Вокны ў мозг 5. Нос. Частка другая – навуковая

Папулярна пра ворганы пачуццяў.

Пабудова носа.

Насы ў людзей бываюць розныя: шырокія і тонкія, доўгія і курносыя. У кагосьці нос заўсёды чырвоны ці сіні, а ў кагосьці на ім высыпалі канапушкі. Але знутры нос пабудаваны прыкладна аднолькава ва ўсіх.

Пачынаецца нос ад чэрапа: да вялікай лобнай косткі прыраслі тонкія насавыя костачкі. Яны крохкія і лёгка ламаюцца, таму біць па носе небяспечна: косткі патрушчацца, нос стане крывы, і паправіць яго толькі складаная хірургічная аперацыя. А кончык носа складаецца з храсткоў. Яны могуць рухацца дзякаваць маленькім цяглічкам пад скурай: мы моршчым нос, раздзьмуваем ноздры, шмыгаем носам.

Ёсць у носе яшчэ і перагародка. Яна дзеліць насавую паражніну на правы і левы насавы ход. А на бакавых сценках косныя і храстковыя вырасты – насавыя ракавіны Дно носа – гэта дах рота, цвёрдае нёба. Правядзі языком па панябенні спераду назад. Вось такі глыбокі і нос! А за фіранкай мяккага нёба нос пераходзіць у насаглотку. Туды сцякаюць соплі, калі ты прастыў і шмыгаеш носам. Соплі раздражняюць сценку глоткі, і да насмарка далучаецца кашаль.

А на сценцы глоткі справа і злева ёсць акенцы яўстахіевых каналаў – тых самых, што вядуць за барабанную перапонку, да трох слыхавых костачак – малаточка, кавадла і страмёнка (паглядзі на схему пабудовы вуха). Гэтым шляхам з носа ў вуха могуць пралезці мікробы і выклікаць дужа непрыемную хваробу – атыт, калі баліць вуха і ў ім збіраецца гной.

Звязаная з носам і яшчэ адна хвароба, пра якую ты чуў – гаймарыт (сінусіт). На сценках насавога хода справа і злева ёсць адтуліны, якія вядуць у гаймаравы сінусы – пячоркі, што знаходзяцца ў чэрапе і прыкрытыя скуламі. Нос і сінусы высланыя слізістай абалонкай, кожная клетачка якой мае доўгія вейкі-венікі. Разам яны вмятаюць з сінусаў у нос, а з носа ў насаглотку і соплі, і мікробаў, і ўсё лішняе, што прыносіцца з паветрам. Але калі саплей багата, тонкія вейкі не спраўляюцца вымесці іх сваечасова, і мікробы пачынаюць памнажацца і баляваць у сінусах, там з’яўляецца гной. Галава робіцца цяжкая, баліць, нос не дыхае – тэрмінова трэба бегчы да доктара.

Ёсць у чэрапе і іншыя пячоркі – лобныя (пад лобнай косткай, паміж бровамі), рашоткавыя (за пераноссем) і клінавідныя (у самай сярэдзіне галавы). Іх захворванні так сама звязаныя з насмаркам і вельмі небяспечныя. Вось чаму не варта чакаць, пакуль соплі самі перастануць цекчы – хворы нос трэба лячыць.

А дзе ж у носа нюх? А ў самым версе, пад пераноссем. Там у слізістай абалонцы схаваліся клетачкі-рэцэптары. Маленькая часцінка рэчыва (духмянага ці смярдзючага) трапляе на рэцэптары-цыбулінкі, а тыя тут жа перадаюць разрад тока ў мозг. А мозг па гэтых сігналах ад розных клетачак аналізуе пах і камандуе, дыхаць глыбей (калі пах прыемны) ці заткнуць нос (калі смярдзёж невыносны).

Алена Церашкова

Працяг заўтра!

Advertisements
This entry was posted in навучальныя матэрыялы and tagged , . Bookmark the permalink.

Leave a Reply

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Change )

Connecting to %s