Вокны ў мозг 6. Язык. Частка першая – казачная

Язык-балбатун.

Жыў-быў у роце язык. Вялікі, ружовы. Як спачываў, дык увесь рот займаў. І быў той язык надзвычай ганарысты. Вырашыў аднойчы, што ён над усімі галоўны, бо ніхто лепей за яго прамовы казаць не ўмее. І з таго часу стаў балбатаць несупынна. Не паспее галава зранку вочы прадзерці, а язык ужо мянташыць ва ўсю. Што вочы пабачаць, што вушы пачуюць – усяму свету пераказвае. Горла, вусны ды зубы спрабавалі ўшчуваць яго:

–      Дай адпачыць, балабол! Каб ты прамаўляць мог, нам усім працаваць даводзіцца!

–      Я і без вас спраўлюся. Я ў гэтай справе галоўны. Нездарма кажуць людзі: язык без касцей, што хоча – тое і лапоча!

І даводзілася ўсім з балбатлівасцю ягонай мірыцца. Але язык той да таго ж быў адметны ласун. Кіслае, салёнае ды горкае ён зусім не любіў. Як лізне што-небудзь такое, адразу галаве крычыць:

–      Ай-я-яй! Болей сліны давай!

Галава слінным залозам камандуе сліну гнаць, каб язык адмыць, а язык горкую ці кіслую сліну глытаць не хоча, крычыць:

–      Вусны, плюйцеся! – і разам з вуснамі адплёўваецца, бы той вярблюд.

Адмыецца,адплюецца – і давай балбатаць, як яму нясмачна было. Тут ужо ўсім дастаецца: і нагам, што ў краму хадзілі, і рукам, што гатавалі, і вачам, што пазіралі! А найбольш – галаве, што кепска кіруе і інтарэсы языка ігнаруе.

А замаўкаў язык, толькі калі салодкае ў рот трапляла. Цукерку мог гадзінамі па роце ганяць. Зубы просяць:

– Дай нам яблык згрызці! Мы ад цукра ліпкія сталі!

– Кіслы ваш яблык! – агрызаецца язык.- Цукерку грызіце!

– Мяса дай з’есці! –  страўнік просіць. – у цягліцах моцы няма!

– Я сам – цягліца! –гыркае язык, – Мне моцы хапае!                         н

Так і йшло дзень за днём, пакуль аднаго дня горла не асіпла. Можа, вецер напярэдадні быў халодны, а можа, язык да марожанага дарваўся, невядома. Толькі зранку балбатун прамаўляць сабраўся – а з роту адно шэпт чуваць.

–      Грамчэй! – загадвае язык.

–      Балюча мне! – плача горла, – звязкі мае апухлі, ім і шаптаць цяжка!

–      Грамчэй, я сказаў! – язык і чуць нічога не хоча.

Трывала галава, трывала, ды бачыць – далей трываць няма куды. Узяла дый загадала сама, без языковай каманды:

–      А ну, вусны ды зубы, замкніце язык у роце!

А тыя і радыя! Закрыўся рот, апынуўся язык у вязніцы. Давай аб зубы біцца, ды куды там! А з закрытым ротам не многа ты нагаворыш. Горла звязкі аслабаніла і нават мычэць не збіраецца.

Звёўся язык без балбатні. На што заўгодна  гатовы, абы адпусцілі на волю. А тут галава і кажа:

–      Язык, а язык, даць таблетку пасмактаць?

–      Дык яна ж горкая! – спалохаўся язык.

–      Затое горлу лягчэй будзе! – адказвае галава. – А яшчэ лімон трэба з’есці.

–      Лімон кіслы! – плача язык.

–      Затое ў ім вітаміны! – настойвае галава. – А потым, так ужо і быць, пап’еш малака з мёдам.

На ўсё пагадзіўся язык. І горкую таблетку з’еў, і кіслы лімон. Пасля малака з мёдам павесялеў, хацеў зноў прамаўляць на ўвесь голас, ды галава не дала.

–      Маўчы, балбатун, пакуль горла акрыяе. Бо зноў за зубы патрапіш!

Зразумеў язык, хто насамрэч галоўны. І хоць балбатаць ён па-ранейшаму любіў, дый ласуном застаўся, але галавой больш не камандваў.

Язык пазнае не толькі смак, але і тэмпературу ежы, ім можна абмацаць паверхню і пазнаць, наколькі гладкая. У коткі і яе сваякоў язык працуе як расчоска – рагавыя кручочкі на ім вычэсваюць поўсць.  Жабкі палююць, выстрэльваючы ў муху доўгім ліпкім языком. А сабакі і ваўкі высоўваюць язык і пыхцяць, каб не перагрэцца.

Алена Церашкова

Advertisements
This entry was posted in казкі, навучальныя матэрыялы and tagged , , , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s