на стадыён
Без квітка праходзіў ён:
Прапускалі дзядзьку Сцёпу,
Меркавалі, чэмпіён.
Дзядзьку Сцёпу ведаў кожны.
Да яго звярнуцца можна
Ў выпадку любой бяды.
Дапаможа ён заўжды.
З дрэў не раз здымаў катоў,
Змея ратаваў з дратоў,
І таго, хто не дарос,
На парад на карку нёс:
Бачыць і дзятва павінна
Моц ваенную краіны!
Ўсе любілі дзядзьку Сцёпу,
Паважалі дзядзьку Сцёпу,
З дзядзькам Сцёпам сябравалі
Ўсе малыя са двароў.
Ён дадому паспяшае.
– Як жывеш?- дзятва гукае.
Раптам чхне – драбнеча хорам:
– Дзядзька Сцёпа, будзь здаровы!
Раніцою дзядзька Сцёпа
Хуценька з канапы ўскокваў,
Насцеж вокны адчыняў
Ды халодны душ прымаў.
А тады зубною шчоткой
Дбайна зубы шараваў.
Едзе вершнік у сядле,
Ногі цягне па траве.
Гэта едзе дзядзька Сцёпа
Па бульвары на асле.
Тут жа раяць Сцёпу людзі:
– Паспрабуйце на вярблюдзе!
На вярблюдзе ён паехаў –
Пакаціліся са смеху:
– Гэй! Замнога кашы кушаў!
– Злазь, вярблюда ты раздушыш!
– Вы відалі бальшуна?
– Лепей асядлай слана!
Дзядзьку Сцёпу дзве хвіліны
Да скачка яшчэ чакаць.
Парашут вісіць за спінай,
Хвалявання не схаваць.
А народ вакал рагоча:
– Вышка з вышкі хоча скочыць!
Пад маленечкі навес
Дзядзька Сцёпа ледзьве ўлез.
– Вось вам грошы, дайце стрэліць.
Я ў той шар хачу пацэліць.
Азірнуўшыся на тыр,
Адказаў яму касір:
– Давядзецца на калені
Вам, спадар, са стрэльбай стаць.
Бо іначай да мішэні
Можаце рукой дастаць!
Будзе тлумна, будзе ярка
Аж да ранку ў нашым парку.
Будзе музыка грымець,
Будзе публіка шумець.
Папрасіў Сцяпан у касе:
– Я прыйшоў на карнавал!
Дайце маску, калі ласка,
Каб ніхто не пазнаваў!
– Вас, спадар, пазнаць няпроста!-
Ззаду смех усё гучней.-
Вось хіба па Вашым росце!
Вы, спадар, за ўсіх вышэй!
Крык! Там нехта у бядзе!
Хлопчык-школьнік у вадзе!
Ён упаў з адхону ў рэчку,
Памажыце чалавечку!
Тут жа, на вачох натоўпа,
У ваду ступае Сцёпа.
Хай вакол віруе пена,
Хвалі б’юць па мосце –
ўсё Сцяпану па калена
Пры ягоным росце.
Дзякуй Сцёпу, жыў-здароў
Хлопчык Віця Іваноў.
За учынак смелы, годны
І падзяка, і пашана.
– Папрасіце што заўгодна!-
Анічога не шкада нам!
– Я падзякі не чакаў.
Я за так уратаваў.
Паравоз стралой ляціць.
Машыніст у шкло глядзіць.
І гаворыць качагару:
– Ну-ка, брат, паменей пары!
Ад вакзалу да вакзалу
Я наездзіў тут нямала,
І даю табе я слова:
Семафор вось гэты – новы!
Пакрысе да семафора
Набліжаюцца: падман!
Аніякіх семафораў!
Каля рэйкі ўстаў Сцяпан!
– Навальніца лютавала,
Дык вада падмыла шпалы,
Вось я руку і падняў,
Каб цягнік ваш гамаваў.
Што за дым над галавою?
Што за грукат? Вой-вой-вой!
Дом палае на рагу.
Ўсе пажар глядзець бягуць.
Вось пажарны ўзяў “штурмоўку”
І сцяну штурмуе лоўка.
А другі “рукаў” трымае,
Палівае, палівае…
Полымя шугае злосна,
Ўсё гарышча занялося.
У вакенцы – галубы:
Шэры, белы і рабы…
Дзеці жаляцца Сцяпану:
Птушак ратаваць не стануць!
Дзе на птушак тых глядзець,
Тут людзям бы ацалець.
Дзядзька Сцёпа рукі цягне
Праз агонь і чорны дым.
Спрытна фортку адчыняе…
– Чык-чырык! Ляцім! Ляцім!
Вылятаюць праз акенца
Васемнаццаць галубоў,
А за імі – верабейка.
Вось жа радасць для хлапцоў!
Стаць пажарным тэрмінова
Дзядзьку Сцёпу раяць людзі.
Ён жа вунь які здаровы!
І з агнём спраўляцца будзе.
– Не, – адказвае Сцяпанаў.-
Не жадаю быць пажарным.
Я на флот служыць пайду.
Калі ростам падыйду.
Ў калідоры смех і топат.
Тлумна нават у двары:
Ў кабінете дзядзьку Сцёпу
Аглядаюць дактары.
– Нахіліцеся, шаноўны,-
Медсястрычка ставіць крэсла,-
Не дастанем усё роўна!
Як жа доктару далезці?
Мы пераканацца хочам,
Перш чым возьмем вас на службу,
Што выдатна бачаць вочы
І дакладна чуюць вушы.
Сэрца слухалі старанна,
Кажуць: б’ецца беззаганна!
Рост вялікі, ды нічога:
Ў войска возьмуць і такога.
Ды якому войску трэба
Бакшта гэткая пад неба?
– У танкістах вам не месца:
І без вас у танку цесна.
Не бярэ вас і пяхота ,
Вам акоп капаць – работа!
З вашым ростам у пілоты?
Не пацягнуць самалёты.
Не знайсці пад вас каня,
Хіба толькі сланяня.
А на флот вас узялі.
Вам служыць на караблі!
Сцёпа гонар аддае,
Сцёпа басам выдае:
– У агонь і у ваду
За Радзіму я пайду!
Вось прайшлі зіма і лета,
Надыходзіць зноў зіма.
Дзядзька Сцёпа, як ты? Дзе ты?
Хто расскажа нам пра гэта?
Ні паштоўкі, ні ліста.
Але хто там крочыць з мосту?
Да будынка 7-1
Дзядзкі Сцёпінага росту
Падыйшоў грамадзянін .
Пад абцасам снег рыпіць,
Спражка з якарам гарыць.
Форма флоцкая. Марак!
Толькі не пазнаць ніяк…
Ён праходзіць каля дома,
Нашым хлопцам незнаёмы.
Ўсім цікава паглядзець!
– Да каго спадар ідзе?
Дзядзька Сцёпа азірнуўся,
І прамовіў: – Я вярнуўся!
Адслужыў на караблі,
Адпачынак мне далі!
Прытаміўся я дарогай:
Ад зямлі адвыклі ногі.
Адпачну, перапрануся,
На канапе паляжу.
Трошкі сілы набяруся –
Сто гісторый раскажу!
Пра вайну ды пра бамбёжку,
Ды пра свой лінкор “Марат”,
Як паранены быў трошкі
У баі за Ленінград…
Хлопцы Сцёпам ганарацца,
Надта любяць пахваляцца,
Што сябруюць з дзядзькам Сцёпам –
Высачэзным мараком!
Ён дахаты паспяшае.
– Як жывеш?- дзятва гукае.
І завуць Сцяпана-“бакшту”
Дзядзькам Сцёпам – “Маяком”.
С.Міхалкоў. Пераклад Алены Церашковай