ЯК ДАГАДЗІЦЬ? (паводле бірманскай казкі)

Жыць пры двары ільва пачэсна.

Ды гонар гэты небяспечны.

І фаварыта могуць з’есці –

Канец кар’еры недарэчны

Для ўсіх: няверных,  непакорных,

І тых, хто быў заўсёды за.

Паклікаў  леў сваіх прыдворных –

Мядзведзя, малпу ды труса.

Сцябнуў хвастом, прымружыў вочы.

Бліснулі іклы як нажы.

Кагосьці, пэўна, з’есці хоча.

І кожны за сабе дрыжыць.

А льву патрэбная нагода,

Каб небараку разадраць.

Такая , бачыце, парода –

Прыстойнасць трэба захаваць,

Тады з сумленнем будзе ў ладзе.

Ахвяру ж лёс не абміне.

–          А ну, мядзведзь, скажы папраўдзе:

Чым пахне з роту у мяне?

Мядзведзь панюхаў… Ну і пашча!

Ад паху выверне і нашча!

І вываліў усё як есць:

–          Смярдзіць выключна, ваша мосць!

Цар-леў  зароў: – Узвесці хочаш

Паклёп? – і скочыў проста з крэсла.

Вось так мядзведзь кар’еру скончыў.

А ўсе падумалі: пранесла.

Але царам заўсёды мала.

У іх сумлення – ані звання.

–          Ах, малпа! Што бы ты сказала

Пра чысціню майго дыхання?

Мядзведзяў прыклад красамоўны…

І малпачка прагнула спіну:

–          Ах, ваша  мосць! Той пах чароўны,

Нібыта ружы з апельсінам!

–          Мяне хацела ў зман ты ўвесці,

Дык атрымаеш пакаранне!

Ва ўсіх драпежнікаў у лесе

Заўжды смярдзючае дыханне!

Даеў леў малпу, аблізнуўся.

І раптам да труса звярнуўся:

–          А ты што скажаш, шарачок?

Сядзіш, трасешся, ды маўчок?

Што скажаш пра маё дыханне?

І леў прымружыўся ў чаканні.

Які адказ тут можа быць?

Ні так, ні сяк не дагадзіць…

Ды трус на выдумкі мастак.

І адказаў цару ён так:

–          Я зранку ў росах намачыўся.

Да вас спяшаўся й застудзіўся.

І зараз вам прызнацца мушу:

Заклала нос, заткнула вушы!

Няхай мне ваша мосць даруе,

Ды пахаў я зусім не чую.

Хоць трохі сумняваўся леў,

А ўсё ж такі труса не з’еў.

Таму, хто дружыць з галавою,

Бывае й насмарк на здароўе.

АЛЕ ЖЫЦЦЁВЫ ДОСВЕД ПАДКАЗВАЕ НАМ ІНШЫ КАНЕЦ ГЭТАЙ ГІСТОРЫІ.

Цар леў спагадліва ўздыхнуў

І небараку праглынуў.

Бо, ўрэшце, цар любой пароды

Задраць вас можа й без нагоды.

Алена Церашкова

Advertisements
This entry was posted in Вершы, казкі, Uncategorized and tagged , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s