КАЗКА ПРА ГАДЗІННІК

Аднойчы Мсціслаўка пачуў дзіўную размову паміж мамай і татам.

– Трэба занесці гадзіннік у майстэрню, – казаў тата. – Бо ён ізноў спазняецца!

– А мой нешта пачаў прыспешваць, – адгукнулася маці. – А той, што табе на працы падарылі, увогуле стаў!

І мама прыклала да вуха бліскучы наручны гадзіннік на шырокім бранзалеце.

– Маўчыць! – і паклала гадзіннік у шуфляду стала.

  Мсціслаўку дзіўна было чуць, што пра гадзіннік гавораць нібы пра чалавека – маўчыць! Як толькі мама выйшла з пакоя, хлопчык адразу падбег да стала, прыадчыніў шуфляду і схапіў гадзіннік. Прыклаў да вуха, прыслухаўся, але знаёмага “цік-цік!” не пачуў. “Сапраўды маўчыць!” – адзначыў Мсціслаўка.- “Можа, стаміўся ды спіць? Тады хай адпачывае!”

  Увечары, лежачы ў ложку, Мсціслаўка ўвесь час думаў пра гадзіннік. Дачакаўшыся, каб мама пацалавала яго і пайшла з пакоя, хлопец саскочыў з ложка і падбег да стала. Гадзіннік ціха ляжаў у шуфлядзе.

– Мусіць, табе самотна тут, – прашаптаў хлопчык. – Давай я вазьму цябе да сабе ў ложак!

  Гадзіннік маўчкі пагадзіўся. Мсціслаўка асцярожненька паклаў яго на край падушкі і падсунуўся бліжэй. Шкельца гадзінніка таямніча блішчэла,. Хлопчык пачаў засынаць, але раптам пачуў каля самога вуха ледзьве чутнае: “Цік-цік! Спі-спі!” Мсціслаўка ўтаропіўся на гадзіннік, і яму падалося, што той ціха пасміхаецца ў бліскучыя стрэлкі-вусы!

– Ты ўмееш гаварыць? – ціха, каб не пачулібацькі, запытаўся Мсціслаўка.

“Так-так!”- адказаў гадзіннік і зноўку пасміхнуўся.

– Дык ты, мусіць, жывы? – Мсціслаўка ніколі не чуў пра жывыя гадзіннікі, таму адчуў сабе няўпэўнена. – А можа, ты – чароўны?

“Так-так!”- падцвердзіў гадзіннік.

  Мсціслаўка не ведаў, ці верыць чутаму. Што ні кажы, а далёка не кожны дзень з табой пачынаюць размаўляць гадзіннікі! Але гадзіннік сапраўды быў чароўны, таму лёгка адгадаў хлапцовы думкі.

“Так-так! Мы, гадзіннікі, зусім няпростыя! Мы служым людзям тысячы год! Калі хочаш, я распавядутабе, адкуль на зямлі пайшлі гадзіннікі…”

Вядома ж, Мсціслаўка хацеў! Ён пасунуўся да самага бліскучага шкельца, каб не прапусціць ніводнага слова. І гадзіннік пачаў: “У старыя часы…”

    У старыя часы, калі людзей на зямлі было так мала, што жылі яны ўсе побач і добра адно аднога ведалі, ніхто не меў патрэбы ў гадзінніку. Людзі проста не ведалі, што гэта такое, а час вызначалі па сонцы, месяцы ды зорах.  Жылі тады людзі ў тых землях, дзе сонца бывае штодня з ранку і да вечара, а дождж калі-некалі пырсне, але адразу ж збягае прэч. Жылі людзі, не сумавалі. Штодня адно аднога бачылі, нікуды не спяшаліся. А калі прызначалі сустрэчу ці агульны сход, дык глядзелі на неба і ведалі, ці ўжо час настаў.

   Але неўзабаве людзей стала больш. Рассяліліся яны далека ад магіл продкаў. Некаторыя апынуліся і ў халодных землях, дзе сонца можа за тыдзень ніводнага раза на небе не паказацца. І сталі людзі пакутваць ад таго, што не ведалі дакладна, колькі часу. Цяжка было дамовіцца аб сустрэчы ці прызначыць талаку – нехта прыбягаў зранку, на досвітку, іншы прыцягваўся пасля абеду. А што зробіш? Калі на небе аблокі, не надта падкажа сонца, колькі часу!

  А ў тыя часы жыў у тых мясцінах мудры чараўнік. Бачыў ён, як цяжка людзям бывае паразумецца, і аднойчы вырашыў ім дапамагчы. Думаў чараўнік тыдзень, думаў другі, і нарэшце прыдумаў. Стварыў ён адмысловую істоту і назваў яе гадзіннікам. Мусіла гэтая істота хадзіць па гарадох ды мястэчках, і ў кожным з іх з’яўлялася ў азначаны час. І кожны жыхар, калі бачыў гадзіннік, ведаў, якая гадзіна надышла. Хадзілі гадзіннікі кругам, і кожны меў тэрыторыю значную – дванаццаць паселішчаў. І двойчы на суткі бываў у кожным з іх.

Навучыў чараўнік свае гадзіннікі і гаварыць. Хадзілі яны нястомна ды ўвесь час прыгаворвалі: “Цік-так!” Так людзі нават у цемры ведалі: гадзіннік ідзе!

Але лёс вандроўніка складаны, і часам нават знаёмы шлях падкідваў гадзіннікам нечаканасці. Здаралася, што ў нейкае мястэчка гадзіннік не паспяваў патрапіць у час, а ў іншае ляцеў з усіх ног і трапляў раней, чым было дамоўлена. І тады маглі здарыцца розныя непрыемнасці: зраваліся сустрэчы, людзі спазняліся на працу ці на спатканне, прапускалі абед… Дый ці мала яшчэ розных непрыемнасцяў можа напаткаць чалавека, калі ён не ведае дакладна, колькі часу! Людзі злавалі, і , сустрэўшы чараўніка, наракалі: “То спазняецца твой гадзіннік, то спяшаецца!” Альбо ўвогуле абураліся: “Твой гадзіннік маніць!”

Чараўнік цярпеў-цярпеў гэтыя напады, ды аднойчы не вытрываў.

– Кепска ходзяць мае гадзіннікі? Ніяк вам не дагодзяць? З гэтай хвіліны стануць мае гадзіннікі хадзіць добра, але ніводзін з іх сам з месца не кранецца!

  Узмахнуў чараўнік сваёй чароўнай палачкай, і ў той самы момант сталі гадзіннікі такімі, як вы ведаеце іх сёння. З’явіліся ў іх лічбы і стрэлкі, і стрэлкі рупліва пабеглі кругам, ад адной лічбы да другой, А самі гадзіннікі ўжо ніколі не маглі нават крануцца з месца. І толькі ціхенька мармыталі:”Цік-так!”

  Людзі сталі ставіць гадзіннікі ў хаце, вешаць на сцяну, насіць у кішэні ці на руцэ. І кожны, хто глядзеў на лічбы ды стрэлкі, ведаў, колькі зараз часу.

  Але калі стрэлкі раптам пачыналі паказваць час недакладна, людзі па старой звычцы казалі, што гадзіннік прыспешвае ці спазняецца, стаіць альбо маніць. А прыклаўшы гадзіннік да вуха і пачуўшы знаёмае ”Цік-так!”, задаволена казалі:”Ідзе!”

   Раніцай мама ўбачыла ў сынавым ложку гадзіннік. Прыклала яго да вуха і пачула:”Цік-цік!”

– Ізноў ідзе! – здзівілася яна. А Мсціслаўка расплюшчыў вочы і сказаў:”Ён спыняўся каб крыху адпачыць. А зараз адпачыў – і пайшоў далей!”

  Мама засмяялася, пацалавала хлопчыка і паклікала снедаць. А гадзіннік тата надзеў на руку і пайшоў з ім на працу.

 

Advertisements
This entry was posted in казкі and tagged , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s